Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дз. Прышчэпаў)
Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў
4-ы Наркам земляробства БССР
1924 — 1929
Кіраўнік урада Язэп Адамовіч
Мікалай Галадзед
Папярэднік Стэфан Гельтман
Пераемнік Піліп Рачыцкі

Нараджэнне 21 лістапада 1896(1896-11-21)
Смерць 31 студзеня 1940(1940-01-31) (43 гады)
Партыя КПСС (да 1929 г.)
Член у
Дзейнасць палітык, ваенны, дзяржаўны дзеяч, грамадскі дзеяч
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзмі́трый Філімо́навіч Прышчэ́паў (9 (21) лістапада 1896, Калодніца, цяпер Крупскі раён, Мінская вобласць — 31 студзеня 1940, Мінск, БССР) — беларускі савецкі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924—1929 гадах.

Праводзіў у 1920-х гадах аграрную палітыку пад лозунгам «Беларусь — чырвоная Данія», якая складалася ў свабодзе выбару сялянамі формаў землекарыстання, размяшчэнні сялянскіх гаспадарак на хутарах. Узяў удзел у першым узбуйненні тэрыторыі БССР.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 9 лістапада 1896 года ў вёсцы Калодніца Сенненскага павета. Бацька — беззямельны селянін — быў парабкам. У дзяцінстве Дзмітрый, як старэйшы ў сям’і, працаваў пастухом. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, потым — у земскай школе ў Чарэі (цяпер — Чашніцкі раён Віцебскай вобласці), пасля заканчэння якой экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Працаваў па спецыяльнасці нядоўга: у 1915 годзе быў прызваны ў армію, удзельнік Першай сусветнай вайны. Прайшоў паскораны курс Віленскага ваеннага вучылішча і атрымаўшы чын прапаршчыка адпраўлены спачатку ў запасны полк, а праз некаторы час — на Заходні фронт камандзірам роты 698-га Шаргарадскага пяхотнага палка. У кастрычніку 1917 года быў абраны салдатамі камандзірам палка і старшынёй палкавога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта[1].

З наступнага года працягнуў службу ў Чырвонай Арміі, дзе камандаваў 2-м Смаленскім палком, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію, потым — намеснікам старшыні Сенненскага павятовага выканкама. У 1918 годзе ўзначаліў антыбальшавіцкае паўстанне супраць харчразвёрсткі ў Сянне[2].

На савецкай службе[правіць | правіць зыходнік]

Члены сельскагаспадарчай секцыі Інстытута беларускай культуры: ніжні рад — С. В. Скандракоў, Д. Ф. Прышчэпаў, А. А. Смоліч, Я. Грабоўскі; верхні рад — І. М. Серада, Э. С. Русецкі, Ч. І. Родзевіч, А. Трахімаў, І. А. Кіслякоў. 1920-я

З’яўляўся старшынёй Веліжскага павятовага рэўкама. У 1922—1923 гадах — старшыня Аршанскага павятовага выканкама. З пачатку 1924 года — намеснік старшыні Віцебскага губвыканкама, член Часовага Белеларускага бюро ЦК РКП(б) па пытанні ўзбуйнення тэрыторыі БССР. У сакавіку 1924 года разам з Язэпам Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губерні да БССР. З сакавіка 1924 да кастрычніка 1929 гг. старшыня савета Беларускага цэнтральнага саюза сельскагаспадарчых і прамысловых таварыстваў[3]. У 1924—1929 гадах — намеснік наркама, наркам земляробства БССР, старшыня сельскагаспадарчай секцыі (аддзела) Інбелкульта[4].

Вокладка працы Д. Ф. Прышчэпава «Сельская гаспадарка і сялянка». 1926

Падчас свайго знаходжання на пасадзе наркама земляробства праводзіў аграрную палітыку, галоўнай адметнасцю якой было «забяспечэнне ўсіх магчымасцяў для выбару сялянствам формаў землекарыстання». Згодна з гэтым планам, які быў разлічаны на пяць гадоў, на хутары і пасёлкі ў беспрымусовым парадку меркавалася перасяліць 130 тысяч сялянскіх гаспадарак. Ужо ў 1925 годзе чвэрць беларускіх сялян была хутаранамі. Пасля паездкі ў Данію ў 1927 годзе апублікаваў артыкул «Сельская гаспадарка Даніі і Усходняй Прусіі ў параўнанні з беларускай». У ім Дзмітрый Прышчэпаў прыйшоў да высновы аб неабходнасці моцнага развіцця сельскай гаспадаркі, яе вытворчай кааперацыі і індустрыялізацыі. На яго думку, Беларусь мусіла браць прыклад не з усходніх суседзяў, дзе існаваў спрадвечны абшчынны парадак жыцця, што «прыдушыў гаспадарчую ініцыятыву сялянства», а з Даніі, якая хоць «бедная па прыродзе, як і наша Беларусь, але так пабагацела ад сялянскай прамысловасці»[1][5].

У 1927 годзе ўсесаюзны план па збожжанарыхтоўках у БССР быў выкананы толькі на 70 %, што стала падставай для пачатку ўсеагульнай калектывізацыі. У верасні 1929 года Прышчэпаў, які з траўня таго ж года быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай планавай камісіі і членам Эканамічнай нарады БССР, быў абвінавачаны ў правым ухіле і зняты з пасады наркама, а таксама выключаны з партыі за «правядзенне варожай справе сацыялізму палітыкі, якая выяўлялася ў патуранні кулацтву, прымусовай хутарызацыі». Быў прызначаны кіраўніком Палескай вопытнай станцыяй у Скрыгалаве (цяпер — у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці)[1].

Рэпрэсіі. Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Фота з крымінальнай справы

Арыштаваны ў менскім Першым Доме Саветаў 19 ліпеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пасля катаванняў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але паўжывы быў дастаны з пятлі. 18 сакавіка 1931 года прыгавораны калегіяй АДПУ БССР за «дапамогу кіраўніцтву „СВБ“ у правядзенні контррэвалюцыйных мерапрыемстваў» да 10 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі лагер АДПУ Карэла-Фінскай АССР, потым — у Паўночна-Усходні лагер НКУС Далёкаўсходняга краю. Вызвалены ў чэрвені 1937 года[1].

У жніўні 1937 года зноў арыштаваны ў Магадане і ў студзені 1939 года этапаваны ў Менск, дзе ў лістападзе быў асуджаны да расстрэлу. Памёр у турэмнай бальніцы Мінска ад паралічу сэрца.

Рэабілітаваны па другім прысудзе ў 1956 годзе, па першым — у 1988 годзе[1].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Быў жанаты, меў дачку.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

На думку дэкана гістарычнага факультэта БДУ Сяргея Ходзіна, Дзмітрый Прышчэпаў сапраўды разглядаў захаванне абшчынных адносін у вёсцы як пэўны перажытак часу, аднак ён не ідэалізаваў ні хутарскую, ні калектыўную форму вядзення гаспадаркі. Да адной з галоўных заслуг Прышчэпава таксама быў аднесены ўдзел у распрацоўцы зямельных кодэксаў БССР 1924 і 1925 гадоў, якія, у адрозненні ад расійскіх, былі складзены з улікам беларускай спецыфікі землекарыстання. Па меркаванні Ходзіна, Прышчэпаў застанецца ў беларускай гісторыі «прыкладам годнага кіраўніка і адказнага грамадзяніна»[6].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Сельское хозяйство Белорусской ССР и мероприятия по его восстановлению : Сборник / Нар. комиссариат земледелия БССР; Под общ. ред. Д.Прищепова. — Мн. : Изд. Наркомзем БССР, 1925. — 76 с.
  • Крестьянка в сельском хозяйстве / Д.Прищепов. — Мн. : Изд. ЦК КП(б)Б, 1925. — 20 с.
  • За калектывізацыю, за ўздым ураджайнасці / Зм. Прышчэпаў. — Мн. : Звязда, 1928. — 16 с.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Дзмітрый Прышчэпаў. Чырвоны сейбіт . Звязда (28 лістапада 2018). Праверана 28.05.2019.
  2. Іван Саверчанка. Дзе ў Беларусі былі арганізаваныя паўстанні супраць камуністаў? 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі . Праверана 28.05.2019.
  3. Ходзін С. М. Белсельсаюз // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 8. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  4. Уладзімір Арлоў. Імёны Свабоды: Зьміцер Прышчэпаў 21.11.1896, в. Калодніца (цяпер Крупскі раён) — 31.1.1940, Менск . Радыё Свабода (2 сакавіка 2007). Праверана 28.05.2019.
  5. Прощание с лозунгом «Беларусь — красная Дания» наркома земледелия Дмитрия Прищепова (руск.)(недаступная спасылка). Naviny.by (15 снежня 2009). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2019. Праверана 28.05.2019.
  6. Ходзін 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 89. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Ходзін, С. М. Д. Ф. Прышчэпаў: гісторыя асобы як гісторыя краіны / С. М. Ходзін // Российские и славянские исследования: науч. сб. Вып. 9. / редкол.: А. П. Сальков, О. А. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. — Мн .: БДУ, 2014. — С. 131–142.
  • Прышчэпаў Дзмітрый Філімонавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 605. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Прищепов Дмитрий Филимонович Архівавана 31 жніўня 2021. // Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача. — Мн .: Навука і тэхніка, 1992. — С. 90. — 120 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-343-01246-9.