Дзявочая вежа (Баку)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вежа
Дзявочая вежа
азерб.: Qiz Qalasi
40°21′58,20″ пн. ш. 49°50′14,10″ у. д.HGЯO
Краіна  Азербайджан
Горад Баку
Архітэктурны стыль Шырвана-апшэронская школа
Архітэктар Масуд ібн Давуд
Дата заснавання XII ст. (пабудавана на месцы будынкаў VII-VI ст. да н.э.[1])
Статус Аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
Вышыня 29,5 м
Стан музей
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзявочая вежа (азерб.: Qız Qalası — Кыз-каласы, Гыз-галасы) — старажытная абарончая пабудова ў прыбрэжнай частцы «Старога горада» Ічэры-шэхер. З’яўляецца адным з важнейшых кампанентаў прыморскага «фасада» Баку. Яе суровы масіў узвышаецца ў прыбрэжнай частцы феадальнага горада — Крэпасці, Ічэры-шэхер. Вежа стаіць на скале, часткова абліцаванай гладка часаным камянём і абароненай крапасной сцяной з сістэмай паўкруглых выступаў, якія паднімаюцца ад падножжа амаль да самай вяршыні.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назва помніка «Гыз каласы» звязана, верагодна, з тым, што вежа ніколі не была захоплена ворагам.

Гравюра 1630 года Э. Кемпфера.

Дата пабудовы Дзявочай вежы невядома. Хоць у верхнюю частку вежы справа ад увахода ўманціравана каменная пліта з двухрадковым куфічным надпісам. Надпіс кажа: «губбе (купал, звод) Масуда ібн-Давуда». Доўгі час, зыходзячы з гэтага надпісу, вежу датавалі XII стагоддзем, але гэтая пліта відавочна з’явілася на вежы пазней, бо яна выпадкова і неахайна прымацавана да кладкі, не над галоўным уваходам, а недзе збоку, на вышыні 14 метраў ад зямлі. Хутчэй за ўсё, гэта надмагільная пліта, якой падчас рамонту залажылі акно ў вежы, ці на ёй — імя майстра, які рамантаваў будынак. Падчас агляду можна заўважыць, што на гэтым месцы была квадратная ніша ці акно. Пасля ўсталявання пліты ў верхнюю частку нішы быў устаўлены выпадковы камень, а шчыліны замазаны растворам. Тое, што на месцы пліты было акно, ускосна пацвярджаецца і яго месцапалажэннем — ніша знаходзілася амаль на адным узроўні з галоўным акном вежы, але на супрацьлеглым ад яго баку.

Вежа будавалася ў два этапы: першы адносіцца да даісламскай эры, а надпіс належыць да больш позняга часу, верагодна, XII стагоддзя.

У XVIII—XIX стагоддзях Дзявочая вежа выкарыстоўвалася як маяк. Маяк пачаў свяціць 13 чэрвеня 1858 года, а раней над вежай уздымаўся крапасны сцяг. Пазней, з-за росту горада, агні маяка на вежы сталі злівацца з начнымі агнямі горада, і ў 1907 годзе маяк быў перанесены на востраў Наргін.

Дзявочая вежа неаднаразова рэстаўравалася. Падчас рамонту, праведзенага ў сярэдзіне XIX стагоддзя рускім ваенным ведамствам, з вяршыні вежы зніклі машыкулі (зубцы), прызначаныя для абароны. Апошні раз вежа рэстаўравалася ў 1960-х гадах. У 1964 годзе Дзявочая вежа стала музеем, а ў 2000 годзе ўключана ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Будынак[правіць | правіць зыходнік]

План вежы

У ХІІ стагоддзі Дзявочая вежа ўвайшла ў абарончую сістэму Баку цытадэллю Бакінскай крэпасці — адной з самых магутных крэпасцяў Шырваншахаў. Але пазнейшыя даследаванні Дзявочай вежы абверглі ўсе здагадкі аб яе абарончым прызначэнні. Па сваёй форме, па ўнутраным уладкаванні, па месцы знаходжання яна не адпавядала абарончым мэтам. Наглядным прыкладам гэтага з’яўляецца размяшчэнне вокнаў: іх усяго некалькі ва ўсёй вежы, і знаходзяцца яны не на паверхах, а ўздоўж лесвіцы, і глядзяць не ўніз, а ўверх.

Акрамя таго, празмерна малой з’яўляецца плошча даху, дзе немагчыма размяшчэнне зброі. У вежы адсутнічае пастаянная сувязь паміж першым і астатнімі паверхамі. Ад першага паверха ўверх вяла не пастаянная лесвіца, а часовая, якую магчыма было прыбраць, пасля чаго абаронцы вежы фактычна самі б сябе замуравалі на верхніх паверхах. Гэта пацвярджае першапачатковае меркаванне аб рэлігійным прызначэнні Дзявочай вежы. Яна цалкам магла быць зараастрыйскай «вежай маўчання», узведзенай пры Сасанідах ці нават раней (калі з’яўляецца праўдзівым згадваемае раней паданне аб пакаранні святога Варфаламея).

Плоскімі каменнымі купаламі ўнутраны аб’ём вежы падзелены на 8 ярусаў, злучаных вінтавымі лесвіцамі і асветленых шчылінападобнымі вакенцамі, якія знаходзяцца з поўдня ад выступу. У вежы маглі знаходзіцца 200 чалавек, іх забяспечваў вадой глыбокі калодзеж. Сваімі памерамі (вышыня 30 метраў) і таўшчынёй сценаў (5 м каля аснавання і 4 м уверсе) Дзявочая вежа значна перавышае замкі Апшэрона. Не сустракае аналогій і яе таямнічы выступ, які не быў ні контрфорсам, ні тайніком, ні «шпорай» для адбівання каменных ядраў. Сродкі абароны, верагодна, засяроджваліся на верхняй пляцоўцы, характар архітэктуры якой дакументальна не вызначаны.

Незвычайнай з’яўляецца і рабрыстая паверхня корпуса, утвораная чаргаваннем выступаючых і ўтопленых радоў кладкі. Апісанні Дзявочай вежы, датуемыя пачаткам ХХ стагоддзя і раней, не згадваюць аб ярусах.

Легенды[правіць | правіць зыходнік]

Сцэна з балета «Дзявочая вежа», сюжэт якога быў заснаваны на легендзе

Аб узнікненні Дзявочай вежы існуе шмат легенд. Большасць з іх звязаная са словам «Дзяўчына». Паводле адной з легенд, шах спрабаваў выдаць дачку за чалавека, якога яна не кахала. Спрабуючы пазбавіць сябе ад такой долі і адгаварыць бацьку, дзяўчына папрасіла шаха пабудаваць вежу і пачакаць, пакуль будаўніцтва не будзе завершана. Да моманту заканчэння будаўніцтва цар не змяніў свайго рашэння, і тады дзяўчына ўзышла на вежу і адтуль кінулася ў мора. Пасля гэтага камень, аб які царэўна разбілася, назвалі «Камянём нявінніцы», і дзяўчыны-нявесты прыносілі да яго кветкі. Існуе і іншы варыянт легенды: пасля таго, як яна кінулася ў мора, яе каханы адпомсціў за яе, забіўшы цара, але неўзабаве даведаўся, што русалкі выратавалі дзяўчыну. Праз нейкі час закаханыя змаглі знайсці адзін аднаго і ажаніцца.

Згодна з паданнем, каля Дзявочай вежы быў пакараны смерцю святы Варфаламей, адзін з дванаццаці апосталаў Ісуса Хрыста. На тэрыторыі Баку Варфаламей з’явіўся ў І стагоддзі, прапаведуючы хрысціянства сярод паганскіх плямёнаў. Але вучэнне Варфаламея было адрынута, і яго забілі каля сценаў Дзявочай вежы. Падчас раскопак каля Дзявочай вежы былі знойдзены рэшткі старажытнага храма, які атаясамліваецца з базілікай, узведзенай над месцам гібелі апостала.[2]

Дзявочая вежа ў культуры[правіць | правіць зыходнік]

У 1923 годзе вядомы азербайджанскі драматург Джафар Джабарлы напісаў паэму пад назвай «Дзявочая вежа». У наступным годзе на экраны выйшаў першы савецкі фільм, зняты ў Азербайджане, які быў заснаваны на сюжэце легенды. Дзявочай вежы прысвечаны і першы азербайджанскі балет, створаны Афрасіябам Бадалбейлі ў 1940 годзе. Сімвалу горада Баку прысвяціў верш Расул Рза.

Дзявочую вежу магчыма сустрэць на карцінах вядомых мастакоў.

З 2010 года з мэтай папулярызацыі Дзявочай вежы адбываецца міжнародны фестываль мастацтва «Дзявочая вежа», у межах якога мастакі з розных краін упрыгожваюць макеты вежы.

Дзявочая вежа на паштовых марках[правіць | правіць зыходнік]

Дзявочай вежы прысвечаны маркі СССР і Азербайджана.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Walled City of Baku with the Shirvanshah's Palace and Maiden Tower (англ.). Афіцыйны сайт ЮНЕСКА (18 красавіка 2000). Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2012. Праверана 27 сакавіка 2015.
  2. Варфоломей // Православная энциклопедия. — М: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2003. — Т. VI. — С. 706-711. — 753 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-895-72-010-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]