Перайсці да зместу

Дастоева

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дастоева, аграгарадок)
Аграгарадок
Дастоева
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1506
Насельніцтва
  • 555 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1652
Аўтамабільны код
1
СААТА
1230840015
Дастоева (Беларусь)
Дастоева
Дастоева
Дастоева (Брэсцкая вобласць)
Дастоева
Дастоева

Дасто́ева[1] (трансліт.: Dastojeva, руск.: Достоево) — аграгарадок у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Моладаўскага сельсавета. За 16 км на паўночны ўсход ад Іванава, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі.

Паводле мясцовай легенды, з сяла бралі людзей у княжацкую прыслугу, якую называлі дастойнікамі, па аналогіі з польскім dostojnik — вяльможа, прыбліжаны да ўладара (дастойны служыць уладару)[2].

На думку Алеся Мікуса, назва ад старажытнабалцкага двухасноўнага імя Das-tajas. У рэгіёне фіксуюцца назвы Калавуравічы, Манасеева, Ягмінава, паходжанне якіх даследчык таксама мяркуе ад старажытнабалцкіх імёнаў Kal-a-u-ras, Man-a-sejas, Jag-minas. Прозвішча Дастаеўскі вядомае таксама з Эйсмантаў і ў літоўскай Уцяне.[3]

На думку Аляксандра Рогалева, назва вёскі ўтворана «ад скарочанага варыянта двухасноўнага славянскага асабістага імені Дастаслаў, тыпалагічна падобнага на іншыя язычніцкія княжаскія імёны ўсходніх славян: ДастаслаўДастойДастоева (сяло) у значэнні „населены пункт, які заснаваны Дастоем і належыць яму“»[4]. Даследчыкі княжацкай антрапанімікі Літвіна і Успенскі, аднак, не даюць імя Дастаслаў сярод свецкіх княжацкіх, не даюць яны і асновы -даста-[5]. Няма імёнаў з такой асновай і ў агульным славянскім іменаслове. Таксама, скарочаная форма двухасноўнага імя ў тэорыі мела б адпаведны гіпакарыстычны суфікс[6]. Імя Дастаслаў не гістарычнае, вядома з мастацкіх твораў найноўшага часу, не можа быць грунтам гістарычнай рэканструкцыі.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]
Тройца, абраз ХVII ст. з Дастоева (Музей старажытнабеларускай культуры).

Упершыню згадана ў кнізе данін: «у Достоеве Васил а Еремей одинъ дымъ, а Олексей то два дымове», — калі вялікі князь Казімір надаў гэтых людзей князю Юрыю Сямёнавічу, то-бок да 1457 года[7].

У 1506 годзе пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч надаў Палкоцічы і два дварышчы ў Дастоеве, паміж Пінай і Ясельдай, свайму баярыну Данілу Іртышчу (Ірцішчавічу). Ад Дастоева ўтварылася прозвішча нашчадкаў Данілы — шляхецкага роду Дастаеўскіх, якія да сярэдзіны XVIII ст. валодалі сялом.

Дастоевым валодаў ураднік пінскі Сасін Дастаеўскі, потым падчашы менскі Бенядзікт Дастаеўскі. У XVI ст. пры Сямёне Дастаеўскім пабудавана Сімяонаўская царква (не захавалася). Пасля Уставы на валокі 1557 года — шляхецкае ўладанне. У канцы XVI стагоддзя ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У 1648 годзе падчас казацкай вайны сяляне з казакамі разграмілі маёнтак Рамана Дастаеўскага, сына Бенядзікта. Потым войскі ВКЛ жорстка расправілася з паўстанцамі. На ўскраіне вёскі захаваліся могілкі, якія ў памяць тых падзей у народзе называюць «казацкімі».

Да 1754 года Дастаеўскія страцілі радавое Дастоева, маёнтак належаў Стравінскім, Чапліцам, князям Гедройцам і з пачатку XIX ст. — Ордам. Галоўны ўезд у маёнтак у 1754 годзе быў аформлены манументальнай двух’яруснай брамай, якая нагадвала замкавыя вежы. У яе ніжнім ярусе па баках ад праезду размяшчаліся службовыя памяшканні, на верхнім — вялікая зала, абкружаная адкрытай балюстраднай галерэяй. Вянчаў браму высокі гонтавы шацёр. У маёнтку былі калодзеж, вялікі драўляны дом, хлявы, канюшні, павеці, гумны, адрыны, свірны, бровар, дзе варылі піва, квас, гналі гарэлку. Маёнтак меў значныя зямельныя надзелы, 2 вялікія сады, рыбныя сажалкі, млын, карчму і шынок.

У канцы XVIII стагоддзя пры князях Гедройцах на месцы старажытнага храма, які згарэў, пабудавана Ільінская царква (разбурана ў 1970).

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У пачатку XIX стагоддзя ў Парэцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1835 годзе маёнтак Гедройцаў перайшоў у казну, потым быў куплены Вітольдам Ордай з суседніх Навашыц і перайшоў яго малодшаму сыну Каралю. Устаўная грамата на маёнтак Дастоева складзена 11 жніўня 1862 года, зямельны надзел складаў 14 дзесяцін 70 сажняў. Выкупны акт на маёнтак Дастоева ад 25 мая 1865 года аб’яўлены сялянам 15 ліпеня 1865 года. Згодна з актам у Дастоева 206 рэвізскіх душ, 197 двароў. У 1870 годзе сяло ў складзе Дастоеўскай сельскай грамады, 263 рэвізскія душы. У выкарыстанні памешчыка ў 1889 годзе было 738 дзесяцін зямлі. У 1881 годзе ў маёнтку 659 дзесяцін зямлі, 245 жыхароў, Ільінская царква, фабрыка інструментаў і сельгасмашын Якушына. У 1882 годзе існавала народнае вучылішча (16 вучняў). У 1885 годзе ў сяле Дастоеў дзейнічала праваслаўная царква. У 1897 годзе працавалі прыходская царква, хлебазапасны магазін, крама, піцейны дом. Побач з сялом знаходзіліся дзве сядзібы пад той жа назвай. Першая пабудавана на царкоўнай зямлі; другая належала Вітольду Орду. Пры царкве дзейнічала прыходская школа.

Царква ў Дастоеве. З. Глогер, 1905

У 1915—1918 гадах акупіравана германскімі, з 1919 года польскімі войскамі.

З 1921 года ў складзе Польшчы. У 1924 годзе ў Парэцкай гміне Пінскага павета Палескага ваяводства. У 1920-я гады працаваў кааператыў «Прадуктовы». Паблізу в. Дастоева знаходзіўся маёнтак Дастоева і в. Вулька-Дастоеўская з маёнткам і хутарам пад той жа назвай.

З 1939 года ў БССР. У 1940 годзе вёска ў Застружскім сельсавеце Іванаўскага раёна Пінскай вобласці, 15 красавіка 1940 года быў арганізаваны калгас «Чырвоная зорка» (потым «Чырвоная звязда»), У савецка-фінляндскую вайну 1939—1940 гадоў загінулі 2 жыхары вёскі.

У Другую сусветную вайну ў 1941—1944 гадах вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна». За час вайны быў спалены 101 будынак, у тым ліку 30 жылых, 71 гаспадарчы, загінулі 52 мірныя жыхары — ахвяры тэрору, не вярнуліся з фронту ці прапалі без вестак 46 жыхароў. На ўшанаванне памяці 143 жыхароў вёсак Дастоева, Вулька-Дастоеўская, Заруддзе, Застрожжа, Красіеўка ў 1969 годзе пастаўлены абеліск.

У 1954 годзе пабудаваны будынак сярэдняй школы, у 1961 годзе — 333 вучні. У 1950-я гады дзейнічала хата-чытальня (у 1956 годзе кніжны фонд 1600 кніг, 300 чытачоў). З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. З 1957 года цэнтр Дастоеўскага сельсавета. З 25 снежня 1962 года ў Драгічынскім, з 6 студзеня 1965 года ў Іванаўскім раёнах.

У 1984 годзе ўстаноўлены помнік на магіле Мікалая Якушчыка, які загінуў у Афганістане. З 2003 года ў СВК «Дастоева». Размешчаны кансервавы завод, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя школа, дзіцячы сад, аптэка, медпункт, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, філіял ашчаднага банка, 4 магазіны. У вёсцы створаны школьны музей Ф. М. Дастаеўскага; у 1990-я г. каля школы, якая носіць яго імя, устаноўлены помнік. У 1996 годзе пабудавана новая царква на ахвяраванні грамадзян і сродкі калгаса «Чырвоная звязда».

З 2013 года ў складзе Моладаўскага сельсавета[8].

  • 1885 год — 50 двароў, 544 жыхары.
  • 1897 год — 84 двары, 705 жыхароў; сядзіба на царкоўнай зямлі — 1 двор, З жыхары; сядзіба Орды — 1 двор, 4 жыхары.
  • 1909 год — 686 жыхароў, 128 двароў; у маёнтку — 10 жыхароў, 1 двор.
  • 1924 год — 124 будынкі, 692 жыхары, з іх 674 праваслаўныя.
  • 1929 год — 546 жыхароў.
  • 1940 год — 151 двор, 905 жыхароў.
  • 1959 год — 923 жыхары.
  • 1971 год — 241 двор, 988 жыхароў.
  • 1993 год − 297 двароў, 806 жыхароў.
  • 1997 год — 295 двароў, 748 жыхароў.
  • 2005 год — 254 гаспадаркі, 591 жыхар.
Помнік Ф. М. Дастаеўскаму

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
Сядзіба

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Волгин И. Л. Хроника рода Достоевских. Родные и близкие: Историко-биографические очерки. — М., 2012. — С. 15.
  3. Алесь Мікус. Вітаўты і Вітарты: Двухасноўныя імёны старабалцкага тыпу на ўсходзе. — М., 2025. — С. 221.
  4. Рогалеў А. Ф. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). — Гомель, 2008. — С. 79.
  5. Литвина, Успенский 2006.
  6. Литвина, Успенский 2006, p. 62.
  7. РИБ. Т. 27. — СПб., 1910. — Стб. 94.
  8. Решение Брестского областного Совета депутатов от 26.06.2013 № 287 «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Ивановского района Брестской области»