Перайсці да зместу

Дзевянішкаўскі выступ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дзевянішскі выступ)

Дзевянішкаўскі выступ, або Дзевянішскі выступ (літ.: Dieveniškių kilpa — Дзевянішская пятля) — тэрыторыя ў паўднёва-ўсходняй частцы Літоўскай Рэспублікі (Салечніцкі раён Віленскага павета), якая глыбока ўразаецца ў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь (паміж Воранаўскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці). З’яўляецца ўнікальнай геаграфічнай, гістарычнай і этналінгвістычнай асаблівасцю беларуска-літоўскага памежжа.

Геаграфія і юрыдычны статус

[правіць | правіць зыходнік]

Выступ удаецца ўглыб тэрыторыі Беларусі прыкладна на 25 кіламетраў. З усходу, поўдня і захаду ён акружаны беларускай тэрыторыяй, а з астатняй Літвой злучаецца толькі вузкім перашыйкам (каля 2,5—3 км у самым вузкім месцы). Праз гэты перашыек праходзіць адзіная аўтамабільная дарога, якая звязвае рэгіён з цэнтральнай Літвой. На тэрыторыі выступу размешчаны дзве адміністрацыйныя адзінкі (сянюніі) Салечніцкага раёна — Дзевянішская (цэнтр — мястэчка Дзевянішкі) і Пашкоўская[1].

Сучасны статус і абрысы выступу ў міжнародным праве канчаткова замацаваны Дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай аб беларуска-літоўскай дзяржаўнай граніцы ад 6 лютага 1995 года. У артыкуле 1 гэтага дакумента дакладна прапісана, што лінія мяжы «агібае з усходу, поўдня і захаду раён літоўскага населенага пункта Дзевянішкес»[2].

Гісторыя фарміравання

[правіць | правіць зыходнік]

Да восені 1939 года тэрыторыя выступу ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі.

Пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь асноўная частка Віленшчыны з Вільняй была перададзена Літве згодна з дагаворам ад 10 кастрычніка 1939 года. Аднак тэрыторыя вакол Дзевянішак тады засталася ў складзе БССР. Першапачаткова яна была ўключана ў склад Вілейскай вобласці, а з 15 студзеня 1940 года — у склад Воранаўскага раёна Баранавіцкай вобласці. Менавіта тагачасная адміністрацыйная мяжа паміж гэтымі савецкімі абласцямі шмат у чым прадвызначыла будучыя абрысы выступу[1].

Тэрыторыя БССР вакол Дзевянішак, якая пасля будзе перададзена Літве. Карта РККА 1940 года

Сітуацыя радыкальна змянілася ўлетку 1940 года пасля інкарпарацыі Літвы ў склад СССР і пачатку другога этапу перадачы Віленшчыны. 3 жніўня 1940 года на сесіі Вярхоўнага Савета СССР, дзе разглядалася пытанне аб прыняцці Літоўскай ССР, Першы сакратар ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнка пад ціскам І. Сталіна агучыў прапанову аб перадачы Літве дадатковых тэрыторый з пераважным літоўскім насельніцтвам. Паводле даследаванняў расійскага гісторыка Аляксандра Золава, першапачаткова літоўская дэлегацыя прасіла толькі Свянцянскі раён. Аднак прысутны ў Маскве член літоўскай дэлегацыі, пісьменнік Людас Гіра, нагадаў пра «літоўскія паселішчы Марцінканцы, Дзевянішкі і курорт Друскенікі», пасля чаго пытанне было адразу вырашана на карысць Літвы[3]. На пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б 26 верасня 1940 года Панамарэнка прызнаваўся: «Калі таварыш Сталін спытаў, што вы збіраецеся перадаць, ён казаў так: калі мы даведаемся, што там шмат літоўцаў, а вы не перадасце, мы вас тады пакараем»[1].

1—2 кастрычніка 1940 года ў Гродна прайшлі савецка-літоўскія перагаворы аб размежаванні. Літоўскай дэлегацыі ўдалося дамагчыся перадачы Дзевянішак і навакольных вёсак (у адрозненне ад анклава ў Гервятах, які беларуская дэлегацыя адмовілася перадаваць з-за яго аддаленасці ад мяжы). Дакладнае апісанне новай мяжы, якое пакідала Дзевянішкі, Скрэйчаны і Бачаны ў складзе Літоўскай ССР, было афіцыйна замацавана ў пастанове ЦК КП(б)Б ад 11 кастрычніка 1940 года[4].

«Легенда пра люльку Сталіна»

[правіць | правіць зыходнік]

Абрысы Дзевянішскага выступу на карце выглядаюць настолькі ненатуральна, што гэта спарадзіла папулярную гарадскую легенду. Згодна з ёй, падчас абмеркавання межаў у Крамлі на расцеленай карце ляжала люлька І. Сталіна. Ніхто з прысутных не адважыўся папрасіць правадыра прыбраць яе, таму лінію мяжы проста абвялі вакол люлькі, што і стварыла характэрную «пятлю» на карце[1]. Насамрэч мяжа была праведзена па контурах кампактнага пражывання этнічных літоўцаў згодна з данымі тагачасных этнографаў і лінгвістаў.

Змены ў 1950—1990-х гадах

[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне 1950-х гадоў межы выступу былі крыху пашыраны за кошт беларускай тэрыторыі. У гэты ж час каля самага «перашыйка» выступу ўтварыўся асобны літоўскі анклаў Пагіры (Пагірэй). Яго ўзнікненне не было звязана з этнічным складам насельніцтва, а тлумачылася выключна гаспадарчай прыналежнасцю беларускіх зямель да аднаго з літоўскіх калгасаў[1].

Анклаў Пагіры праіснаваў да 1995 года. Падчас дэлімітацыі мяжы паміж незалежнымі Беларуссю і Літвой, літоўскі бок першапачаткова хацеў злучыць анклаў з асноўнай тэрыторыяй выступу. Аднак у выніку дзяржавы дамовіліся абмяняцца раўназначнымі бязлюднымі тэрыторыямі, ліквідаваўшы анклаў і выраўняўшы лінію мяжы ў гэтым месцы[1].

Дэмаграфія і этналінгвістычная сітуацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Моўная сітуацыя на Віленшчыне ў пачатку XX стагоддзя паводле літоўскага мовазнаўца Алойзаса Відугірыса. Ружовым — беларускамоўныя зоны, зялёным — літоўскамоўныя.

Галоўным аргументам для перадачы Дзевянішак Літве ў 1940 годзе была этнічная прыналежнасць мясцовага насельніцтва. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя навакольныя вёскі з’яўляліся кампактным астраўком літоўскамоўнага насельніцтва, акружаным тэрыторыямі, дзе дамінавала беларуская мова. Гэта пацвярджаецца гістарычнымі даследаваннямі літоўскага мовазнаўца Алойзаса Відугірыса, які фіксаваў тут буйны літоўскі анклаў[1].

Аднак знаходжанне ў складзе Літвы не спыніла працэсаў моўнай асіміляцыі. Як сведчаць даследаванні мовазнаўцаў Валерыя Чэкмана і Лаймы Грумадзене, напрыканцы XX стагоддзя ў Дзевянішскім выступе і суседніх Бутрыманцах адбыўся парадаксальны працэс: літоўскую мову сярод мясцовага насельніцтва практычна цалкам выцесніла беларуская «простая мова» і часткова польская мова[1].

Літоўскі даследчык Айдас Гудайціс прыводзіць Дзевянішкі як самы яскравы прыклад дэмаграфічнага спаду і асіміляцыі літоўскамоўнага насельніцтва ў рэгіёне: паводле ягоных статыстычных даных, з 1890 па 2021 год колькасць жыхароў Дзевянішак, якія лічаць літоўскую мову роднай, скарацілася больш чым у 13 разоў (з 7108 чалавек да 523 чалавек)[5].

Сучасны польскі дыялектолаг Міраслаў Янковяк, які праводзіў тут палявыя даследаванні ў пачатку XXI стагоддзя, называе Дзевянішскі выступ своеасаблівым паўвостравам і культурным «скансенам». З-за геаграфічнай ізаляванасці тут закансерваваліся старыя моўныя традыцыі і сацыялінгвістычная сітуацыя. Паводле яго даных, у многіх вёсках выступу (Нарвілішкі, Краўчуны, Рудня, Дайліды) мясцовае насельніцтва дагэтуль актыўна выкарыстоўвае ў паўсядзённым жыцці беларускую гаворку, якая суіснуе з літоўскай і польскай мовамі[6].

Дзевянішскі выступ перыядычна становіцца аб’ектам грамадскай увагі з-за сваёй незвычайнай геаграфіі. У лютым 2024 года здарыўся скандал, звязаны з праектам «Пашпарт Новай Беларусі», які распрацоўваўся Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі. На адной са старонак дызайну пашпарта была змешчана контурная карта, на якой з-за тэхнічнай памылкі пры генерацыі мікратэксту Дзевянішскі выступ быў зафарбаваны як частка тэрыторыі Беларусі. Гэта выклікала пэўны рэзананс у літоўскіх СМІ. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл афіцыйна прынеслі прабачэнні, патлумачыўшы гэта збоем пры канвертацыі файлаў у друкарскі фармат, і паабяцалі выправіць памылку да пачатку выпуску дакументаў, падкрэсліўшы безумоўную павагу да міжнародна прызнаных межаў Літвы[7].

  • Gudaitis A. The Application of Geospatial Analysis Methods for the Reconstruction of Lithuanian–Slavic Ethnolinguistic Boundaries in Southeastern Lithuania // Languages : часопіс. — 2024. — Т. 9. — № 359. — С. 1–20.
  • Jankowiak M. Granice zasięgu gwar białoruskich w świetle badań lingwistów. Część III: pogranicze białorusko-litewskie // Acta Albaruthenica : часопіс. — 2025. — Т. 25. — С. 76–95.
  • Золов А. В. Как Литва получила свои нынешние границы? Часть II // Вестник Балтийского федерального университета им. И. Канта. Сер.: Гуманитарные и общественные науки : часопіс. — 2019. — № 1. — С. 88–94.
  • Государственные границы Беларуси : сб. документов и материалов : в 2 т. Т. 2. (ноябрь 1926 – декабрь 2010) / сост. : В. Е. Снапковский, А. В. Тихомиров, А. В. Шарапо. — Минск: БГУ, 2013. — 333 с. ISBN 978-985-518-871-2.