Дзесяціна (падатак)
Дзесяці́на (лац.: decima, фр.: décime, dîme ням.: Zehnt, англ.: tithe) — дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (царкоўная дзесяціна). Узнікла ў канцы VI стагоддзя[1]. У старажытнасці такая форма збору існавала ў шэрагу семіцкіх народаў, у прыватнасці ў яўрэяў, ад якіх яна перайшла ў заходнюю хрысціянскую царкву[2].
У ісламе разнавіднасцю дзесяціны з’яўляецца закат[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя патрабаванні аб выплаце дзесяціны ў хрысціянскай царкве, са спасылкай на Біблію, былі агучаны ў 585 годзе. З 779 года яна стала абавязковай для ўсяго насельніцтва Франкскага каралеўства. Кананічна дзесяціна павінна была размеркавацца наступным чынам: адна трэць ішла на ўтрыманне царкоўнага будынка, адна трэць — святару, і апошняя трэць — на дапамогу бедным прыхаджанам. З развіццём феадальных адносін яна пачала амаль цалкам спаганяцца на карысць вышэйшага духавенства. Асноўны цяжар падатку клаўся на сялянства, тады як вышэйшыя слаі насельніцтва часта ад яго вызваляліся[2].
У каталіцкай царкве вылучаліся наступныя віды збору:
- Вялікая дзесяціна — з урожаю збожжа і вінаграда.
- Малая дзесяціна — з агародніны і тэхнічных культур.
- Дзесяціна крыві — са свойскай жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі[2].
Адмена дзесяціны была адным з асноўных патрабаванняў сялян падчас шматлікіх паўстанняў. У Францыі яна была скасавана ў 1789—1790 гадах, у іншых еўрапейскіх краінах — на працягу XIX стагоддзя[2].
На Русі
[правіць | правіць зыходнік]У Старажытнай Русі дзесяціна была ўстаноўлена князем Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі. Першапачаткова яна прызначалася для ўтрымання кіеўскай Дзесяціннай царквы, аднак пазней набыла характар паўсюднага падатку. Гэты збор ажыццяўляўся царкоўнымі арганізацыямі, пры гэтым манастыры дзесяціну не збіралі[1]. Пазней царкве далі права замест дзесяціны збіраць пошліну са спраў, якія разглядаў царкоўны суд[2].
У Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях існавала два асноўныя віды дзесяціны:
- «снаповая» — форма натуральнага збору, пры якой сяляне аддавалі на карысць царквы кожны дзесяты сноп зжатага збожжа;
- агульная — збор, які складаў 1/10 частку ад агульнага ўраджаю збожжа, здабытага мёду і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў[1].
Канчаткова дзесяціна была ліквідавана ў канцы XIX стагоддзя[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Я. К. Анішчанка. Дзесяціна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 108. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Десятина // Т. 8. Дебитор — Евкалипт. — М. : Советская энциклопедия, 1972. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзесяціна (падатак)