Перайсці да зместу

Дзмітрый Сяргеевіч Геаргіеўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзмітрый Сяргеевіч Геаргіеўскі
польск.: Dymitr Georgiewski
руск.: Дмитрий Сергеевич Георгиевский
Дата нараджэння 23 верасня 1889(1889-09-23)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 12 верасня 1941
Грамадзянства
Род дзейнасці этнограф, музеязнавец, педагог, батанік
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат прыродазнаўчых навук (1916)
Альма-матар

Дзмі́трый Сярге́евіч Геаргіе́ўскі, або Гео́ргіеўскі (польск.: Dymitr Georgiewski, руск.: Дмитрий Сергеевич Георгиевский; 23 верасня 1889, Пінск, Мінская губерня — пасля 1941) — беларускі батанік, этнограф, краязнавец і музеязнавец. Кандыдат прыродазнаўчых навук (1916). Адзін са стваральнікаў і захавальнік Палескага музея ў Пінску.

Нарадзіўся 23 верасня 1889 года ў Пінску ў сям’і павятовага земскага ўрача, надворнага саветніка Сяргея Васілевіча Геаргіеўскага. У 1908 годзе скончыў Пінскае рэальнае вучылішча. Падчас вучобы ўваходзіў у склад вучнёўскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якая распаўсюджвала эсэраўскую літаратуру[1].

У 1910—1911 гадах праходзіў вайсковую службу. У 1912 годзе паступіў на аддзяленне прыродазнаўчых навук фізіка-матэматычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы працаваў асістэнтам на ўніверсітэцкай кафедры батанікі. У 1914 годзе ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны ўніверсітэт быў эвакуіраваны ў Растоў-на-Доне, куды пераехаў і Дзмітрый. У 1916 годзе абараніў дысертацыю «Матэрыялы да флоры Пінскага павета Мінскай губерні», атрымаўшы ступень кандыдата прыродазнаўчых навук[2].

Пасля заканчэння вучобы быў мабілізаваны ў расійскую армію, служыў пры штабе. У 1918 годзе, пасля звальнення ў запас, працаваў настаўнікам прыродазнаўства, геаграфіі і матэматыкі ў жаночай гімназіі горада Карасубазар у Крыме. У 1921 годзе вярнуўся на радзіму ў Пінск[1].

У 1921 годзе працаваў настаўнікам алгебры і арыфметыкі ў Пінскай прыватнай рускай жаночай гімназіі Чэчык, а праз год стаў яе дырэктарам. З 1925 па 1929 год выкладаў у Пінскай дзяржаўнай гімназіі. З 1 верасня 1929 года ўзначаліў Цэнтральную навуковую прыродазнаўчую лабараторыю, дзе працаваў да 1939 года[2].

Дзейнасць у Палескім музеі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1926 годзе ўключыўся ў дзейнасць Палескага музея, створанага Палескім краязнаўчым таварыствам. У 1928 годзе, пасля ад’езду заснавальніка музея Рамана Гарашкевіча ў Брэст, Дзмітрый Геаргіеўскі быў выбраны захавальнікам музея і фактычна стаў яго кіраўніком. Ён распрацаваў новую структуру музея, якая ўключала аддзелы нежывой прыроды, прыроды і грамадства (батаніка, заалогія, прамысловасць, археалогія, этнаграфія), а таксама архіўны аддзел[3].

Пад кіраўніцтвам Геаргіеўскага пачалася сістэматычная праца па камплектаванні калекцый. Ён асабіста праводзіў экспедыцыі па Палессі (у Драгічынскім, Камень-Кашырскім, Кобрынскім, Лунінецкім, Пружанскім, Столінскім і Пінскім паветах), займаўся археалагічнымі даследаваннямі, фатаграфаваў. Асаблівую ўвагу надаваў этнаграфічным матэрыялам, у прыватнасці, калекцыі гараднянскай керамікі[4]. У 1935 годзе выдаў навуковы даведнік па этнаграфічнай і прыродазнаўчай калекцыях музея[1].

У красавіку 1936 года музей пераехаў у новы будынак, дзе акрамя экспазіцыі размясціліся прыродазнаўчая лабараторыя і бібліятэка. Д. С. Геаргіеўскі дапамагаў камплектаваць палескімі матэрыяламі зборы іншых музеяў Польшчы. У 1939 годзе на Сусветнай выставе ў Нью-Ёрку ў польскім павільёне дэманстраваліся палескія «карабаны» з калекцыі пінскага музея[4].

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Дзмітрый Геаргіеўскі працягваў працу ў музеі ўжо ў якасці старшага навуковага супрацоўніка. Музей быў перайменаваны ў Пінскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей, а яго экспазіцыя пачала перабудоўвацца пад савецкую ідэалогію[4]. У гэты перыяд ён публікаваў артыкулы па гісторыі, прыродзе і культуры Палесся ў газеце «Палеская праўда»[1].

Арышт і далейшы лёс

[правіць | правіць зыходнік]

18 чэрвеня 1941 года было падпісана пастанаўленне аб арышце Д. С. Геаргіеўскага. 21 чэрвеня 1941 года, адразу па вяртанні з камандзіроўкі ў Лагішын, ён быў арыштаваны органамі НКУС і высланы для далейшага следства ў г. Кіраў (Расія). Яго абвінавачвалі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. 12 верасня 1941 года крымінальная справа была спынена, і Дзмітрый Геаргіеўскі быў вызвалены з-пад варты. Аднак далейшы яго лёс застаўся невядомым. Верагодна, ён загінуў у гэты перыяд[3][2].

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Як батанік па адукацыі, Геаргіеўскі працягваў даследаваць флору Палесся. Публікаваў навуковыя працы па прыродазнаўстве, феналогіі і праблемах аховы рэліктавых відаў. З'яўляецца аўтарам прац па этнаграфіі краю: «Матывы аздаблення палескіх тканін», «Палескае ганчарства», «Палескія дзеці ў 1784 годзе» і іншых[1].

  1. а б в г д Геаргіеўскі Дзмітрый Сяргеевіч. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 26 студзеня 2026.
  2. а б в Георгиевские (руск.). Піна. Праверана 26 студзеня 2026.
  3. а б Гужалоўскі 2012, с. 165.
  4. а б в Гужалоўскі 2012, с. 166.