Джалуіт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джалуіт
марш. Jālwōj, англ. Jaluit
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча11,34 км²
Найвышэйшы пункт5 м
Насельніцтва1 788 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва157,67 чал./км²
Размяшчэнне
6°00′ пн. ш. 169°34′ у. д.HGЯO
АрхіпелагМаршалавы Астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Джалуіт (Маршалавы Астравы)
Джалуіт
Джалуіт
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Джалуіт (англ.: Jaluit, маршал.: Jālwōj) — атол на поўдні Маршалавых Астравоў. Плошча сушы — 11,34 км². Насельніцтва (2011 г.) — 1788 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Джалуіт — тыповы каралавы атол, размешчаны на вяршыні старажытнага падводнага вулкана. Знаходзіцца ў 228 км на паўднёвы захад ад Маджура, сталіцы Маршалавых Астравоў. Асноўную тэрыторыю атола займае лагуна (57 км у даўжыню, 32 км у шырыню, плошча 689,74 км²), вакол якой працягнуўся каралавы рыф з 84 астраўкамі. Існуе некалькі глыбокіх, але вузкіх праліваў, якія злучаюць лагуну з акіянам і дазваляюць уваход марскім суднам.

Клімат экватарыяльны пасатны. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ад +26 °C да +30 °C.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

На некаторых астравах захаваліся ксерафітныя хмызнякі. Большую частку тэрыторыі займаюць штучныя насаджэнні какосавай пальмы.

Фаўна сушы бедная — птушкі, яшчаркі, пацукі, крабы.

Частка лагуны з'яўляецца запаведнікам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці Джалуіт быў населены мікранезійцамі. Да прыходу еўрапейцаў тубыльцы падзяляліся на 3 супольнасці, якія ўзначальваліся спадчыннымі вярхоўнымі правадырамі іраіджлаплап. Вярхоўным правадырам падпарадкоўваліся родавыя старэйшыны алаб і падданыя каджур або дрыджэрбал. Карэнныя насельнікі вырошчвалі какосавую пальму, бананы, хлебнае дрэва і тара. Зямля перадавалася ў спадчыну па лініі маці, прычым простыя абшчыннікі мелі на яе вельмі абмежаваныя правы. Важнымі заняткамі з'яўляліся рыбалоўства і паляванне на чарапах. Пра багатыя марскія рэсурсы сведчыць сама маршальская назва атола (Jālwōj, літаральна "месца, дзе ёсць мяса").

У 1809 г. Джалуіт быў адкрыты брытанскім гандлёвым суднам. У 1824 г. яго наведала французская навуковая экспедыцыя. З 1860 г. актыўна развіваўся гандаль копрай, джалуітцы ўцягваліся ў грашовую гаспадарку. Тут працаваў шэраг гандлёвых станцый, якія таксама абслугоўвалі іншыя Маршалавы Астравы. У 1878 г. чарнаскуры амерыканец Том Тылтан нават адчыніў на атоле гасцініцу для мараплаўцаў. Вярхоўны правадыр Джалуіта, Кабуа, распаўсюдзіў сваю ўладу на суседнія атолы. Адмоўным бокам кантактаў з еўрапейцамі стаў вываз таннай працоўнай сілы, што прывяло да памяншэння колькасці насельніцтва. У 1885 г. нямецкія гандляры здолелі падпісаць з мясцовымі правадырамі дагавор аб усталяванні пратэктарата Германіі. У 1888 г. была створана Джалуіцкая кампанія, якая вяла актыўны гандаль ва ўсёй Акіяніі.

У 1914 - 1944 гг. Джалуіт знаходзіўся пад кантролем Японіі. Тут быў пабудаваны адміністрацыйны цэнтр, дзе жылі японскія грамадзяне. Праводзілася палітыка сегрэгацыі мясцовага насельніцтва. Маршальцам забаранялася вучыцца разам з японцамі, займаць адміністрацыйныя пасады, былі абмежаваны правы на лоў рыбы. Разам з гэтым, японцы мала ўмешваліся ва ўнутраныя справы абшчын, захавалі традыцыйную сацыяльную сістэму, будавалі новыя школы і шпіталі.

У 1945 г. Джалуіт перайшоў пад кантроль ЗША. У 1960-ыя гг. у сувязі з праграмай развіцця сельскай гаспадаркі на атоле з суседняга вострава Кілі былі перавезены некалькі сем'яў выхадцаў з Бікіні. Аднак большую частку насаджэнняў какосавай пальмы загубіў ураган.

У 1986 г. атол Джалуіт увайшоў у склад Рэспублікі Маршалавы Астравы.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам насельніцтва з'яўляецца прамысловае вырошчванне какосавай пальмы. Многія тубыльцы працуюць на іншаземных рыбалоўных і гандлёвых суднах. Прыкладаюцца намаганні для развіцця турызму. На атоле працуе сучасны аэрапорт. Маецца школа для маракоў.

Знакамітыя выхадцы[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]