Перайсці да зместу

Дзюна (раман)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзюна
англ.: Dune
Жанр навуковая фантастыка
Аўтар Фрэнк Герберт
Мова арыгінала амерыканскі варыянт англійскай мовы
Дата першай публікацыі 1963–1965 (па частках)
Асобнае выданне 1965
Выдавецтва Chilton Books
Месца публікацыі ЗША
Цыкл Хронікі Дзюны
Колькасць старонак 412[1]
Наступны Месія Дзюны
Персанажы Пол Атрэйдэс, Лэдзі Джэсіка, Уладзімір Харконен, Фейд Харконен, Рабан Харконен, Дункан Айдаха, Гурні Халек, Стылгард, Прынцэса Ірулан, Чані, Шадам IV
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Дзюна» (англ.: Dune) — навукова-фантастычны раман амерыканскага пісьменніка Фрэнка Герберта, выдадзены асобнай кнігай у 1965 годзе. Уваходзіць у лік самых прадаваных і ўплывовых навукова-фантастычных раманаў у свеце. Па ягоных матывах былі зняты фільмы і серыялы, зроблены коміксы і камп'ютарныя гульні. Паклаў пачатак цыкла «Хронікі Дзюны».

Пейзаж Дзюны з пясчаным чарвяком
Пейзаж Дзюны з пясчаным чарвяком, згенераваны ў Midjourney.

У далёкай будучыні людзі каланізавалі мноства планет, але з цягам часу апынуліся пад уладай машын. Пасля вайны з імі чалавецтву ўдалося аднавіць кантроль, і тэхналогіі былі забароненыя — разлікі і навігацыю цяпер ажыццяўляюць спецыяльна выведзеныя генетычна змененыя істоты.

Грамадства будучыні арганізавана ў форме Імперыі, дзе ўлада сканцэнтраваная ў руках феадальных дамоў. Кожны з іх кіруе асобнымі планетамі. Планета Аракіс, таксама вядомая як Дзюна, мае асаблівую каштоўнасць, бо з'яўляецца адзінай крыніцай прыправы (англ.: melange, або the spice) — рэчыва, якое падаўжае жыццё, дазваляе бачыць будучыню і неабходнае для міжзорных пералётаў[2].

На пачатку падзей Аракісам кіруе дом Харконэнаў. Аднак Падзішах-імператар Шадам IV перадае кантроль над планетай дому Атрэйдэс — даўнім ворагам Харконенаў. Фармальна гэта выглядае як праява даверу, але насамрэч з'яўляецца спробай сутыкнуць два дамы і знішчыць Атрэйдэсаў, якіх імператар успрымае як пагрозу сваёй уладзе.

Кіраўнік дому Атрэйдэс, герцаг Лета, прыбывае на Аракіс разам са сваёй наложніцай, лэдзі Джэсікай, і сынам Полам. Пол мае здольнасць бачыць прарочыя сны, што прыцягвае ўвагу таемнага ордэна Бэнэ Гесэрыт, які займаецца селекцыяй з мэтай стварэння звышчалавека.

Фрэмены
Фрэмены. Фан-арт.

Герцаг Лета спрабуе наладзіць кантакт з карэннымі жыхарамі Аракіса — фрэменамі (англ.: Fremen). Аднак у выніку змовы адбываецца напад: дом Харконэнаў пры падтрымцы імператарскіх войск атакуе планету. Герцаг Лета і большасць ягоных прыхільнікаў гінуць, Пол і лэдзі Джэсіка хаваюцца ў пустыні[2].

Там яны знаходзяць прытулак у фрэменаў. Пол збліжаецца з дзяўчынай па імені Чані і пачынае прыстасоўвацца да жыцця пустыннага народа. Фрэмены падпарадкоўваюцца строгім законам пустыні, перамяшчаюцца на гіганцкіх пясчаных чарвях, пакутуюць ад недахопу вады і таемна імкнуцца ператварыць Аракіс у зялёную планету. Паводле іх вераванняў, павінен прыйсці месія з вонкавага свету. Паступова фрэмены пачынаюць бачыць у Поле гэтага месію[3].

Пол прымае лідарства, абвяшчае сябе прарокам і арганізоўвае ўзброены супраціў. У адказ імператар прыбывае на Аракіс з жахлівымі імперскімі войскамі — Сардаўкарамі. Фрэмены, выкарыстоўваючы пясчаных чарвей, наносяць удар і перамагаюць Харконэнаў. Пол заяўляе пра намер знішчыць запасы прыправы, што можа прывесці да катастрофы ў галактыцы. У выніку імператар пагаджаецца перадаць Полу ўладу і сваю дачку — прынцэсу Ірулан. Пол становіцца кіраўніком Імперыі, аднак не здольны спыніць далейшую ўзброеную барацьбу фрэменаў[3][2].

Карта Аракіса.
Карта Аракіса з супервокладкі першага выдання «Дзюны».

Раман «Дзюна» лічыцца сацыяльна-філасофская фантастыка, у якой прысутнічаюць моцныя біблейскія і месіянскія матывы — галоўны герой успрымаецца як абраны і як прарок. Герберт выбірае пустыню ў якасці асноўнай лакацыі, адсылаючы да аравійскай традыцыі і культуры Блізкага Усходу[4].

Аўтар выводзіць на першы план экалагічную праблематыку, якая ў час стварэння рамана толькі пачынала гучаць[4].

Свет рамана — арганічная сістэма, у якой клімат і рэсурсы маюць ключавое значэнне[4].

Арыгінальная мова рамана выглядае дзіўнай і састарэлай, што стварае адчуванне старажытнасці, прароцкай літаратуры і міфалагічнай вагі[4].

Шлях Пола Атрэйдэса адбываецца па схеме, апісанай Джозефам Кэмпбелам у «Герою з тысячай твараў»: ад падарожжа праз выпрабаванне і пакуты — да поўнай перамены, ад адмовы ад мінулага — да пазнання сваёй сапраўднай прыроды[4].

У рамане ключавой тэмай з'яўляецца праблема лідара – чаму людзі схільныя безумоўна падпарадкоўвацца харызматычным кіраўнікам, як павязаны паміж сабою рэлігія, палітыка і ўлада. Аўтар даследуе магчымасці чалавека, ягоны патэнцыял і ўменне адаптавацца, а таксама сутнасць разумнасці і вар'яцтва[5][6].

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]
Дзюны Арэгоны.
Дзюны ў штаце Арэгон.

У 1957 годзе Фрэнк Герберт зацікавіўся экалагічным праектам Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, скіраваным на стрымліванне пясчаных дзюн у раёне мястэчка Флорэнс (штат Арэгон). Мясцовыя ўлады планавалі выкарыстоўваць еўрапейскі пясчаны пескалюб, разгалінаваная каранёвая сістэма якога здольная стабілізаваць пясчаныя масівы. Герберт быў уражаны падыходам да вырашэння экалагічнай праблемы і ідэяй пераўтварэння пустыні ў прыдатную для жыцця тэрыторыю.

У канцы 1950-х гадоў Герберт пачаў даследаваць узаемасувязь паміж экалогіяй пустынь і феноменам місіянства. Ён звярнуў увагу на тое, што некалькі буйных рэлігій паўсталі ў пустынных рэгіёнах. Гэтая ідэя прывяла да аб’яднання экалагічнай і рэлігійнай тэматыкі ў адзіную канцэпцыю будучага рамана.

На працягу наступных пяці гадоў Герберт вывучаў псіхааналіз, філасофію, лінгвістыку, эканоміку, паліталогію і рэлігіязнаўства, імкнучыся глыбей зразумець псіхалогію людзей, уцягнутых у місіянскія рухі.

Першапачаткова галоўным героем задуманага рамана быў эколаг, які імкнецца азеляніць пустынную планету. Аднак у працэсе працы над тэкстам Герберт прыйшоў да высновы, што такая структура не дазваляе раскрыць увесь комплекс ідэй, уключаючы разважанні пра ўладу, рэлігійныя маніпуляцыі і псіхалогію мас. У выніку сюжэт быў ускладнены, і ў цэнтры яго з’явіўся новы персанаж — Пол Атрэйдэс. На стварэнне ягонага вобраза паўплывала біяграфія Лоўрэнса Аравійскага і ягоны ўдзел у арабскім паўстанні[7].

Першыя версіі будучага рамана былі надрукаваны ў часопісе Analog у выглядзе дзвюх аповесцей. Першая, пад назвай «Свет Дзюны», выходзіла з канца 1963 да пачатку 1964 года ў трох частках. У 1965 годзе з’явіўся працяг — «Прарок Дзюны», надрукаваны ў пяці выпусках часопіса. Пазней Герберт перапрацаваў абодва творы, значна іх пашырыў і аб’яднаў у адзіны раман пад назвай «Дзюна»[7].

Гатовы рукапіс адхілілі 23 выдавецтвы, спасылаючыся на аб’ём і складанасць зместу. Інтарэс да кнігі выказаў рэдактар невялікага выдавецтва Chilton Books Стэрлінг Ланье. Нягледзячы на тое, што выдавецтва спецыялізавалася на тэхнічнай літаратуры, ён пераканаў кіраўніцтва выдаць раман. Кніга паступіла ў продаж у жніўні 1965 года, але не мела камерцыйнага поспеху: высокі кошт, значны аб’ём і філасофскі падтэкст выклікалі насцярожанасць. Большая частка накладу была ўтылізавана[7].

Аднак з цягам часу раман набыў папулярнасць, дзякуючы станоўчым водгукам чытачоў. У 1966 годзе «Дзюна» атрымала прэміі «Х'юга» і «Неб’юла». Значны рост цікавасці да кнігі адбыўся пасля выхаду таннага выдання ў мяккай вокладцы ад Ace Books. Пазней Герберт атрымаў прапанову напісаць працяг[7].

Культурны ўплыў

[правіць | правіць зыходнік]

Раман «Дзюна» натхніў аўтараў шматлікіх кніг, музычных твораў, фільмаў, тэлепраектаў, камп'ютарных гульняў і коміксаў[8]. Культурныя спасылкі на «Дзюну» ёсць у «Зорных войнах», «Зорным шляху», «Хроніках Рыдзіка», «Хроніках забойцы каралёў» і «Футураме»[9]. Раман лічыцца крыніцай натхнення для анімэ Хаяо Міядзакі[10].

Па матывах рамана створаны гульні Dune (1992), Dune II (1992), анансаваны выхад гульні Dune: Awakening[11].

У гонар рамана названы невялікі кратар на Месяцы[12].

Пераклад на беларускую мову

[правіць | правіць зыходнік]

У 2025 годзе раман быў выданы на беларускай мове выдавецтвам «Янушкевіч». Пераклад выканаў Ігар Кулікоў[13]. Вокладку і мастацкае афармленне зрабіў Уладзь Пятручык.

Раман неаднаразова экранізаваўся:

  1. ↑ https://historical.ha.com/itm/books/first-editions/frank-herbert-dune-philadelphia-new-york-chilton-books-1965-first-edition-octavo-xxvi-412-pages-includin/a/6069-30396.s Праверана 16 чэрвеня 2024.
  2. 1 2 3 «Дюна» — великая: полный гид по фантастическому роману Фрэнка Герберта и ее экранизациям (руск.). www.pravilamag.ru. Праверана 31 мая 2025.
  3. 1 2 Алексей Ионов. Ультимативный гид по «Дюне»: в каком порядке читать и что вспомнить перед просмотром (руск.). Кинопоиск (7 марта 2024).
  4. 1 2 3 4 5 Радио Долин. Все о «Дюне» — главном блокбастере 2021 года (с Тимоти Шаламе!) (16 верасня 2021). Праверана 31 мая 2025.
  5. ↑ Фрэнк Герберт. Что значит быть человеком? (англ.). egoistmag.ru. Праверана 31 мая 2025.
  6. ↑ Алиса Рекунова. «Происхождение Дюны». Эссе писателя Фрэнка Герберта о создании великой научно-фантастической вселенной (руск.). discours.io (3 июля 2023).
  7. 1 2 3 4 Ионов, Алексей. История публикации «Дюны» Фрэнка Герберта. И что из неё могут почерпнуть начинающие авторы (руск.). Delibri (5 студзеня 2022). Праверана 31 мая 2025.
  8. ↑ Roberts, Adam (2000). Science Fiction. New York: Routledge. pp. 85–90. ISBN 978-0-415-19204-0
  9. ↑ Dune at 50: Pop Culture Is Hooked on Spice (англ.). B&N Reads (30 красавіка 2015). Праверана 31 мая 2025.
  10. ↑ Dazed. How Dune inspired Hayao Miyazaki’s Nausicaa of the Valley of the Wind (англ.). Dazed (17 верасня 2021). Праверана 31 мая 2025.
  11. ↑ Dune: Awakening (англ.). duneawakening. Праверана 31 мая 2025.
  12. ↑ Planetary Names. planetarynames.wr.usgs.gov. Праверана 31 мая 2025.
  13. ↑ Citydog. Культавы амерыканскі раман «Дзюна» выйдзе па-беларуску . Citydog (21 кастрычніка 2024).