Дзям’ян Раманавіч Новікаў
| Дзям'ян Раманавіч Новікаў | |
|---|---|
| | |
| Дата нараджэння | 18 кастрычніка 1896 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 31 студзеня 1976 (79 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Месца працы | Бібліятэка БДСГА |
| Альма-матар | |
| Узнагароды і прэміі | |
Дзям’ян Раманавіч Новікаў (18 кастрычніка 1896, в. Шапялёўка, Горацкі павет — 31 студзеня 1976) — беларускі бібліятэкар, шматгадовы загадчык бібліятэкі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія), унёс значны ўклад у захаванне і аднаўленне бібліятэчных фондаў пасля Другой сусветнай вайны. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1896 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Шапялёўка Горацкага павета. У 1908 годзе скончыў народнае вучылішча ў Маслаках, пасля — гарадское чатырохкласнае вучылішча ў Копысі. У 1914 годзе паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Там арганізаваў гурток для самаадукацыі. У вольны час падпрацоўваў у Горацкай павятовай воінскай установе[1].

У 1919 годзе скончыў вучылішча і пачаў працаваць памочнікам загадчыка бібліятэкі, а з 1920 года — загадчыкам бібліятэкі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. На гэтай пасадзе ён збіраў найбольш каштоўныя і рэдкія выданні, арганізаваў бясплатны кнігаабмен з буйнейшымі бібліятэкамі краіны, дамогся, каб абавязковы асобнік выдадзеных кніг трапляў у бібліятэку ў Горкі. Дзякуючы ягонай працы, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі складаў болей за 600 тысяч асобнікаў[1].
У 1930 годзе скончыў завочна агранамічны факультэт акадэміі, пасля чаго чытаў курсы «Навуковая арганізацыя працы і работа з кнігай», «Азеляненне населеных пунктаў», «Дэкаратыўнае садаводства». На грамадскіх пачатках кіраваў паркавай гаспадаркай акадэміі[2].
У 1941 годзе пайшоў на фронт. Даведаўшыся, што нацысты вывезлі кнігі з акадэмічнай бібліятэкі, пачаў іх актыўна шукаць, пісаў у франтавыя газеты. У выніку на адрас бібліятэкі ў 1944—1945 гадах прыйшло 120 бандэролей і пасылак з больш як 1 000 кніг, вывезеных з Горак і знойдзеных пазней байцамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі[2].
У сакавіку 1945 года яму паведамілі пра буйную знаходку ў маёнтку ў раёне горада Штаргардта. Калі Новікаў прыбыў туды, то ўбачыў там не меней за 300 скрыняў кніг з горацкай акадэмічнай бібліятэкі, Акадэміі навук БССР і Магілёўскага педінстытута. Ён паведаміў пра знаходку ў Ваенны Савет Арміі, ЦК КПБ і Прэзідыум АН БССР. Дзякуючы гэтаму, каштоўнасці былі вернуты на радзіму[2].

Дзям’ян Новікаў актыўна вёў перапіску з бібліятэкамі СССР з просьбай дапамагчы ў аднаўленні бібліятэчнага фонду ў Горках. Дзякуючы гэтаму бібліятэка Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі перадала каля 15 тысяч дублетных выданняў. Кнігі таксама былі атрыманыя з бібліятэкі АН СССР, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых устаноў[1].
З 1 ліпеня 1946 года працаваў загадчыкам кафедры лесаводства, чытаў курсы лесаводства і дэкаратыўнага садаводства. Займаўся азеляненнем, кветкамі, мясцовым паркам. У 1971 годзе яму ўпершыню ў Беларусі было прысвоена званне Ганаровага сябра Беларускага таварыства аховы прыроды[2].
Дзякуючы намаганням калектыву бібліятэкі пад кіраўніцтвам Новікава, да 1966 года ейны фонд зноў склаў больш за 600 тысяч кніг, а ў 1973 годзе — болей за мільён[2].
У канцы 1975 года выйшаў на пенсію. Памёр 31 студзеня 1976 года.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]У 1980 годзе на будынку акадэмічнай бібліятэкі была размешчана мемарыяльная шыльда з барэльефам Дзям’яна Новікава[2].
7 кастрычніка 2016 года акадэмічнай бібліятэцы было прысвоена імя Дзям’яна Раманавіча Новікава[3].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Медаль «За працоўную адзнаку».
- Ордэн Чырвонай Зоркі.
- Медаль «За вызваленне Варшавы».
- Медаль «За ўзяцце Берліна».
- Медаль «За перамогу над Германіяй».
- Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Дзям’ян Раманавіч Новікаў быў знаёмы з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Гарэцкім, Гаўрылам Гарэцкім[1].
Апошняя сустрэча Новікава і Купалы адбылася 30 чэрвеня 1941 года, калі паэт заехаў у Горкі па дарозе са сваёй дачы ў Ляўках у час эвакуацыі на Усход[1].
Яму прысвечаны верш балгарскага паэта Стэфана Пантонева «Бібліятэкар», які быў надрукаваны ў кнізе «Беларусь — белая балада», пераклад на беларускую мову зроблены Рыгорам Барадуліным і Ванкарэм Нікіфаровічам[1].
Янка Купала прысвяціў яму верш «Сярод дубоў і ліп адвечных»[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Ліўшыц, Уладзімір. «Акадэмічную бібліятэку разрабавалі, кнігі спалілі, але ён адрадзіў яе з попелу» // Узгорак. — 2021. — № 42 (642), 21 кастрычніка. — С. 3, 7.
- ↑ а б в г д е ё С Горками и академией связаны судьбой (события, люди и дела). Заметки краеведа / В. М. Лившиц. — Горки: БГСХА, 2013. — 200 с.
- ↑ Библиотеке академии присвоено имя Д. Р. Новикова(недаступная спасылка). baa.by. Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2022. Праверана 22 мая 2025.
- Асобы
- Нарадзіліся 18 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1896 годзе
- Нарадзіліся ў Горацкім павеце
- Памерлі 31 студзеня
- Памерлі ў 1976 годзе
- Памерлі ў Горках
- Выпускнікі агранамічнага факультэта БДСГА
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя медалём «За працоўную адзнаку»
- Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «За ўзяцце Берліна»
- Узнагароджаныя медалём «За вызваленне Варшавы»
- Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР
- Нарадзіліся ў Горацкім раёне