Джон Літаў
Джон Літаў | |
---|---|
Род дзейнасці | кнігадрукар |
Дата нараджэння | невядома |
Джон Лі́таў (па-англійску: John Lettou; XV стагоддзе) — адзін з англійскіх першадрукароў, заснавальнік друкарні ў Лондане.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Пра ранняе жыццё амаль нічога невядома. Мянушка Літаў паказвае на яго замежнае паходжанне. Пры ўмове, што Lettou — гэта старажытнаанглійская назва Літвы, ён быў ураджэнцам ВКЛ. У гэтым выпадку, па-беларуску яго імя гучыць як Ян (Іван) Літвін. Але англійскі даследчык Эдвард Говард Даф у сваёй кніжцы "Першадрукі" (Early Printed Books) сцвярджае, што кнігі Джона Літаў вельмі падобныя да тых, што ў свой час надрукаваў Мацей Мараўскі, які дзейнічаў у Неапалі. Аднак у іншай сваёй кніжцы "Пачаткі кнігадрукавання ў Англіі" (Early English printing), Даф адзначае аднолькавасць манеры друку (за выключэннем некаторых вялікіх літараў) Джона Літоў і Яганэса Брэмера "Булле", які ў 1478 і 1479 г. надрукаваў дзве кнігі ў Рыме.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1480 г. распачаў сваю друкарскую дзейнасць у Лондане. Першай з яго друку выйшла індульгенцыя Джона Кейдала ўдзельнікам змагання з туркамі. Першай кнігай, якую ён надрукаваў, была "Quaestiones Antonii Andreae super duodecim libros metaphysicae Aristotelis" (1480), другой — "Thomas Wallensis super Psalterum" (1481). Абедзве кнігі былі выдадзены на сродкі Уільяма Уілкака, пра якога нічога невядома, акрамя таго, што ў 1487 г. ён жыў у Лондысэлі. Стыль, які ўжываў Джон Літаў, пасля быў запазычаны Уільямам Кэкстанам. Акрамя гэтага, Літаў першы ў Англіі пачаў выкарыстоўваць напісанне тэксту ў дзве калонкі.
Трохі пазней да Літаў далучыўся Уільям дэ Манчлія (верагодна, з гораду Мішлен у Бельгіі). У асноўным яны друкавалі зборнікі законаў, але невядома, ці быў гэта ўрадавы заказ. Толькі адна з вядомых пяці іх кніг (Tenores Novelli) мае выхадныя дадзеныя, але ніводная не мае даты выдання. Паводле калафона, друкарня размяшчалася ў Лондане, "juxta ecclesiam omnium sanctorum" (каля касцёла Усіх Святых), але, паколькі такіх касцёлаў было шмат, вызначыць дакладнае месца немагчыма. Пасля выдання гэтых пяці кніг імя Літаў больш не ўзгадваецца. У 1483 г. Уільям дэ Манчлія заснаваў уласную друкарню.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- A Short History of EnglishPrinting, 1476-1898 by Plomer, Henry R.
- Early English Printing By Edward Gordon Duff