Перайсці да зместу

Джэймс Кук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джэймс Кук
англ.: James Cook
Партрэт Дж. Кука, 25 мая 1776 года. Мастак Натаніэл Дэнс
Род дзейнасці падарожнік-даследчык, картограф, ваенна-марскі афіцэр, мараплавец, батанік
Дата нараджэння 27 кастрычніка
Месца нараджэння
Дата смерці 14 лютага
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька James Cook[d]
Маці Grace Pace[d]
Жонка Elizabeth Cook[d]
Дзеці James Cook[d], Nathaniel Cook[d], Elizabeth Cook[d], Joseph Cook[d], George Cook[d] і Hugh Cook[d]
Член у
Узнагароды і прэміі

член Лонданскага каралеўскага таварыства[d]

медаль Коплі

Асоба нацыянальнай гістарычнай значнасці[d]

Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Джэймс Кук (англ.: James Cook, 27 кастрычніка 172814 лютага 1779) — брытанскі першаадкрывальнік і навігатар. Ён здзейсніў тры вандраванні ў Ціхім акіяне і стаў першым еўрапейцам, які даследаваў большую частку яго ўзбярэжжа. Кук адкрыў Гаваі і шматлікія іншыя астравы, акрамя таго, ён першым абыйшоў вакол Новай Зеландыі. Кук таксама быў і картографам. У пошуках паўночнага марскога праходу з Ціхага акіяна ў Атлантычны ён даследаваў частку ўзбярэжжа Аляскі. Ягоным імем названы заліў Кука на Алясцы, у горадзе Анкарыдж усталяваны помнік Куку. Дзякуючы асаблівай увазе, якую Кук надаваў картаграфіі, многія са складзеных ім мапаў па сваёй дакладнасці і акуратнасці не былі перасягнутыя на працягу многіх дзесяцігоддзяў і служылі мараплаўцам аж да другой паловы XIX стагоддзя.

Кук быў шырока вядомы сваім памяркоўным і сяброўскім стаўленнем да карэнных жыхароў наведаных ім тэрыторый. Ён здзейсніў своеасаблівую рэвалюцыю ў мараплаўстве, навучыўшыся паспяхова змагацца з такой небяспечнай і шырока распаўсюджанай у той час хваробай, як цынга. Смяротнасць ад яе падчас яго плаванняў практычна была зведзена да нуля. У яго падарожжах прымала ўдзел цэлая плеяда знакамітых мараплаўцаў і даследчыкаў, як то Джозеф Бэнкс, Вільям Блай, Джордж Ванкувер, Джордж Дыксан, Іаган Рэйнгальд і Георг Форстэр.

Кук быў забіты на Гаваях падчас свайго трэцяга падарожжа ў Ціхі акіян у 1779 годзе. Ён пакінуў пасля сябе спадчыну навуковых і геаграфічных ведаў, якія паўплывалі на яго пераемнікаў, аб чым сведчаць шматлікія помнікі, якія былі прысвечаныя яму. Тым не менш, яго роля ў адкрыцці раёнаў Ціхага акіяна, каланізацыі і наступнага ўздзеяння на карэнныя народы была прадметам палітычнай і навуковай дыскусіі.

Джэймс Кук нарадзіўся 27 кастрычніка 1728 года ў вёсцы Мартан (Паўднёвы Ёркшыр). У яго бацькі, беднага шатландскага парабка, акрамя Джэймса было чатыры дзіцяці. У 1736 годзе сям'я пераязджае ў вёску Грэйт Айтан, тут Кука аддаюць у мясцовую школу (ператвораную цяпер у музей). Пасля пяці гадоў вучобы Джэймс Кук пачынае працаваць на ферме пад наглядам свайго бацькі, які атрымаў на той час пасаду кіраўнічага. Ва ўзросце васемнаццаці гадоў ён наймаецца юнгай на вугальшчык «Геркулес». Так пачынаецца марское жыццё Джэймса Кука.

Пачатак кар'еры

[правіць | правіць зыходнік]

Кук пачаў кар'еру марака простым юнгай на гандлёвым брыгу-вугальшчыку «Геркулес», які належаў суднаўладальнікам Джону і Генры Уокерам, на маршруце Лондан — Ньюкасл. Праз два гады быў пераведзены на іншае судна Уокераў — «Тры браты». Вядомае сведчанне сяброў Уокераў пра тое, як шмат часу Кук бавіў за кнігамі. Вольны ад працы час ён прысвячаў вывучэнню геаграфіі, навігацыі, матэматыкі, астраноміі, таксама яго цікавілі апісанні марскіх экспедыцый. Вядома, што Кук пакінуў Уокераў на два гады, якія правёў на Балтыцы і ля ўсходняга ўзбярэжжа Англіі, аднак вярнуўся па просьбе братоў памочнікам капітана на «Фрэндшып». Праз тры гады, у 1755 годзе, Уокеры прапанавалі яму прыняць камандаванне над «Фрэндшып», аднак Кук адмовіўся. Замест гэтага 17 чэрвеня 1755 года ён запісаўся матросам у Каралеўскі ваенна-марскі флот і праз 8 дзён атрымаў прызначэнне на 60-гарматны карабель «Ігл». Гэты факт у яго біяграфіі прыводзіць у здзіўленне некаторых даследчыкаў — невядомыя прычыны, па якіх Кук аддаў перавагу цяжкай матроскай працы перад пасадай капітана ў гандлёвым флоце. Але ўжо праз месяц пасля паступлення Кук становіцца боцманам.

Неўзабаве пачалася Сямігадовая вайна (1756). «Ігл» удзельнічаў у блакадзе ўзбярэжжа Францыі. Вядома таксама, што ў траўні 1757 ля вострава Уэссан «Ігл» уступіў у бой з французскім караблём «Герцаг Аквітанскі» (водазмяшчэнне 1500 тон, 50 гармат). У ходзе пераследу і бою «Герцаг Аквітанскі» быў захоплены. «Ігл» у тым баі атрымаў пашкоджанні і быў вымушаны адправіцца на рамонт у Англію. Па двухгадовым стажы, у 1757 годзе, Джэймс Кук паспяхова вытрымаў экзамен на майстра (англ.: Sailing Master), а 27 кастрычніка атрымаў прызначэнне на карабель «Салебей» пад камандаваннем капітана Крэйга. Куку было на гэты час дваццаць дзевяць гадоў. З пачаткам Сямігадовай вайны ён прызначаецца на 60-гарматны карабель «Пембрак». «Пембрак» удзельнічаў у блакадзе Біскайскага заліва, затым у лютым 1758 года быў адпраўлены да паўночнаамерыканскага ўзбярэжжа (Канада). Перад Кукам была пастаўлена найважнейшая задача, якая мела ключавое значэнне для ўзяцця Квебека, — абставіць фарватэр участка ракі Святога Лаўрэнція, каб брытанскія караблі маглі прайсці да Квебека. Дадзеная задача ўлучала ў сябе не толькі нанясенне фарватэру на карту, але і пазначэнне суднаходных участкаў ракі буямі. З аднаго боку, з-за надзвычайнай складанасці фарватэру, аб'ём працы быў вельмі вялікі, з другога — працаваць прыходзілася па начах, пад абстрэлам французскай артылерыі, адбіваючы начныя контратакі, аднаўляючы буі, якія французы паспявалі знішчыць. Паспяхова выкананая праца ўзбагаціла Кука картаграфічным вопытам, а таксама стала адной з асноўных прычын, па якіх Адміралцейства ў канчатковым выніку спыніла свой гістарычны выбар менавіта на ім. Квебек быў абложаны, потым узяты. Кук непасрэдна ў баявых дзеяннях удзелу не прымаў. Пасля ўзяцця Квебека Кук быў пераведзены майстрам на флагманскі карабель «Нартумберленд», што можна расцаніць як прафесійнае заахвочванне. Па загадзе адмірала Колвіла Кук працягваў картаграфаванне ракі Святога Лаўрэнція да 1762 года. Карты Кука былі рэкамендаваныя адміралам Колвілам да публікацыі і былі апублікаваныя ў Паўночнаамерыканскай лоцыі 1765 года. У Англію Кук вярнуўся ў лістападзе 1762 года. Неўзабаве пасля вяртання з Канады, 21 снежня 1762 года, Кук ажаніўся з Элізабэт Батс. У іх было шасцёра дзяцей: Джэймс (1763-1794), Натаніэль (1764-1781), Элізабэт (1767-1771), Джозэф (1768-1768), Джордж (1772-1772) і Х'ю (1776-1793). Сям'я пражывала ў лонданскім Іст-Эндзе. Пра жыццё Элізабэт пасля смерці Кука вядома мала. Яна пражыла пасля яго смерці яшчэ 56 гадоў і памерла ў снежні 1835 года ва ўзросце 93 гадоў.

Першае кругасветнае падарожжа (1767-1771)

[правіць | правіць зыходнік]

Мэты экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйнай мэтай экспедыцыі было даследаванне праходжання Венеры праз дыск Сонца[5]. Аднак у сакрэтных загадах, атрыманых Кукам, яму прадпісвалася неадкладна пасля завяршэння астранамічных назіранняў адпраўляцца ў паўднёвыя шыроты на пошукі так званага Паўднёвага мацерыка[5] (таксама вядомага як Terra Incognita). Калі ўлічыць, што паміж сусветнымі дзяржавамі ішла жорсткая барацьба за новыя калоніі, вельмі верагодным з’яўляецца наступнае меркаванне: астранамічныя назіранні служылі для Адміралцейства шырмай, якая прыкрывала пошук новых калоній. Таксама мэтай экспедыцыі было вызначыць берагі Аўстраліі, асабліва яе ўсходняе ўзбярэжжа, якое зусім не было даследавана.

Склад экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Можна вылучыць наступныя прычыны, якія паўплывалі на выбар Адміралцейства на карысць Кука:

  • Кук быў мараком і, такім чынам, падпарадкоўваўся Адміралцейству, якому ў якасці кіраўніка экспедыцыі патрэбен быў свой чалавек. Менавіта з гэтай прычыны Аляксандр Далрымпл, які таксама прэтэндаваў на гэтае званне, быў няўгодны Адміралцейству.
  • Кук быў не проста мараком, а мараком дасведчаным.
  • Нават сярод дасведчаных маракоў Кук вылучаўся шырокімі ведамі ў картаграфіі і навігацыі, пра што сведчыла паспяхова праведзеная праца па вымярэнні фарватэру ракі Св. Лаўрэнція. Досвед гэты быў пацверджаны непасрэдна дзеючым адміралам (Колвілам), які, рэкамендуючы працы Кука да публікацыі, ахарактарызаваў яго наступным чынам: «Ведаючы з практыкі адоранасць містэра Кука і яго здольнасці, я лічу яго досыць кваліфікаваным для працы, якую ён выканаў, і для найбуйнейшых прадпрыемстваў таго ж роду»[6].

Экспедыцыі быў выдзелены «Індэвар» — невялікае судна, якое належала да класа так званых «вугальшчыкаў» (названых так з-за таго, што караблі дадзенага класа ў асноўным выкарыстоўваліся для перавозкі вугалю), з характэрна малым асяданнем, пераабсталяванае адмыслова для экспедыцыі. Батанікамі былі Карл Соландэр і Джозаф Банкс, член Каралеўскага таварыства і будучы яго прэзідэнт, які быў да таго ж вельмі заможным чалавекам. Мастакі — Аляксандр Б'юк і Сідні Паркінсан. Астраном Грын павінен быў разам з Кукам праводзіць назіранні. Суднавым лекарам быў доктар Манкгаўз.

Ход экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

26 жніўня 1768 года «Індэвар» выйшаў з Плімута і 10 красавіка 1769 года дасягнуў берагоў Таіці. Выконваючы загады Адміралцейства, якія прадпісваюць «усімі сродкамі падтрымліваць сяброўства з тубыльцамі»[5], Кук усталяваў строгую дысцыпліну ў зносінах членаў экспедыцыі і каманды карабля з абарыгенамі. Катэгарычна забаранялася распачынаць канфлікты з мясцовымі жыхарамі, ужываць гвалт. Выпадкі парушэння гэтага загаду строга караліся. Свежыя прадукты для экспедыцыі здабываліся шляхам абмену на еўрапейскія тавары. Падобныя паводзіны англічан, няхай і прадыктаваныя асабліва прагматычнымі меркаваннямі (узбуджаць залішнюю нянавісць да сябе было проста нявыгадна), з’яўляліся па тых часах вельмі незвычайнымі — еўрапейцы, як правіла, дасягалі сваіх мэтаў з ужываннем гвалту, рабуючы і забіваючы абарыгенаў (былі таксама выпадкі беспадстаўных забойстваў). Напрыклад, Уоліс, суайчыннік Кука, які пабываў на Таіці незадоўга да яго, у адказ на адмову бясплатна забяспечваць яго карабель прадуктамі абстраляў таіцянскія вёскі з карабельнай артылерыі. Але міралюбная палітыка дала плён — з астравянінамі атрымалася ўсталяваць добрыя адносіны, без чаго назіранне за Венерай было б складаным. З мэтай забеспячэння кантролю над узбярэжжам, дзе павінны былі праводзіцца назіранні, быў збудаваны форт, які быў акружаны з трох бакоў валам, месцамі — частаколам і ровам, абаронены дзвюма гарматамі і шасцю фальканетамі, з гарнізонам з 45 чалавек. Раніцай 2 мая выявілася, што адзіны квадрант, без якога правядзенне эксперыменту было немагчыма, быў скрадзены. Да вечара таго ж дня квадрант удалося знайсці. З 7 па 9 чэрвеня каманда была занятая крэнгаваннем карабля. 9 ліпеня, незадоўга да адплыцця, дэзертыравалі салдаты марской пяхоты Клемент Уэб і Сэмюэл Гібсан. Натыкнуўшыся на нежаданне астравянінаў паспрыяць спайманню дэзертыраў, Кук захапіў у закладнікі ўсіх найбольш значных правадыроў акругі і выставіў у якасці ўмовы іх вызвалення вяртанне ўцекачоў. Правадыры былі адпушчаныя, калі пры дапамозе мясцовых жыхароў удалося вярнуць салдат на карабель. Пасля правядзення астранамічных назіранняў, Кук накіраваўся да берагоў Новай Зеландыі, узяўшы з сабой мясцовага правадыра па імю Тупія, які добра ведаў бліжэйшыя астравы і, акрамя таго, мог служыць перакладчыкам, і яго слугу Ціату. З першабытнікамі Новай Зеландыі, нягледзячы на падкрэсленую міралюбнасць англічан, не ўдалося ўсталяваць добрыя адносіны. Экспедыцыі давялося ўдзельнічаць у некалькіх сутычках, падчас якіх новазеландцы панеслі некаторыя страты. Працягваючы рухацца ўздоўж заходняга берага, Кук знайшоў бухту, вельмі зручную для якарнай стаянкі. У гэтай бухце, названай ім залівам Каралевы Шарлоты, «Індэвар» стаў на рамонт: карабель выцягнулі на бераг і зноўку праканапацілі. Тут жа, на беразе заліва Каралевы Шарлоты, было зроблена адкрыццё — падняўшыся на ўзвышша, Кук разглядзеў праліў, які падзяляе Новую Зеландыю на два востравы. Гэты праліў быў названы яго імем (праліў Кука).

У красавіку 1770 года Кук падышоў да ўсходняга берага Аўстраліі. На беразе заліва, у водах якога спыніўся «Індэвар», экспедыцыі пашчасціла знайсці шмат невядомых раней відаў раслін, таму Кук назваў гэты заліў Батанічным. З Батанічнага заліва Кук накіраваўся на паўночны захад уздоўж усходняга ўзбярэжжа Аўстраліі. 11 чэрвеня карабель сеў на мель, сур'ёзна пашкодзіўшы ашалёўку. Дзякуючы прыліву і прынятым мерам па аблягчэнні карабля (былі выкінутыя за борт запасныя часткі такелажу, баласт і гарматы) «Індэвар» атрымалася зняць з мялі. Аднак праз пашкоджаную бартавую ашалёўку карабель стала хутка заліваць вадой. З мэтай блакавання патоку вады пад прабоіну была падведзена парусіна, такім чынам паступленне забортнай вады ўдалося знізіць да прымальнага ўзроўню. Тым не менш «Індэвар» меў патрэбу ў сур'ёзным рамонце, паколькі ў цяперашнім становішчы для ўтрымання карабля ў плывучым стане патрабавалася бесперабойная праца помпавых установак, не кажучы ўжо пра тое, што працягваць плаванне з велізарнай дзіркай у борце, ледзь прыкрытай ветразем, было проста небяспечна. І Кук бярэцца за пошук месца, дзе можна было б бяспечна стаць на рамонт. Праз 6 дзён такое месца было знойдзена. «Індэвар» быў выцягнуты на бераг, прабоіны заладжаныя. Неўзабаве высветлілася, што карабель адрэзаны ад мора Вялікім Бар'ерным рыфам, такім чынам экспедыцыя апынулася замкнёнай у вузкай паласе вады паміж аўстралійскім берагам і рыфам, усланай мелямі і падводнымі скаламі. Агінаючы рыф, прыйшлося прайсці на поўнач 360 міль. Рухацца даводзілася марудна, пастаянна кідаючы лот, з трума прыходзілася без супынку адпампоўваць ваду. Да таго ж на караблі пачалася цынга. Але Кук працягваў ісці гэтым шляхам, не зважаючы на праломы, якія час ад часу ўзнікалі ў суцэльнай сцяне рыфа. Справа ў тым, што ўзбярэжжа, якое паступова аддаляецца ад Вялікага Бар'ернага рыфа, у нейкі момант магло зрабіцца недаступным для назірання з адкрытага мора, што зусім не задавальняла Кука, які жадаў трымаць аўстралійскі бераг перад вачыма. Гэтая настойлівасць прынесла плён — працягваючы рухацца паміж рыфам і берагам, Кук натрапіў на праліў паміж Новай Гвінеяй і Аўстраліяй (у той час не ведалі, з’яўляецца Новая Гвінея востравам ці часткай аўстралійскага мацерыка). Кук накіраваў карабель праз гэты праліў ў Батавію (старую назву Джакарты). У Інданэзіі на карабель пранікла малярыя. У Батавіі, куды «Індэвар» прыйшоў у пачатку студзеня, хвароба набыла характар эпідэміі. Ахвярамі малярыі сталі таксама Тупія і Ціату. Карабель быў неадкладна пастаўлены на рамонт, адразу ж пасля заканчэння якога Кук пакінуў Батавію з яе нездаровым кліматам. Аднак людзі працягвалі паміраць.

На востраве Панаітан да малярыі дадалася дызентэрыя, якая стала з гэтага моманту асноўнай прычынай смяротных зыходаў. Калі 14 сакавіка «Індэвар» уваходзіў у порт Кейптаўна, на караблі заставалася 12 чалавек, здольных працаваць. Страты ў асабовым складзе былі надзвычай вялікія, толькі на шляху з Батавіі да Кейптаўна загінула 22 члены каманды (галоўным чынам ад дызентэрыі), а таксама некалькі цывільных, у ліку якіх быў і астраном Грын. Каб зрабіць магчымым далейшае плаванне, каманда была дакамплектаваная. 12 ліпеня 1771 года экспедыцыя вярнулася ў Англію.

Вынікі першай экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная заяўленая мэта — назіранне праходжання Венеры праз дыск Сонца — была выкананая, і вынікі эксперыменту, нягледзячы на недакладнасці вымераў з прычыны недасканаласці абсталявання таго часу, былі выкарыстаныя пазней (у сукупнасці з яшчэ чатырма падобнымі назіраннямі з іншых пунктаў планеты) для цалкам дакладнага разліку адлегласці ад Зямлі да Сонца. Другая задача — адкрыццё Паўднёвага мацерыка — не была выкананая, і, як цяпер вядома, не магла быць выкананай Кукам падчас першага плавання. Паўднёвы мацярык быў адкрыты рускімі маракамі Фадэеем Белінсгаўзенам і Міхаілам Лазаравым у 1820 годзе. Экспедыцыя Кука таксама даказала, што Новая Зеландыя — гэта два самастойныя востравы, падзеленыя вузкім пралівам (пралівам Кука), а не частка невядомага мацерыка, як было прынята лічыць раней. Атрымалася нанесці на карту некалькі сотняў міль ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі, да таго часу цалкам не даследаванага. Быў адкрыты праліў паміж Аўстраліяй і Новай Гвінеяй. Батанікі сабралі вялікую калекцыю ўзораў раслін.

Другое кругасветнае плаванне (1772-1775)

[правіць | правіць зыходнік]

У 1772 годзе Адміралцейства пачало падрыхтоўку да другой экспедыцыі ў Ціхі акіян.

Мэты экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Канкрэтныя мэты, якія паставіла Адміралцейства перад другой экспедыцыяй Кука, невядомыя. Вядома толькі, што ў задачы экспедыцыі ўваходзіў працяг даследавання паўднёвых мораў. Дакладна вядома, што настойлівыя спробы Кука прасунуцца як мага далей на поўдзень мелі мэтай знайсці Паўднёвы мацярык. Наўрад ці Кук дзейнічаў падобным чынам зыходзячы толькі з асабістай ініцыятывы, таму ўяўляецца вельмі верагодным, што адкрыццё Паўднёвага мацерыка было адной з мэтаў экспедыцыі, хоць аб падобных планах Адміралцейства нічога і не вядома.

Другая экспедыцыя Кука (1772-1775) была звязана з геаграфічнымі і палітычнымі праблемамі, пастаўленымі на парадак дня на пачатковым этапе еўрапейскай экспансіі ў моры паўднёвага паўшар'я. Арганізацыя другой экспедыцыі Кука, які пасля вяртання на радзіму стаў капітанам, была звязаная з вялікай актыўнасцю, якую французы ў гэты час праявілі ў паўднёвых морах. Прынамсі, чатыры французскія экспедыцыі былі пасланыя ў канцы шасцідзесятых гадоў на пошукі Паўднёвага мацерыка. Яны звязаныя з імёнамі Бугенвіля, Сюрвіля, Марыёна дзю Фрэна, Кергелена. У французаў пошукі Паўднёвага мацерыка таксама не былі выкліканыя навуковымі інтарэсамі. Ініцыятыва зыходзіла ад купецкай французскай Ост-Індскай кампаніі, якая клапацілася, вядома, толькі пра свае ўзбагачэнні; менавіта яна падрыхтавала экспедыцыю Сюрвіля гэтак жа, як у першай палове XVIII стагоддзя — экспедыцыю Буве, пра якую згадвае Кук. Пра вынікі гэтых французскіх экспедыцый (акрамя экспедыцыі Бугенвіля) у Лондане яшчэ не ведалі і таму яшчэ больш турбаваліся. Вырашана было паслаць два караблі (французы пасылалі па 2-3 караблі разам) і паставіць на чале новай экспедыцыі капітана Кука, поспехі якога зрабілі велізарнае ўражанне ў Англіі. Адміралцейства так спяшалася з гэтай справай, што Куку далі пасля складання ім падрабязнай справаздачы аб першым падарожжы толькі тры тыдні адпачынку (у снежні 1771 года) — пасля трохгадовага плавання.

Безумоўна, Каралеўскае таварыства прыклала да гэтага сваю руку — яно лічылася напаўурадавай арганізацыяй і ўяўляла сабой магутную сілу ў грамадстве. Несумненна, пазіцыя самога Кука не была пасіўная ў гэтым пытанні: падобна ўсім вялікім першапраходцам, варта было яму спазнаць радасці і задавальненні ад пранікнення ў невядомае, і ён ніколі б не супакоіўся, пакуль зноў не ўступіў бы на гэты шлях. Несумненна, што вядучыя географы таго часу, у асаблівасці Аляксандр Далрымпл, які працягваў верыць у сваю ідэю Паўднёвага мацерыка, сталі б прыспешваць арганізацыю другой экспедыцыі. Але зразумела, што рэальна прымалі рашэнні толькі лорды Адміралцейства. Яны думалі пра магчымасць таго, што Кук і на самай справе натрапіць на міфічны Паўднёвы мацярык, або на якую-небудзь іншую краіну або востраў, не адкрытыя да гэтага часу, і далучыць іх з яго звычайнай аператыўнасцю да Брытанскай кароны; інтрыгоўная, прыемная і цалкам магчымая думка, паколькі паўднёвыя моры заставаліся ў сваёй большасці нязведанымі. Больш верагодна, што яны сказалі Куку, што не важна, у якім кірунку ён рушыць, але ён павінен адправіцца ў іншае гераічнае падарожжа дзеля адкрыццяў, якія прынясуць новыя ўшанаванні, гонар і славу яму і яго краіне, а заадно і ім, лордам Адміралцейства. У пацверджанне падобнага пункту гледжання варта заўважыць, што да другога падарожжа, самага страшнага, Кук не атрымаў спецыяльных інструкцый. Можна між іншым адзначыць, што ніхто ніколі б не распачаў такое падарожжа яшчэ раз, таму што, калі Кук скончыў яго, у высокіх шыротах паўднёвага акіяна мала што засталося адкрываць. Няма сумневу ў тым, што Кук атрымаў карт-бланш адносна таго, куды ён павінен быў плыць і што ён павінен быў рабіць.

Склад экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі кандыдатамі на пасаду начальніка экспедыцыі былі Джэймс Кук і Джозаф Банкс. Вядома, што ў ходзе падрыхтоўкі да экспедыцыі паміж Адміралцействам і Банксам паўсталі рознагалоссі, у выніку чаго Банкс адмовіўся ад удзелу ў экспедыцыі. Кіраўніком экспедыцыі зноў стаў Джэймс Кук. Для экспедыцыі вылучылі два караблі — «Рэзалюшн» водазмяшчэннем 462 тоны, якому адводзілася роля флагмана, і «Эдвэнчур», які меў водазмяшчэнне 350 тон. Капітанам на «Рэзалюшн» быў сам Кук, на «Эдвэнчуры» — Тобіяс Фюрно. Лейтэнантамі на «Рэзалюшн» былі: Джон Купер, Рычард Пікерсгіл і Чарлз Клерк. У экспедыцыі прымалі ўдзел натуралісты Ёган Рэйнхольд і Георг Форстэр (бацька і сын), астраномы Уільям Уэлс і Уільям Бэйлі, мастак Уільям Ходжас.

13 ліпеня 1772 года караблі выйшлі з Плімута. У Кейптаўне, куды прыбылі 30 кастрычніка 1772 года, да экспедыцыі далучыўся батанік Андэрс Спарман. 22 лістапада караблі пакінулі Кейптаўн, узяўшы курс на поўдзень. На працягу двух тыдняў Кук шукаў так званы востраў Абразання, — зямлю, якую ўбачыў упершыню Буве, аднак не змог дакладна вызначыць яе каардынаты. Меркавалася, што востраў знаходзіцца прыблізна ў 1700 мілях на поўдзень ад мыса Добрай Надзеі. Пошукі нічога не далі, і Кук адправіўся далей на поўдзень. 17 студзеня 1773 года караблі перасеклі (упершыню ў гісторыі) Паўднёвы палярны круг. 8 лютага 1773 года, падчас шторму, караблі апынуліся па-за межамі прамой бачнасці і страцілі адзін аднаго. Дзеянні капітанаў пасля гэтага былі наступнымі. Кук на працягу трох дзён курсіраваў, спрабуючы знайсці «Эдвэнчур». Пошукі сталіся безвыніковымі, і Кук павёў «Рэзалюшн» курсам на паўднёвы ўсход да 60-й паралелі, затым павярнуў на ўсход і заставаўся на гэтым курсе аж да 17 сакавіка. Пасля гэтага Кук узяў курс на Новую Зеландыю. 6 тыдняў экспедыцыя правяла на якарнай стаянцы ў заліве Туманны, займаючыся даследаваннямі гэтага заліва і аднаўляючы сілы, пасля чаго рушыла ў заліў Шарлоты — загадзя абмеркаваны на выпадак страты месца сустрэчы.

Фюрно рушыў да ўсходняга ўзбярэжжа вострава Тасманія з мэтай вызначыць, з’яўляецца Тасманія часткай аўстралійскага мацерыка або самастойным востравам, аднак ў гэтым ён не меў поспеху, памылкова вырашыўшы, што Тасманія — частка Аўстраліі. Затым Фюрно павёў «Эдвэнчур» да месца сустрэчы ў заліў Шарлоты. 7 чэрвеня 1773 года караблі выйшлі з заліва Шарлоты і накіраваліся на захад. Падчас зімовых месяцаў Кук хацеў заняцца даследаваннем малавывучаных раёнаў Ціхага акіяна, што прылягаюць да Новай Зеландыі. Аднак з-за абвастрэння цынгі на «Эдвэнчуры», якое было выклікана парушэннямі ўстаноўленага рэжыму харчавання, прыйшлося наведаць Таіці. На Таіці ў рацыён каманд было ўключана вялікая колькасць садавіны, такім чынам атрымалася вылечыць усіх цынготных хворых. Пасля Таіці Кук наведаў востраў Хуахіне, на якім яму ўдалося набыць каля 300 свіней. Нягледзячы на тое, што з астравянінамі і іх правадыром былі ўсталяваныя выдатныя адносіны, на гэтым востраве некаторыя члены экспедыцыі пацярпелі ад нападаў зламыснікаў. Так, 6 верасня Спарман быў абрабаваны і збіты, пагрозе нападу падвергнуўся і сам Кук. 7 верасня, перад самым адплыццём, да экспедыцыі далучыўся Омай, жыхар найбліжэйшага вострава Ульетэа, куды Кук збіраўся адразу пасля Хуахіне.

Ульетэа ўбачылі ўвечары таго ж дня. На гэтым востраве было набыта столькі свіней, што іх агульная колькасць, паводле ацэнак Кука, дасягнула 400 галоў. На Ульетэа Кук узяў з сабой яшчэ аднаго астравяніна па імю Эдзідэй. Наступнымі астравамі, дзе пабываў Кук, былі Эўа і Тонгатабу, жыхары якіх настолькі ўразілі Кука сваёй прыязнасцю і даверам, што Кук назваў гэтыя астравы разам з трэцім востравам, які знаходзіцца непадалёк, астравамі Дружбы. Гэтая назва, якая страціла пасля статус афіцыйнай, ужываецца да гэтага часу.

Ля берагоў Новай Зеландыі, куды Кук адправіўся пасля астравоў Дружбы, караблі трапілі ў шторм і зноў разышліся. Перачакаўшы шторм у праліве Кука, «Рэзалюшн» вярнуўся ў заліў Шарлоты, умоўленае месца сустрэчы, аднак «Эдвэнчура» тут яшчэ не было. Падчас трохтыднёвага чакання англічане сталі сведкамі сцэн канібалізму сярод мясцовых жыхароў. Так і не дачакаўшыся «Эдвэнчура», Кук рушыў на поўдзень, пакінуўшы на беразе запіску для капітана Фюрно. У ёй Кук пазначыў месцы, якія збіраўся наведаць пасля вяртання з палярных мораў, і прапанаваў Фюрно альбо паспрабаваць сустрэцца, альбо вярнуцца ў Англію. «Эдвэнчур» прыйшоў у заліў Шарлоты праз тыдзень пасля адплыцця Кука. 17 снежня 1773 года адбылося надзвычайнае здарэнне — восем матросаў на чале з двума боцманамі, накіраваныя на бераг за свежай гароднінай, былі забітыя і з'едзеныя новазеландцамі. Капітан Фюрно прымае рашэнне (магчыма, пад уражаннем ад таго, што адбылося напярэдадні) вяртацца ў Англію. На наступны ж дзень (18 снежня) Фюрно пакідае Новую Зеландыю і накіроўваецца ў Кейптаўн. Папоўніўшы запас прадуктаў харчавання і пакінуўшы Куку запіску, Фюрно вяртаецца ў Англію. З заліва Шарлоты, так і не дачакаўшыся Фюрно, Кук адпраўляецца ў палярныя воды і 21 снежня 1773 года другі раз перасякае Паўднёвы палярны круг. 30 студзеня 1774 года, калі «Рэзалюшн» дасягнуў 71° 10 'пд.ш., шлях быў перапынены суцэльным полем пакавага лёду. Гэта была самая паўднёвая кропка, якую ўдалося дасягнуць Куку за ўвесь час яго падарожжаў.

Наведаўшы востраў Пасхі (12 сакавіка 1774 года), Маркізскія астравы (7 красавіка 1774 года) «Рэзалюшн» 22 красавіка 1774 года зноў падыходзіць да берагоў Таіці. Тут Кук становіцца сведкам падрыхтоўкі таіцян да вайны з жыхарамі суседняга вострава Муры. Асаблівае ўражанне на экспедыцыю зрабіў таіцянскі ваенны флот.

Пасля Таіці Кук наведаў астравы Хуахінэ і Раіятэа, астравы Дружбы. На астравах Фіджы экспедыцыя вытрымала некалькі сутычак з абарыгенамі. На востраве Тана (а-вы Фіджы) былі папоўненыя запасы харчавання. 3 верасня 1774 была адкрыта Новая Каледонія. 18 кастрычніка 1774 года Кук трэці раз стаў на якар у заліве Шарлоты і прабыў там да 10 лістапада. 10 лістапада 1774 года экспедыцыя накіравалася на ўсход праз Ціхі акіян, дасягнуўшы Магеланавага праліва 17 снежня. Ужо ў Атлантычным акіяне была адкрыта Паўднёвая Георгія, але і на гэты раз дасягнуць Антарктыды не ўдалося. 21 сакавіка 1775 года Кук вяртаецца ў Кейптаўн для рамонту, там жа ён атрымлівае запіску, пакінутую яму капітанам Фюрно. З Кейптаўна «Рэзалюшн» накіроўваецца наўпрост у Англію і 30 ліпеня 1775 года ўваходзіць у Спітхэд.

Трэцяе кругасветнае плаванне (1776-1779)

[правіць | правіць зыходнік]

Мэты экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная мэта, пастаўленая Адміралцействам перад трэцяй экспедыцыяй Кука, — адкрыццё так званага Паўночна-Заходняга праходу — воднага шляху, які перасякае паўночнаамерыканскі кантынент і злучае Атлантычны і Ціхі акіяны.

Склад экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Экспедыцыі, як і раней, было выдзелена два караблі — флагманскі «Рэзалюшн» (водазмяшчэнне 462 тоны, 32 гарматы), на якім Кук здзейсніў другое падарожжа, і «Дыскаверы» водазмяшчэннем 350 тон, які меў 26 гармат. Капітанам на «Рэзалюшн» быў сам Кук, на «Дыскаверы» — Чарлз Клерк, які ўдзельнічаў у першых двух экспедыцыях Кука. Джон Гор, Джэймс Кінг, Джон Уільямсан былі на «Рэзалюшн» адпаведна першым, другім і трэцім памочнікамі капітана. На «Дыскаверы» першым памочнікам быў Джэймс Берн, другім - Джон Рыкмен. У якасці мастака ў экспедыцыі працаваў Джон Уэбер.

Ход экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Англію караблі пакінулі паасобку: «Рэзалюшн» выйшаў з Плімута 12 ліпеня 1776 года, «Дыскаверы» — 1 жніўня. Па дарозе ў Кейптаўн Кук наведаў востраў Тэнэрыфэ. У Кейптаўне, куды Кук прыбыў 17 кастрычніка, «Рэзалюшн» быў пастаўлены на рамонт па прычыне нездавальняючага стану бартавой ашалёўкі. «Дыскаверы», які прыбыў у Кейптаўн 1 лістапада, быў таксама адрамантаваны. 1 снежня караблі выйшлі з Кейптаўна. 25 снежня наведалі востраў Кергелен. 26 студзеня 1777 года караблі падышлі да Тасманіі, дзе папоўнілі запасы вады і дроў. З Новай Зеландыі караблі адправіліся на Таіці, аднак з-за сустрэчных вятроў Кук быў вымушаны змяніць курс і наведаць спачатку астравы Дружбы. На Таіці Кук прыбыў 12 жніўня 1777 года. 7 снежня 1777 года караблі рушылі ў Паўночнае паўшар’е, экватар перасеклі 22 снежня. Праз два дні, 24 снежня, быў адкрыты востраў Раства. Знаходзячыся на гэтым востраве, экспедыцыя назірала сонечнае зацьменне. 18 студзеня 1778 года былі адкрытыя Гавайскія астравы, названыя Кукам Сандвічавымі (Сэндвічавымі) астравамі па імю аднаго з лордаў Адміралцейства. Гэтая назва не прыжылася, але ўжывалася да сярэдзіны XX стагоддзя[7]. На Гаваях экспедыцыя прабыла да 2 лютага, аднаўляючы сілы і рыхтуючыся да плавання ў паўночных шыротах, затым рушыла на паўночны ўсход, да заходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. На гэтым шляху караблі трапілі ў шторм і атрымалі частковыя пашкоджанні («Рэзалюшн», у прыватнасці, страціў бізань-мачту). 30 сакавіка 1778 года караблі сталі на рамонт у працяглым і вузкім заліве Нутка (англ.: Nootka Sound), які ўдаецца з боку Ціхага акіяна ў востраў Ванкувер. 26 красавіка, скончыўшы рамонт, яны выйшлі з заліва Нутка і накіраваліся ўздоўж паўночнаамерыканскага ўзбярэжжа на поўнач. Ля берагоў Аляскі, аднак, зноў прыйшлося зрабіць прыпынак для рамонту, бо «Рэзалюшн» моцна працякаў. У пачатку жніўня караблі прайшлі праз Берынгаў праліў, перасеклі Паўночны палярны круг і ўвайшлі ў Чукоцкае мора. Тут яны натыкнуліся на суцэльнае ледзяное поле. Працягваць дарогу на поўнач было немагчыма, набліжалася зіма, таму Кук развярнуў караблі, маючы намер правесці зіму ў больш паўднёвых шыротах. 2 кастрычніка 1778 года Кук дасягнуў Алеўцкіх астравоў, тут ён сустрэў рускіх прамыслоўцаў, якія далі яму сваю карту для вывучэння. Руская карта выглядала значна паўнейшай за карту Кука, яна ўтрымоўвала невядомыя Куку астравы, а абрысы многіх зямель, нанесеныя ў Кука толькі прыблізна, былі адлюстраваныя на ёй з высокай ступенню дэталізацыі і дакладнасці. Вядома, што Кук перамаляваў гэтую карту і назваў праліў, які падзяляе Азію і Амерыку, імем Берынга. 24 кастрычнік 1778 караблі пакінулі Алеўцкія астравы і 26 лістапада дасягнулі Гавайскіх астравоў, аднак прыдатная стаянка для караблёў была знойдзеная толькі 16 студзеня 1779 года. Жыхары астравоў — гавайцы — сабраліся вакол караблёў у вялікай колькасці; Кук у сваіх запісах ацэньваў іх колькасць у некалькі тысяч. Пазней стала вядома, што вялікая цікавасць і асаблівае стаўленне астравянінаў да экспедыцыі тлумачыліся тым, што яны прынялі Кука за аднаго са сваіх багоў. Добрыя адносіны, якія ўсталяваліся спачатку паміж членамі экспедыцыі і гавайцамі, пачалі, аднак, хутка псавацца; з кожным днём колькасць крадзяжоў, якія здзяйсняліся гавайцамі, ўзрастала, а сутычкі, якія ўзнікалі з-за спробаў вярнуць скрадзенае, станавіліся ўсё гарачэй.

Адчуваючы, што сітуацыя робіцца крытычнай, Кук 4 лютага пакінуў заліў, аднак шторм, які распачаўся неўзабаве, нанёс сур'ёзную шкоду такелажу «Рэзалюшн», і 10 лютага караблі былі вымушаныя вярнуцца дзеля рамонту (іншай якарнай стаянкі паблізу не было). Ветразі і часткі такелажу звезлі на бераг, каб рамантаваць. Стаўленне гавайцаў да экспедыцыі стала тым часам адкрыта варожым. У акрузе з’явілася шмат узброеных людзей. Колькасць крадзяжоў павялічылася. 13 лютага з палубы «Рэзалюшн» былі скрадзеныя абцугі. Спроба іх вярнуць сталася няўдалай і скончылася адкрытым сутыкненнем. На наступны дзень, 14 лютага, быў скрадзены баркас з «Рэзалюшн». Каб вярнуць скрадзеную маёмасць, Кук вырашыў узяць на борт у якасці закладніка Каланіёпу, аднаго з мясцовых правадыроў. Высадзіўшыся на бераг з групай узброеных людзей, якая складалася з дзесяці марскіх пяхотнікаў на чале з лейтэнантам Філіпсам, ён прайшоў да жытла правадыра і запрасіў яго на карабель. Прыняўшы прапанову, Каланіёпа рушыў услед за англічанамі, аднак каля самага берага адмовіўся ісці далей, як мяркуецца, паддаўшыся на ўгаворы жонкі. Тым часам на беразе сабралася некалькі тысяч гавайцаў, якія акружылі Кука і яго людзей, адціснуўшы іх да самай вады. Сярод іх разнёсся слых, што англічане забілі некалькіх гавайцаў (у дзённіках капітана Клерка згаданы адзін тубылец, забіты людзьмі лейтэнанта Рыкмена незадоўга да апісваных падзей), і гэтыя чуткі, а таксама не цалкам адназначныя паводзіны Кука, падштурхнулі натоўп да пачатку варожых дзеянняў. У распачатай сутычцы сам Кук і чацвёра матросаў загінулі, астатнім удалося адступіць на карабель. Ёсць некалькі супярэчлівых сведчанняў відавочцаў тых падзей, і па іх складана судзіць аб тым, што ж адбылося на самай справе. З дастатковай ступенню дакладнасці можна толькі сказаць, што сярод англічан пачалася паніка, каманда стала бязладна адступаць да шлюпкі, і ў гэтай мітусні Кук быў забіты гавайцамі (меркавана ударам дзіды ў патыліцу).

Такім чынам, вечарам 14 лютага 1779 г 50-гадовы капітан Джэймс Кук быў забіты жыхарамі Гавайскіх астравоў. Капітан Клерк у сваіх дзённіках падкрэслівае: калі б Кук адмовіўся ад правакацыйных паводзінаў перад тварам шматтысячнага натоўпу і не пачаткаў расстрэльваць гавайцаў, няшчаснага выпадку можна было б пазбегнуць. Па словах лейтэнанта Філіпса, гавайцы не збіраліся перашкаджаць вяртанню англічан на карабель і тым больш нападаць, а шматлікасць натоўпу тлумачылася іх хваляваннем за лёс караля (небеспадстаўна, калі мець на ўвазе тую мэту, з якой Кук запрашаў Каланіёпу на карабель).

Пасля смерці Кука пасада начальніка экспедыцыі перайшла да капітана «Дыскаверы» Чарлза Клерка. Клерк спрабаваў дамагчыся выдачы цела Кука мірным шляхам. Пацярпеўшы няўдачу, ён распарадзіўся правесці ваенную аперацыю, падчас якой высадзіўся пад прыкрыццём гармат дэсант захапіў і спаліў дашчэнту прыбярэжныя паселішчы і адкінуў гавайцаў у горы. Пасля гэтага гавайцы даставілі на «Рэзалюшн» кошык з дзесяццю фунтам мяса і чалавечую галаву без ніжняй сківіцы. 22 лютага 1779 года рэшткі Кука былі пахаваныя ў моры. Капітан Клерк памёр ад сухотаў, якімі быў хворы на працягу ўсяго плавання. У Англію караблі вярнуліся 7 кастрычніка 1780 года

Вынікі экспедыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная мэта экспедыцыі — адкрыццё Паўночна-Заходняга праходу — не была дасягнутая. Былі адкрытыя Гавайскія астравы, востраў Раства і некаторыя іншыя астравы.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

У гонар Індэвара, першага карабля, якім камандаваў Джэймс Кук, быў названы камандны модуль касмічнага карабля Апалон-15. Падчас яго палёту была ажыццёўлена чацвёртая высадка людзей на Месяц.

Зноскі

  1. http://www.bbc.co.uk/history/domesday/dblock/GB-448000-513000/page/7 Праверана 3 жніўня 2015.
  2. Кук Джеймс // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  3. Amazon.com
  4. http://www.christies.com/lotfinder/books-manuscripts/captain-james-cook-and-captain-james-5605392-details.aspx
  5. а б в Кук, Джеймс. Глава 1-3 // Плавание на «Индеворе» в 1768—1771 годах
  6. Маклин А. Капитан Кук Архівавана 3 жніўня 2008. — М.: Центрполиграф, 2001. ISBN 5-227-01197-4
  7. Гавайи (Сандвичевы острова) // Карта Тихого океана (Масштаб 1 : 30 млн). Атлас командира РККА. М.: Изд. 7 отдела Генерального штаба РККА, 1938. Лист. 8.