Дзмітрый Раманавіч Камінскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дзмітрый Раманавіч Камінскі
Дата нараджэння 17 жніўня 1906(1906-08-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 лістапада 1989(1989-11-23) (83 гады)
Месца смерці
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар, музычны педагог, грамадскі дзеяч
Узнагароды

Дзмітрый Раманавіч Камінскі (17 жніўня 1906, Екацярынаслаў, цяпер Дніпро, Украіна — 23 лістапада 1989, Манрэаль) — беларускі кампазітар, педагог, грамадскі дзеяч. Член Саюза кампазітараў СССР з 1941 г., Саюза кампазітараў БССР з 1946 г. (выключаны ў сувязі з эміграцыяй у Канаду ў 1980 г.)[1]. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1963).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства правёў у Стаўрапалі, Сімферопалі, Новачаркаску. У 1921—1933 гг. жыў у Растове-на-Доне, дзе граў у рэстаранах і працаваў ілюстратарам у нямым кіно, а паралельна вучыўся ў музычным тэхнікуме (скончыў у 1930 г.). Пазней разам з маці і сасланым за «сувязь з замежнай буржуазіяй» бацькам жыў у Архангельску. У 1935—1940 гг. вучыўся ў Маскоўскім музычна-педагагічным вучылішчы (цяпер — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных) як піяніст і кампазітар. Атрымаў размеркаванне ў Мінск, дзе працаваў у 1940—1941 гг. У 1941—1943 гг. — на фронце, служыў камандзірам выязной канцэртнай брыгады. З канца 1943 г. працаваў загадчыкам музычнай часткі Варонежскага дзяржаўнага драматычнага тэатра. З 1945 г. зноў у Мінску, дзе вёў педагагічную і канцэртмайстарскую працу; быў канцэртмайстрам Белдзяржэстрады, Беларускай філармоніі, старшым інспектарам музычнага аддзела Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР (да 1947 г.), выкладаў у Мінскім музычным вучылішчы імя М. І. Глінкі. У 1957—1963 гг. працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, у 1963—66 гг. — старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. Уваходзіў у камітэт па Ленінскіх прэміях пры Савеце міністраў СССР. Меў дзяржаўныя ўзнагароды за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Кавалер ордэна Дружбы народаў (1977)[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў пераважна ў галіне інструментальнай музыкі, дзе вылучаўся адметным стылем, заснаваным на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і беларускага фальклору. Напісаў музыку да кінафільмаў «Хто смяецца апошнім» (1954), «Зялёныя агні» (1955), «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» (1961), «Анюціна дарога» (1967). Аўтар дзвюх канцэртных фантазій на беларускую тэму, дванаццаці п’ес для цымбалаў з фартэпіяна, дзвюх кантат, трох сімфанічных сюіт, некалькіх сімфоній, дзвюх санат (адна для фартэпіяна, другая для скрыпкі), двух струнных трыа і квартэта, мноства камерна-інструментальных твораў. Агулам стварыў стварыў 14 канцэртных твораў для розных саліруючых інструментаў з аркестрам: адзін для цымбалаў (1947), адзін для двух цымбалаў (1948), што з’явілася першай спробай такога кшталту не толькі ў Беларусі, а і ў СССР; чатыры для скрыпкі (1948, 1953, 1963, 1974), адзін для віяланчэлі (1957) і сем для фартэпіяна (1940, 1946, 1953, 1958, 1962, 1969, 1972). У СССР выйшаў зборнік яго твораў «П’есы для цымбал з фартэпіяна» (Мінск: Беларусь, 1973)[1].

У эміграцыі запісаў успаміны пра бацьку, вядомага скрыпача Роберта (Рувіма, Рамана) Ісакавіча Камінскага (1882—1959), а таксама пра сваё дзяцінства і працу ў розных гарадах, у тым ліку і Мінску.[1][2][3]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Жыццё музыкаў Камінскіх (І) // Belisrael. Народны ізраільска-беларускі сайт, 27.04.2017, 22:20. -- Дата доступу 3.5.2017.
  2. Камінскі Д. Жыццё музыкаў Камінскіх (ІІ): Пра майго бацьку і сябе. Успаміны пра найлепшага чалавека ў маім жыцці // Belisrael. Народны ізраільска-беларускі сайт, 28.04.2017, 20:26. -- Дата доступу 3.5.2017.
  3. Камінскі Д. Жыццё музыкаў Камінскіх (ІIІ): Пра майго бацьку і сябе. Успаміны пра найлепшага чалавека ў маім жыцці // Belisrael. Народны ізраільска-беларускі сайт, 30.04.2017, 08:58. -- Дата доступу 3.5.2017.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]