Дзяўчына з жамчужнай завушніцай (фільм)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дзяўчына з жамчужнай завушніцайM:
англ.: Girl with a Pearl Earring
Постар фільма
Жанр драматычны фільм[2][3][4], біяграфічны фільм, экранізацыя рамана[d] і рамантычны фільм[5]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Archer Street[d][10], Delux Productions[d][10] і UK Film Council[d]
Працягласць 95 хв.
Бюджэт £10 млн.
Зборы $33 млн.
Краіна
Мова англійская
Год 23 верасня 2004[1]
IMDb tt0335119
Афіцыйны сайт

«Дзяўчы́на з жамчу́жнай завушні́цай» або «Дзяўчо́ з пе́рлавай завушні́цай»[11] (англ.: Girl with a Pearl Earring) — мастацкі фільм 2003 года рэжысёра Пітэра Уэбера[12]. У аснову кінакарціны быў пакладзены аднайменны раман 1999 года амерыкана-брытанскай пісьменніцы Трэйсі Шэвалье[en], адаптацыяй рамана займалася сцэнарыстка Алівія Хетрыд[en]. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Колін Фёрт і Скарлет Ёхансан.

Падзеі фільма адбываюцца ў 1665 годзе ў горадзе Дэлфт (Галандыя). У дом мастака Яна Вермера прыходзіць працаваць новая пакаёўка — юная прыгажуня Грыт, сям’я якой апынулася на мяжы банкруцтва. Шматдзетная сям’я паспяховага мастака насупраць — належыць да вельмі забяспечаных, аднак апошнім часам яе дабрабыт залежыць ад прыхамацяў багатага патрона, арыстакрата Пітэра Ван Рэйвена, які ўсё больш неахвотна замаўляе ў Вермера карціны. З’яўленне пакаёўкі прыносіць у жыццё сям’і новыя клопаты, але дае мастаку новую крыніцу натхнення[11] Перайсці да раздзела «Сюжэт».

Прэм’ера фільма адбылася 31 жніўня 2003 года на кінафестывалі ў Тэльюрайдзе. У шырокі пракат карціна выйшла 12 снежня 2003 года ў ЗША, а затым 16 студзеня 2004 года ў Вялікабрытаніі[13]. Пры бюджэце ў 10 мільёнаў фунтаў, фільм сабраў у сусветным пракаце 33 мільёны долараў[14] Перайсці да раздзела «Выхад і прызнанне».

Карціна атрымала пераважна станоўчыя водгукі рэцэнзентаў, якія ўсхвалялі візуальнае рашэнне фільма, а таксама ігру акцёраў, тым не менш падвяргаючы крытыцы некаторыя элементы сюжэту. Карціна была адзначана 17 кінапрэміямі, а таксама шматлікімі намінацыямі, у тым ліку 10 намінацыямі на прэмію «BAFTA», 3 намінацыямі на «Оскар» і 2 намінацыямі на «Залаты глобус» Перайсці да раздзела «Узнагароды».

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Дэлфт, 1665 год. Маладая сарамлівая дзяўчына Грыт (Скарлет Ёхансан) вымушана пайсці працаваць служанкай у дом вядомага мастака Іаганеса Вермера (Колін Фёрт). Бацька дзяўчыны, па прафесіі майстар-кераміст, нядаўна аслеп і, стаўшы непрацаздольным, пакінуў сям’ю ў цяжкім фінансавым становішчы. Цяпер Грыт належыць падтрымаць сям’ю. Выпраўляючы дачку ў дарогу, маці асцерагае яе ад удзелу ў каталіцкіх малітвах, а бацька дае ёй на памяць сваю ўлюбёную, распісаную ім керамічную плітку. Па дарозе ў свой новы дом Грыт на імгненне спыняецца на цэнтральнай плошчы, і затым накіроўваецца ў раён «папістаў».

У новым доме Грыт становіцца памочніцай служанкі Танэке (Джаана Скэнлан). На дзяўчыну лягае шмат працы па гаспадарцы: мыць бялізну і адзенне, прыбіраць памяшканні, гатаваць ежу і выконваць шматлікія іншыя паручэнні. Грыт таксама даручаюць прыбіранне ў майстэрні гаспадара дому. Гэта незвычайная праца: дзяўчыне трэба вымыць памяшканне, выцерці ўвесь пыл, не зварухнуўшы пры тым ніводнай рэчы. Праца ў майстэрні становіцца своеасаблівай аддушынай у шэрай будзённасці Грыт, яе прываблівае таямнічы свет мастацтва, часам яна прыпыняе працу і заглядваецца на карціны, што піша мастак.

Калі гаспадыня (Эсі Дэвіс) не ў настроі, то Грыт даводзіцца хадзіць за яе на рынак. Там яна знаёміцца з сынам мясніка Пітэрам (Кіліян Мёрфі), які адразу звяртае ўвагу на сімпатычную служанку. Тым часам фінансавы стан Вермераў пакідае жадаць лепшага. Гаспадар падоўгу піша свае палотны, і бывае праходзіць шмат месяцаў, пакуль ён не вырашае, што карціна гатова. Танэке расказвае Грыт, што аднойчы з грашыма было зусім дрэнна і гаспадару давялося прадаць частку ўпрыгожванняў сваёй жонкі. Быў вялікі скандал, і гаспадыня зрабіла замах на адну з карцін свайго мужа. З тых часоў ёй забаронена ўваходзіць у яго студыю.

У сямействе Вермераў папаўненне — Катарына нараджае сына Францыска. З гэтай нагоды плануецца вялікае святкаванне, на якім таксама будзе прадстаўлена і новая карціна мастака. Грыт пасылаюць з запрашэннем да Пітэра Ван Рэйвена[en] (Том Уілкінсан), дабрадзея і пастаяннага пакупніка Вермераў. На святкаванні Ван Рэйвену дэманструюць замоўленую ім карціну, і ён застаецца задаволены працай мастака. Марыя Цінс (Джудзі Парфіт), цёшча Іаганеса, якая кіруе фінансамі сям’і, спрабуе падахвоціць патрона на замову новай карціны. Той цікавіцца, ці знайшоў Вермер новую крыніцу для натхнення — аднак мастак адказвае, што яшчэ не. Праз нейкі час Вермер застае Грыт за тым, як яна мые вокны ў яго студыі. Неўзабаве ён пачынае працу над новай карцінай.

Між Вермерам і Грыт усталёўваюцца больш блізкія адносіны. Калі ў яго майстэрню дастаўляюць камеру-абскуру, ён прапануе дзяўчыне зірнуць і спрабуе патлумачыць прынцып дзеяння гэтага прыстасавання. Іншым разам ён заўважае, што Грыт глядзіць на яго незавершаную працу і не разумее, чаму ўсё не тых колераў. Ён просіць дзяўчыну сказаць, якога колеру аблокі за вакном. Яна адказвае, што яны белыя, але тут жа выпраўляецца, падмячаючы жоўтыя, сінія і шэрыя адценні. Мастаку падабаецца прыадкрываць таямніцы мастацтва дзяўчыне, якая праяўляе столькі інтарэсу да яго працы і схоплівае ўсё з такой кемлівасцю. Тым не менш, Грыт не карыстаецца асаблівай прыхільнасцю сярод іншых дамачадцаў, а жонка мастака Катарына і яе дачка Карнэлія (Алакіна Ман) нярэдка выказваюць ёй адкрытую непрыязнасць. Апошняя толькі і шукае магчымасці, як нашкодзіць служанцы. Аднойчы яна вымазвае брудам развешаную для сушкі бялізну, а, атрымаўшы аплявуху, забіраецца ў каморку Грыт і разбівае размаляваную плітку, падарунак бацькі.

Дэлфт 1660-х гадоў на карціне Яна Вермера.

Мастак паказвае Грыт, як і з чаго робяць фарбы, і прапануе дапамагаць яму ў іх прыгатаванні. Дзяўчына адмаўляецца, бо ў яе няма на гэта часу, але мастак настойвае — яна мусіць знайсці час. Аднаго разу Танэке скардзіцца гаспадыні, што ёй цяжка высыпацца побач з маленькім Францыскам і яго карміліцай, гаспадыня ж не бачыць, чым можа дапамагчы. Раптам у размову ўступае яе муж і прапануе пасяліць Танэке ў падвале, а Грыт пасцяліць у мансардзе бліжэй да студыі. Цяпер Грыт устае раней і перад сваім працоўным днём тайком ад гаспадыні займаецца прыгатаваннем фарбаў. Дзяўчыне не дае спакою пачуццё, што на новай карціне гаспадара нешта не так, і яна вырашае ўмяшацца. Сабраўшыся з духам, яна прыбірае з пастаноўкі крэсла. Калі яна ў наступны раз прыходзіць у студыю, крэсла не аказваецца і на карціне.

У гаспадыні знікае чарапахавы грэбень, і яна адразу накідваецца з абвінавачваннямі на Грыт. Дзяўчына моліць паверыць, што гэта не яна, і гаспадар вырашае дапамагчы. Ён гнеўна абшуквае ўвесь дом і знаходзіць грэбень у зламыснай Карнэліі. Гаспадарская дачка атрымлівае пакаранне, аднак гэта не змяншае варожасці гаспадыні да служанкі: ёй строга наказана больш увагі ўдзяляць працы, а іначай яе выганяць. Тым часам над Грыт навісае новая небяспека. Марыя Цінс угаварвае Ван Рэйвена замовіць у іх новую карціну, і той згаджаецца, але настайвае, каб разам з ім пазіравала служанка. Горад поўніцца чуткамі, што мінулае такое пазіраванне скончылася цяжарнасцю мадэлі, і цяпер усе пляткараць пра Грыт. Такія памкненні Ван Рэйвена не падабаюцца і мастаку, і ён дамаўляецца са сваім патронам, што напіша для яго партрэт Грыт пры ўмове, што яны не будуць пазіраваць разам. Марыя Цінс у сваю чаргу патрабуе, каб праца вялася таемна, каб лішні раз не раздражняць Катарыну, якая зноўку цяжарная.

Грыт пачынае пазіраваць Вермеру, але праца не клеіцца. Мастак просіць Грыт зняць яе заўсёдны галаўны ўбор, каб лепш разглядзець яе твар, але яна адмаўляецца, бо для незамужняй дзяўчыны непрыстойна паказваць свае валасы мужчыну. Тады мастак прапануе Грыт змяніць галаўны ўбор на больш адкрыты, і калі яна пераапранаецца, ён падглядвае за ёй і бачыць яе пышныя рудыя валасы. Грыт глыбока збянтэжана, яна не паказала і пасмы валасоў свайму абранніку, сыну мясніка, хаця той і ўгаварваў яе. Тым часам, абстаноўка накаляецца ўсё мацней. Ван Рэйвену не церпіцца як хутчэй атрымаць партрэт дзяўчыны, а найлепш саму Грыт. Аднойчы ён падпільноўвае яе сярод развешанай бялізны і намагаецца згвалціць, аднак, дзякуючы шчаслівай выпадковасці, служанцы ўдаецца ўратавацца. Карціна ж ніяк не ўдаецца, у кампазіцыі не стае балансу. І мастак знаходзіць выйсце, якое прыводзіць Грыт у жах, — ёй належыць пракалоць вушы і апрануць жамчужныя завушніцы гаспадыні. Грыт супраціўляецца, але мастак няўмольны: ён паказвае дзяўчыне карціну, і той прыходзіцца прызнаць, што іншага выйсця і ўпраўду няма. Неўзабаве выдараецца дзень, калі Катарына адсутнічае дома. Марыя Цінс выдае дзяўчыне жамчужныя завушніцы, мастак па просьбе Грыт уласнаручна пракалвае ёй вушы — і пачынаецца завяршаючы этап працы над карцінай.

Апынуўшыся, як між молатам і кавадлам, між Ван Рэйвенам, які прагне нацешыцца целам Грыт, і мастаком, які палоніць яе душу, — Грыт бяжыць да Пітэра і аддаецца яму. Тым часам Карнэлія, якая не пераставала шпіёніць за служанкай, даносіць маці пра новую карціну і пра яе завушніцы. Раз’юшаная Катарына ўрываецца ў майстэрню мужа і патрабуе паказаць ёй палатно. Партрэт Грыт прыводзіць яе ў шаленства, яна хапаецца за мастыхін і кідаецца на карціну. Аднак мастаку ўдаецца яе спыніць. У істэрыцы Катарына праганяе служанку з дому, і гэтым разам мастак не ўступаецца за дзяўчыну.

Праз нейкі час у дом Грыт прыходзіць Танэке і перадае ёй запячатаны скрутак. У ім аказваюцца жамчужныя завушніцы — падарунак мастака.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

   Колін Фёрт   –   Ян Вермер
   Скарлет Ёхансан   –   Грыт
   Том Уілкінсан   –   Пітэр Ван Рэйвен[en]
   Джудзі Парфіт[en]   –   Марыя Цінс[en]
   Кіліян Мёрфі   –   Пітэр, сын мясніка
   Эсі Дэвіс[en]   –   Катарына Вермер
   Джаана Скэнлан[en]   –   Танэке
   Алакіна Ман[ru]   –   Карнэлія Вермер
   Крыстафер Мак-Халем[en]   –   бацька Грыт
   Габрыэль Рэйдзі[en]   –   маці Грыт
   Рола Вікс[en]   –   Франс
   Анна Поплуэл[en]   –   Мэртжы
   Джэф Бэл[en]   –   Пол, мяснік
   Джон Мак-Інеры[en]   –   аптэкар

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Праца над сцэнарыем[правіць | правіць зыходнік]

Зыходным пунтам у стварэнні фільма «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» стаў 1999 год. У жніўні гэтага года быў апублікаваны аднайменны раман[en] амерыкана-брытанскай пісьменніцы Трэйсі Шэвалье[en], але яшчэ незадоўга да выхаду ў свет кніга патрапіла да сцэнарысткі Алівіі Хетрыд[en][15]. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Шэвалье і Хетрыд карысталіся паслугамі аднаго і таго ж агента[16]. Сцэнарыстка адолела раман за дзве гадзіны і прыйшла ў глыбокае захапленне[17]. Ёй спадабаўся персанаж Грыт і «яе рашучасць быць свабоднай у свеце, дзе гэта было амаль немагчымым для дзяўчыны ў яе становішчы»[18]. Ананд Такер[en] і Эндзі Патэрсан[en], муж Хетрыд, — абодва прадзюсары невялікай брытанскай студыі «Archer Street Films»[17][19] — звярнуліся да аўтаркі рамана з просьбай аб экранізацыі. Шэвалье згадзілася, мяркуючы, што брытанская студыя дапаможа супрацьстаяць імкненню Галівуда звесці гісторыю да яе сексуальнага аспекту[16][20]. Яна агаварыла, што ў іх адаптацыі галоўныя героі не павінны ўступіць у палавыя адносіны. Патэрсан і Такер паабяцалі сфакусавацца на эмацыйным боку гісторыі, і Шэвалье не стала далей трымаць пад кантролем працэс стварэння фільма, хаця некаторы час і падумвала аб тым, каб самой заняцца адаптацыяй[16][21].

Працуючы над сцэнарыем, Хетрыд шчыльна супрацоўнічала з Такерам і Уэберам, што дапамагала ёй канцэнтравацца не на напісанні прыгожага тэксту, а на вобразе будучага фільма[16]. Першыя чарнавікі сцэнарыя вызначаліся празмернай блізкасцю да зыходнага матэрыялу, але пасля шматлікіх перапісванняў ён паступова набыў свой уласны характар[16]. Дзеля таго, каб пазбегнуць празмернай літаратурнасці, Хетрыд адмовілася ад ідэі выкарыстоўваць закадравы голас, які прысутнічаў у рамане (кніга напісана ад першай асобы)[16]. Замест гэтага яна засяродзілася на візуальнай перадачы думак Грыт. Напрыклад, у адаптацыі прысутнічае сцэна, дзе Грыт і Вермер разам глядзяць у камеру-абскуру, накрыўшыся яго плашчом, што выклікае сексуальнае напружанне. У той жа час у першавытоку Грыт глядзіць у камеру адна адразу пасля мастака і толькі прыслухваецца да цяпла і водару, якія той пакінуў[16][22].

Раман выцягвае ўсё магчымае з тых нешматлікіх фактаў, што вядомы наконт жыцця Вермера. Каб даведацца больш пра мастака, сцэнарыстка даследавала галандскае грамадства XVII стагоддзя, шмат гутарыла са сваімі сябрамі-мастакамі, а таксама ўзяла інтэрв’ю ў гісторыка мастацтва Музея Вікторыі і Альберта, якая прымала ўдзел у рэстаўрацыі карціны «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай»[16]. Хетрыд заставалася ў цесным кантакце з Шэвалье, і пад канец працы яны так зблізіліся, што разам правялі майстар-клас па сцэнарным майстэрстве[18].

Выбар рэжысёра і падбор акцёраў[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова на ролю Грыт была запрошана амерыканская актрыса Кейт Хадсан[en][19]. Аднак у верасні 2001 года, за чатыры тыдні да запланаванага пачатку здымкаў, Хадсан пакінула праект, афіцыйнай прычынай адмовы сталі «творчыя рознагалоссі»[23]. Рашэнне Хадсан сарвала вытворчасць і прывяло да страты фінансавай падтрымкі з боку прадзюсарскай кампаніі «Intermedia[en]». Следам праект пакінулі рэжысёр карціны Майк Ньюэл[en] і выканаўца ролі Вермера Рэйф Файнс. У сувязі з гэтым інцыдэнтам «The Guardian» паведаміла, што «цяпер здаецца малаверагодным, каб фільм быў калі-небудзь зняты»[23].

Скарлет Ёхансан на прэм’еры фільма ў Таронта.

Пад канец таго ж года вытворчасць карціны аднавілася. Цяпер прадзюсары Такер і Патэрсан запрасілі ў рэжысёрскае крэсла малавядомага брытанскага тэлерэжысёра Пітэра Уэбера[24], якога яны ведалі па некалькіх ранейшых працах[18]. Паводле ўспамінаў рэжысёра, ён патрапіў у праект выпадкова. Падчас наведвання офіса прадзюсараў ён звярнуў увагу на рэпрадукцыю Вермера на сцяне і завёў размову на тэму яго мастацтва. Убачыўшы інтарэс Уэбера да прац галандскага мастака, прадзюсары прапанавалі рэжысёру прачытаць сцэнарый[24][25]. Уэбер не хацеў распачынаць сваю кар’еру ў вялікім кіно шаблоннай гісторыяй пра шэдэўр сусветнага мастацтва, але, дачытаўшы сцэнарый да канца, прыняў прапанову[25]:

" Першыя некалькі старонак я думаў: «Ведаеце, мой першы фільм не будзе такім. Гэта нешта добрапрыстойнае, гэта касцюмная драма». Але пакуль я чытаў сцэнарый, я ўсё больш улюбляўся ў яго. Па-сапраўднаму ж ён пакарыў мяне на сцэне праколвання вуха. Бо я падумаў: «Ведаеце што? Гэта не той фільм, якім ён мне здаўся напачатку. Тут ёсць фантастычнае цёмнае адценне; сэрца гэтай гісторыі — усёпаглынальныя рамантычныя стасункі. Тут ёсць жорсткасць, ёсць страсць, ёсць цікавыя рэчы пра сувязь грошай і мастацтва. Гэта гісторыя пра ўладу, пра секс, пра цэлую кучу рэчаў». І я падумаў — гэта якраз такі фільм, які б я мог зняць[25]. "

У сваёй далейшай працы над фільмам рэжысёр абапіраўся толькі на сцэнарый і на веды пра эпоху. Ён наўмысна адмовіўся ад прачытання першакрыніцы, бо непакоіўся, што ўплыў кнігі можа забіць самабытнасць фільма[25].

Першым важным крокам для Уэбера стаў пошук актрысы на галоўную ролю. Праз кастынг прайшло парадку 150 дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў[24][26]. У выніку Уэбер спыніўся на 17-гадовай Скарлет Ёхансан. Рэжысёр адзначаў, што на ролю было мноства цудоўных прэтэндэнтак, аднак Ёхансан вылучалася сярод іх нечым адметным[26]. Актрыса прыехала на здымачную пляцоўку ў Люксембург адразу ж пасля заканчэння працы над «Цяжкасцямі перакладу[en]» і таму не мела магчымасці сур’ёзна падрыхтавацца да ролі. Апісваючы свае ўражанні ад сцэнарыя, Ёхансан адзначала, што гэта вельмі кранаючы тэкст. «Адносіны з Вермерам вельмі эмацыйна напоўненыя, яны ўяўляюць сабой нешта практычна няўлоўнае — што заўсёды выслізгвае, нешта балючае, гэта той боль, калі ты надзвычай моцна некага або нешта жадаеш, а яно ўвесь час выслізгвае з тваіх рук»[27]. Як і рэжысёр фільма, актрыса ўстрымалася ад прачытання кнігі, каб падысці да гісторыі «з чыстага ліста»[17][28].

Неўзабаве пасля таго, як Ёхансан была зацверджана на ролю, да каманды далучыўся англійскі акцёр Колін Фёрт, якому прапанавалі сыграць Вермера[24]. Фёрт і Уэбер, людзі аднаго ўзросту, паходжання і культурнага бэкграўнда, удзялілі шмат ўвагі абмеркаванню асобы і ладу жыцця Вермера[27]. Гатуючыся да ролі, Фёрт прыйшоў да высновы, што Вермер быў «неверагодна няўлоўны як мастак»[17]. У адрозненні ад Уэбера і Ёхансан, Фёрт вырашыў прачытаць кнігу, каб лепш зразумець чалавека, пра асабістае жыццё якога так мала вядома[25]. Акцёр імкнуўся «вынайсці» персанажа і выявіць яго матывы. У выніку ён прыйшоў да высновы, што Вермер быў чалавекам, які жыў двума жыццямі, які «пісаў ціхія карціны ў шумным доме»[17]. Пры падрыхтоўцы да ролі Фёрт таксама вывучаў тэхніку жывапісу і наведваў музеі з творамі Вермера[17].

Рэжысура[правіць | правіць зыходнік]

Стваральнікі фільма вывучалі карціны Вермера, такія як «Малая вуліца[en]».

Падчас падрыхтоўкі да здымкаў рэжысёр Пітэр Уэбер і аператар Эдуарду Сера[en] вывучалі мастацкія працы таго перыяду і абмяркоўвалі розныя настроі, якія яны хацелі стварыць для кожнай асобнай сцэны[29]. Рэжысёр быў аматарам гістарычнай драмы Стэнлі Кубрыка «Бары Ліндан[en]», але ведаў, што «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» павінна быць фільмам іншага кшталту; у адрозненні ад складаных і дарагіх дэкарацый у карціне Кубрыка, пастаноўка Уэбера павінна была факусавацца на інтымных адносінах у межах адной сям’і[30]. Рэжысёр добра ўсведамляў небяспеку занадта заглыбіцца ў гістарычныя дэталі і наўмысна адмаўляўся ад іх, каб зрабіць фільм больш жывым і блізкім да гледача[17]. У адрозненні ад размоўных касцюмных драм, дзе сцэнарый будуецца на дыялогах, Уэбэр зрабіў стаўку на нешматслоўнасць галоўных герояў. У інтэрв’ю ён адзначаў: «Карціны Вермера не гаварлівыя. Гэта ціхі, напружаны, загадкавы свет. Я хацеў перадаць гэты настрой. Секс — не ў словах. Улада — не ў словах. Перад намі такая выдатная акцёрская ігра, што вы можаце сказаць, пра што думаюць гэтыя людзі»[24]. Рэжысёр таксама працаваў над тым, каб запаволіць тэмп фільма і тым самым стварыць між дыялогамі прамежкі поўныя эмоцый[31].

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]

Бюджэт фільма склаў 10 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў[19]. Хаця падзеі карціны адбываліся ў Дэлфце, фільм у асноўным здымаўся ў Амстэрдаме, Бельгіі і Люксембургу[32][21].

У Люксембургу здымачная каманда выкарыстоўвала дэкарацыі, якія перад тым былі задзейнічаны на здымках іншага фільма і выяўлялі Венецыю. Каб дэкарацыі сталі прыдатнымі для здымкаў вуліц Дэлфта, давялося змяніць форму вокнаў, а венецыянскі камень замяніць на цэглу. Такім чынам, здымачная каманда атрымала абсалютны кантроль над прасторай і асвятленнем, з якімі яны працавалі, — чаго не ўдалося б дасягнуць, калі б яны проста перакрылі ажыўлёную вуліцу сапраўднага Дэлфта на некалькі гадзін[21]. У Дэлфце, аднак, было знята некалькі сцэн[17].

Аператар карціны Эдуарду Сера[en] быў апантаны ідэяй перадаць святло гэтаксама, як гэта рабілі мастакі таго перыяду, а асабліва як гэта рабіў Вермер[29].

Музычнае суправаджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Дэспла дэбютаваў у якасці кінакампазітара яшчэ ў 1985 годзе і на момант напісання музыкі да фільма «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» быў аўтарам саўндтрэкаў да больш чым 70 пераважна французскіх фільмаў. Аднак менавіта праца над фільмам Пітэра Уэбера вывела яго на міжнародную арэну і стала прарыўной для яго галівудскай кар’еры[33].

Уэбер вырашыў паклікаць Дэспла ў свой фільм пасля таго, як пачуў яго музыку да фільмаў Жака Адзіяра[34]. Апісваючы свае ўражанні ад музыкі Дэспла, рэжысёр адзначыў: «У яго было пачуццё стрыманнасці і пачуццё лірызму, якія мне спадабаліся. Я памятаю, як упершыню ўбачыў дапоўненую музыкай сцэну, дзе Грыт расчыняе аканіцы. Яму сапраўды ўдалося апісаць, што робіць святло, прагаворваючы гэта ў музычнай сферы»[34].

У партытуры саўндтрэка выкарыстоўваўся вялікі струнны аркестр з фартэпіяна, чэлестай, драўлянымі і меднымі духавымі інструментамі[35][33]. Заснаваная на струнных і фартэпіяна, але ўзмоцненая драўлянымі духавымі інструментамі, цэнтральная музычная тэма фільма дамініруе ў саўндтрэку, з’яўляючыся ў разнастайных інструментальных формах, уключаючы сольнае фартэпіяна і скрыпку. У іншых мелодыях саўнтрэка Дэспла стварае чароўную атмасферу асцярожных эмоцый і здзіўлення. Тут асаблівую цікавасць уяўляе сабой мелодыя «Colours in the Clouds», якую аглядальнік Дэні Грэйдан назваў «настолькі велічна простай, што яна сапраўды захоплівае сутнасць гісторыі»[33].

Запіс саўндтрэка адбываўся з 19 па 23 ліпеня 2003 года на студыі «Sony Studios» у Лондане[36].

Выхад і прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Пракат і зборы[правіць | правіць зыходнік]

Зборы
Краіна Прэм’ера Зборы
ЗША 12.12.2003 $11,670,971
Вялікабрытанія 16.01.2004 $5,957,139
Германія 23.09.2004 $3,309,338
Італія 20.02.2004 $2,665,024
Францыя 03.03.2004 $2,500,665
Аўстралія 11.03.2004 $2,106,567
Іспанія 20.02.2004 $1,642,045

Прэм’ера фільма адбылася 31 жніўня 2003 года на кінафестывалі ў Тэльюрайдзе[en]. На працягу наступных двух месяцаў фільм дэманстраваўся на кінафестывалях у Таронта (7 верасня), Сан-Себасцьяне (25 верасня), Дзінары[en] (3 кастрычніка), Остыне (12 кастрычніка), Галівудзе (17 кастрычніка), Лондане (30 кастрычніка) і на Гаваях (31 кастрычніка). У 2004 годзе спіс кінафестываляў, дзе праходзілі паказы кінастужкі, папоўніўся кінафестывалямі ў Гётэбаргу (27 студзеня), Бялградзе (3 сакавіка), Маскве (20 чэрвеня), Маніле (24 чэрвеня), Мюнхене (25 чэрвеня), Карлавых Варах (3 ліпеня), Капенгагене (22 жніўня). У 2005 годзе фільм быў паказаны на кінафестывалі ў Каіры (6 снежня)[13].

Упершыню ў шырокі пракат карціна выйшла ў ЗША, дзе распаўсюджваннем фільма займалася кампанія «Lionsgate[en]»[18]. Прэм’ерны паказ, які адбыўся 12 снежня 2003 года, ахапіў толькі 7 кінатэатраў, у выніку чаго за першы тыдзень праката карціна сабрала $89 472 і заняла 32-е месца. Цягам наступных месяцаў «Lionsgate» паступова пашырала пракат і 6 лютага 2004 года дасягнула пракатнага піку, ахапіўшы 402 кінатэатры. Агулам хатні пракат прынёс карціне $11 670 971[37].

16 студзеня 2004 года кампанія «Pathé» выпусціла фільм у Вялікабрытаніі[13][18]. У прэм’ерны тыдзень паказы адбываліся ў 106 кінатэатрах і прынеслі карціне £384,498 і 10-е месца ў пракаце. 3 сакавіка 2004 года прэм’ера карціны адбылася ў Францыі. Агульная колькасць прададзеных квіткоў склала 535 161, а фільм заняў у Францыі 89-е месца па зборах за 2004 год[38].

Зборы карціны перавысілі мільён долараў у сямі краінах: ЗША ($11,670,971), Вялікабрытанія ($5,957,139), Германія ($3,309,338), Італія ($2,665,024), Францыя ($2,500,665), Аўстралія ($2,106,567), Іспанія ($1,642,045)[14].

Рэйтынгі[правіць | правіць зыходнік]

Рэйтынгі
Выданне Адзнака
AllMovie 3 з 5 зорак3 з 5 зорак3 з 5 зорак3 з 5 зорак3 з 5 зорак[39]
BBC 4 з 5 зорак4 з 5 зорак4 з 5 зорак4 з 5 зорак4 з 5 зорак[40]
FilmAffinity 6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак6.4 з 10 зорак[41]
Internet Movie Database 6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак[12]
Metacritic 7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак[42]
Roger Ebert 4 з 4 зорак4 з 4 зорак4 з 4 зорак4 з 4 зорак[43]
Rotten Tomatoes 7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак[44]
КиноПоиск 7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак7.2 з 10 зорак[45]

Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 72 балы са 100 на аснове 37 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 7.0/10[42]. Паводле дадзеных іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 178 рэцэнзентаў 129 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 72 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 68 % на аснове больш чым 50 тысяч галасоў[44]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:

" Візуальна захапляючы фільм, але гісторыя магла б быць расказана крыху больш энергічна.[44] "

Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных сайтах, прысвечаных кіно: 3/5 на сайце «AllMovie»[39], 3.6/5 на сайце «AlloCiné»[46], 6.4/10 на сайце «FilmAffinity[en]»[41], 6.9/10 на сайце «IMDb»[12], 7.2/10 на сайце «КиноПоиск»[45].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Сьюзан Ходжэтс у аглядзе для BBC апісвае фільм як «выдатную брытанскую касцюмную драму, у якой умела пераплецены гісторыя мастацтва і рамантычны вымысел». Аглядальніца адзначае, што фільм знойдзе ўпадабанне не толькі ў аматараў творчасці Вермера, але і ва ўсіх тых, каму падабаюцца «сур’ёзныя, разумныя драмы і далікатнае эратычнае напружанне»[40]. Амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт у сваёй хвалебнай рэцэнзіі перасцярог гледачоў ад няправільнага ўспрыняцця фільма: «Не верце тым, хто лічыць, што гэты фільм пра „таямніцу“ натуршчыцы, або пра крыніцы натхнення Вермера, або пра сярэднявечныя гендарныя ролі, або пра тое, ці была цешча галавой сям’і. Фільм пра такія рэчы атрымаўся б дрэнным. „Дзяўчына з жамчужнай завушніцай“ прысвечана прафесійнаму ўзаемапаразуменню герояў, падобнага якому ніколі не здараецца паміж жывымі людзьмі»[43].

Шырокае адабрэнне крытыкі атрымаў візуальны рад карціны, над якім працавалі французскі аператар Эдуарду Сера[en], а таксама яго галандскія калегі мастак-пастаноўшчык Бен Ван Ос[en] і мастак па касцюмах Дзін Ван Страален[de]. Кінакрытык Філіп Фрэнч[en]The Observer[en]») выказаў думку, што менавіта гэты аспект фільма найбольш уразіць гледачоў: «Пейзажы нібы сышлі з карцін Хобемы. Строгая, апранутая ў чорнае цешча выглядае так, быццам пазіравала Рэмбранту ці Халсу. Інтэр’еры і экстэр’еры Дэлфта падаюцца ажыўшымі карцінамі Вермера, Пітэра дэ Хоха[en] і іх сучаснікаў. Фальсіфікатар Ван Мегерэн[en] тут і блізка не стаяў»[47].

Некаторыя крытыкі знаходзілі хібы ў сюжэце карціны. Так, кінакрытык Элвіс Мітчэл[en]The New York Times»), пахваліўшы візуальны і музычны рад карціны, адзначыў, што фільм уяўляе сабой «банальную бяздушную меладраму, напоўненую страснай цішынёй пасля кожнага ўздыху»[48]. Гісторык Алекс фон Тунцэльман[en] у сваім артыкуле для «The Guardian» супрацьпаставіла гістарычную дакладнасць і яркасць выявы фільма «бясколернасці сюжэту»[49].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 17 кінаўзнагародамі і яшчэ 46 намінацыямі[50].

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Спасылкі
Фестываль у Сан-Себасцьяне[en] 17—27.09.2003[es] «Залатая ракавіна[en]» «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Намінацыя
Прыз журы за найлепшую аператарскую працу Эдуарду Сера[en] Перамога
Прэмія міжнароднай канфедэрацыі артхаўснага кіно «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Перамога
Camerimage 29.11—06.12.2003 «Залатая жаба» (асноўны конкурс) Эдуарду Сера Намінацыя [51]
«Бронзавая жаба» (асноўны конкурс) Эдуарду Сера Перамога
Нацыянальны савет кінакрытыкаў ЗША 03.12.2003[en] Асаблівае прызнанне за выдатныя дасягненні ў кінавытворчасці «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Перамога [52]
Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса 07.01.2004[en] Найлепшая аператарская праца[en] Эдуарду Сера Перамога [53][54]
Прэмія новага пакалення[de] Скарлет Ёхансан Перамога
Кінафестываль у Палм-Спрынгс[en] 08—19.01.2004 Прэмія ўзыходзячай зорцы Скарлет Ёхансан Перамога
Спадарожнік 23.01.2004[en] Найлепшая аператарская праца[en] Эдуарду Сера Намінацыя
Залаты глобус 25.01.2004[en] Найлепшая жаночая роля — Драма[en] Скарлет Ёхансан Намінацыя [55]
Найлепшая арыгінальная музыка[en] Аляксандр Дэспла Намінацыя
Лонданскае кола кінакрытыкаў[en] 11.02.2004[en] Актрыса года[en] Скарлет Ёхансан Намінацыя
BAFTA 15.02.2004[en] Прэмія Аляксандра Корды за найлепшы брытанскі фільм[en] «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Намінацыя [56]
Найлепшы адаптаваны сцэнарый[en] Алівіі Хетрыд[en] Намінацыя
Найлепшая актрыса[en] Скарлет Ёхансан Намінацыя
Найлепшая актрыса другога плана[en] Джудзі Парфіт[en] Намінацыя
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка[en] Бен Ван Ос[en] Намінацыя
Найлепшая аператарская праца[en] Эдуарду Сера Намінацыя
Найлепшы дызайн касцюмаў[en] Дзін Ван Страален[de] Намінацыя
Найлепшыя грым і прычоскі[en] Джэні Шыркар[en] Намінацыя
Прэмія Энтані Асквіта за арыгінальную музыку да фільма[en] Аляксандр Дэспла Намінацыя
Прэмія Карла Формана за асаблівыя дасягненні брытанскага рэжысёра, сцэнарыста ці прадзюсара ў іх першым мастацкім фільме[en] Пітэр Уэбер Намінацыя
Оскар 29.02.2004[en] Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка[en] Бен Ван Ос (пастаноўшчык), Сесіль Хейдэман[de] (дэкаратар) Намінацыя [57]
Найлепшая аператарская праца[en] Эдуарду Сера Намінацыя
Найлепшы дызайн касцюмаў[en] Дзін Ван Страален Намінацыя
Давід дзі Данатэла[en] 14.04.2004[it] Найлепшы фільм Еўрапейскага Саюза[en] «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Намінацыя
Еўрапейская кінапрэмія 11.12.2004 Найлепшы еўрапейскі аператар[en] Эдуарду Сера Перамога [58][59]
Найлепшы еўрапейскі кампазітар Аляксандр Дэспла Намінацыя
Найлепшы еўрапейскі акцёр — Прыз глядацкіх сімпатый[en] Колін Фёрт Намінацыя
Залаты Дэрбі[fr] 2004 Найлепшая аператарская праца Эдуарду Сера Перамога [60]
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка Бен Ван Ос, Сесіль Хейдэман Намінацыя
Найлепшы дызайн касцюмаў Дзін Ван Страален Намінацыя
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі[en] 17.01.2005[tr] Найлепшы замежны фільм «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» 19-е месца
Гоя 30.01.2005[en] Найлепшы еўрапейскі фільм «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Намінацыя [61]
Польская кінапрэмія «Арлы» 05.03.2005[pl] Найлепшы еўрапейскі фільм «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Перамога [62]
Хлатрудзіс[fr] 20.03.2005[fr] Найлепшая аператарская праца[en] Эдуарду Сера Намінацыя [63]
Сан Жордзі 25.04.2005[ca] Найлепшая актрыса ў замежным фільме Скарлет Ёхансан Перамога

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. http://www.kinokalender.com/film4822_das-maedchen-mit-dem-perlenohrring.html Праверана 10 снежня 2017.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 http://www.metacritic.com/movie/girl-with-a-pearl-earring Праверана 13 красавіка 2016.
  3. 3,0 3,1 3,2 http://www.filmaffinity.com/en/film759947.html Праверана 13 красавіка 2016.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 4,7 4,8 4,9 http://www.imdb.com/title/tt0335119/ Праверана 13 красавіка 2016.
  5. (unspecified title) Праверана 28 мая 2019.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 http://stopklatka.pl/film/dziewczyna-z-perla Праверана 13 красавіка 2016.
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 7,5 7,6 7,7 7,8 7,9 europeanfilmawards.eu Праверана 28 ліпеня 2021.
  8. http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=45323.html Праверана 13 красавіка 2016.
  9. 9,0 9,1 9,2 http://www.imdb.com/title/tt0335119/fullcredits Праверана 13 красавіка 2016.
  10. 10,0 10,1 https://web.archive.org/web/20180212083812/https://www.europeanfilmacademy.org/2004.120.0.html Праверана 21 сакавіка 2020.
  11. 11,0 11,1 Дзяўчо з перлавай завушніцай (бел.) . Сайт «Мова нанова» (8 чэрвеня 2015). Праверана 22 жніўня 2020.
  12. 12,0 12,1 12,2 Girl with a Pearl Earring (2003) — IMDb (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 22 лютага 2021.
  13. 13,0 13,1 13,2 Girl with a Pearl Earring — Release Info (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 25 сакавіка 2021.
  14. 14,0 14,1 Girl with a Pearl Earring (2003) — Box Office Mojo (англ.) . Сайт «Box Office Mojo». Праверана 24 жніўня 2021.
  15. Cassandra Jardine. I thought: 'Who's playing a prank?' (англ.) . Сайт «The Daily Telegraph» (9 верасня 2003). Праверана 22 лютага 2021.
  16. 16,0 16,1 16,2 16,3 16,4 16,5 16,6 16,7 Marisol Grandon. 'We didn't want the "Griet discovers her sexuality in front of the mirror" scene' (англ.) . Сайт «The Daily Telegraph» (15 студзеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2020. Праверана 22 лютага 2021.
  17. 17,0 17,1 17,2 17,3 17,4 17,5 17,6 17,7 Laura Winters. The Story Beneath That Calm Vermeer (англ.) . Сайт «The Washington Post» (4 студзеня 2004). Праверана 22 лютага 2021.
  18. 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 Girl with a Pearl Earring: Production Notes (англ.) . Праверана 9 жніўня 2021.
  19. 19,0 19,1 19,2 York Membery, Jenny Jarvie. Kate Hudson to star as Vermeer's inspiration (англ.) . Сайт «The Daily Telegraph» (5 жніўня 2001). Праверана 22 лютага 2021.
  20. Arminta Wallace. Painting a portrait of Vermeer (англ.) . Сайт «The Irish Times[en]» (5 студзеня 2004). Праверана 22 лютага 2021.
  21. 21,0 21,1 21,2 Robert Colvile. Mother of Pearl (англ.) . Сайт «The Guardian» (28 снежня 2003). Праверана 22 лютага 2021.
  22. David Weddle. Girl With a Pearl Earring (англ.) . Сайт «Variety» (4 студзеня 2004). Праверана 15 красавіка 2021.
  23. 23,0 23,1 Hudson withdrawal scuppers British production (англ.) . Сайт «The Guardian» (18 верасня 2001). Праверана 21 красавіка 2021.
  24. 24,0 24,1 24,2 24,3 24,4 Alan Riding. Smoldering Daughter of Delft; A Film Fleshes Out Vermeer's Anonymous Model and the Artist Himself (англ.) . Сайт «The New York Times» (9 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 21 красавіка 2021.
  25. 25,0 25,1 25,2 25,3 25,4 Jeff Otto. An Interview with the Director and Stars of Girl with a Pearl Earring (англ.) . Сайт «IGN» (12 снежня 2003). Праверана 14 жніўня 2021.
  26. 26,0 26,1 Hugh Davies. Small pearl takes on the Bafta blockbusters (англ.) . Сайт «The Daily Telegraph» (15 студзеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2021. Праверана 14 жніўня 2021.
  27. 27,0 27,1 Kristin Hohenadel. Imagining an elusive Dutch painter’s world (англ.) . Сайт газеты «Los Angeles Times» (14 снежня 2003). Праверана 14 жніўня 2021.
  28. Paul Gent. Tracy Chevalier on letting go of Girl with a Pearl Earring (англ.) . Сайт «The Daily Telegraph» (23 верасня 2008). Архівавана з першакрыніцы 18 чэрвеня 2020. Праверана 14 жніўня 2021.
  29. 29,0 29,1 David Weddle. Eduardo Serra (англ.) . Сайт «Variety» (11 студзеня 2004). Праверана 5 чэрвеня 2021.
  30. David Weddle. Girl With a Pearl Earring (англ.) . Сайт «Variety» (11 студзеня 2004). Праверана 5 чэрвеня 2021.
  31. Lynn Neary. Art Imitating Art: 'Girl with a Pearl Earring' (англ.) . Сайт «National Public Radio» (21 снежня 2003). Праверана 5 чэрвеня 2021.
  32. Girl with a Pearl Earring — Filming & Production (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 5 чэрвеня 2021.
  33. 33,0 33,1 33,2 Danny Graydon. Girl With a Pearl Earring. Сайт часопіса «Empire[en]». Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2014. Праверана 18 чэрвеня 2015.
  34. 34,0 34,1 Jon Burlingame. Thinking in Colors and Textures, Then Writing in Music (англ.) . Сайт «The New York Times» (7 студзеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2021. Праверана 21 чэрвеня 2021.
  35. Ada Guerin. Alexandre Desplat: 'Girl With a Pearl Earring' Lions Gate release date: Dec. 12 (limited) (англ.) . «The Hollywood Reporter» (11 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2015. Праверана 24 чэрвеня 2015.
  36. Girl with a Pearl Earring (Music from the Motion Picture) – Alexandre Desplat / Pro Arte Orchestra of London (англ.) . Сайт «AllMusic». Праверана 21 чэрвеня 2021.
  37. Girl with a Pearl Earring (2003) — JPBox Office (фр.) . Сайт «JPBox Office». Праверана 30 сакавіка 2021.
  38. Girl with a Pearl Earring (2003) — JPBox Office (фр.) . Сайт «JPBox Office». Праверана 30 сакавіка 2021.
  39. 39,0 39,1 Girl with a Pearl Earring (2003) (англ.) . Сайт «AllMovie». Праверана 22 лютага 2021.
  40. 40,0 40,1 Susan Hodgetts. Girl With A Pearl Earring (2004) (англ.) . Сайт «BBC» (13 студзеня 2004). Праверана 24 жніўня 2021.
  41. 41,0 41,1 Girl With a Pearl Earring (англ.) . Сайт «FilmAffinity». Праверана 22 лютага 2021.
  42. 42,0 42,1 Girl with a Pearl Earring (англ.) . Сайт «Metacritic». Праверана 22 лютага 2021.
  43. 43,0 43,1 Roger Ebert. Girl With a Pearl Earring (англ.) . Сайт Роджэра Эберта (26 снежня 2003). Праверана 22 лютага 2021.
  44. 44,0 44,1 44,2 Girl with a Pearl Earring (2003) — Rotten Tomatoes (англ.) . Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 22 лютага 2021.
  45. 45,0 45,1 Девушка с жемчужной сережкой — КиноПоиск (руск.) . Сайт «КиноПоиск». Праверана 22 лютага 2021.
  46. La Jeune fille à la perle - film 2003 - AlloCiné (фр.) . Сайт «AlloCiné». Праверана 22 лютага 2021.
  47. Philip French. Old Masters, young servants (англ.) . Сайт «The Guardian» (18 студзеня 2004). Праверана 24 жніўня 2021.
  48. Elvis Mitchell. FILM REVIEW; Painting Interiors of the Heart, With Eros in Restrained Hues (англ.) . Сайт «The New York Times» (12 снежня 2003). Праверана 25 жніўня 2021.
  49. Alex von Tunzelmann. Girl with a Pearl Earring: plenty of style, but not a whole lot of substance (англ.) . Сайт «The Guardian» (25 ліпеня 2013). Праверана 24 жніўня 2021.
  50. Girl with a Pearl Earring — Awards (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 25 сакавіка 2021.
  51. CAMERIMAGE 2003: Kronika nagród (польск.) . Сайт кінафестывалю «Camerimage». Праверана 14 сакавіка 2021.
  52. 2003 Award Winners (англ.) . Сайт Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША. Праверана 14 жніўня 2021.
  53. 29th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.) . Сайт Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса. Праверана 25 сакавіка 2021.
  54. Splendor leads LA critics' awards (англ.) . Сайт «BBC News» (8 студзеня 2004). Праверана 25 сакавіка 2021.
  55. Winners & Nominees 2004 (англ.) . Сайт прэміі «Залаты глобус». Праверана 22 лютага 2021.
  56. Film in 2004 (англ.) . Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 22 лютага 2021.
  57. The 76th Academy Awards — 2004 (англ.) . Сайт прэміі «Оскар». Праверана 22 лютага 2021.
  58. 2004: The Nominations (англ.) . Сайт Еўрапейскай кінаакадэміі. Праверана 22 лютага 2021.
  59. 2004: The Winners (англ.) . Сайт Еўрапейскай кінаакадэміі. Праверана 22 лютага 2021.
  60. 2004 GoldDerby Film Awards (англ.) . Сайт прэміі «Залаты Дэрбі[fr]» (7 сакавіка 2016). Праверана 23 лютага 2021.
  61. Estas son las nominaciones de los Premios Goya 2005 (ісп.) . Сайт прэміі «Гоя». Праверана 22 лютага 2021.
  62. Orły: Laureaci wg roku – 2005 (польск.) . Сайт прэміі «Арлы». Праверана 22 лютага 2021.
  63. 2005, 11th Annual Awards, March 20, 2005 (англ.) . Сайт прэміі «Хлатрудзіс[fr]». Праверана 23 лютага 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]