Дняпроўска-Бугскі ліман

З пляцоўкі Вікіпедыя
Фота са спадарожніка Дняпроўска-Бугскага лімана і дэльты Дняпра

Дняпроўска-Бугскі ліман — адкрыты прэснаводны ліман у паўночнай частцы Чорнага мора, на тэрыторыі Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей Украіны. Порт — Ачакаў.

Складаецца з выцягнутага ў субшыротным напрамку Дняпроўскага лімана (даўжыня 55 км, шырыня да 17 км), а таксама вузкага (шырынёй ад 5 да 11 км) і звілістага Бугскага лімана, выцягнутага ў субмерыдыянальным кірунку даўжынёй 47 км. Пераважная глыбіня 6-7 м, максімальная — 12 м (т. зв. Станіслаўская яма).

Днепра-Бугскі ліман утварыўся ў выніку трансгрэсіі Чорнага мора ў ніжнім цячэнні Дняпра і Паўднёвага Буга. З Чорным морам ліман злучаецца пралівам шырынёй 3,6 км (паміж Ачакаўскім мысам і Кінбурнскай касой). Паўднёвыя берагі нізкія, пясчаныя; паўночныя, у асноўным, высокія (да 20-35 м), складзеныя з глініста-пясчаных парод, толькі на асобных участках тут сустракаюцца пясчана-ракушачніковыя косы. Дно ля кос пясчанае, на глыбіні пакрыта суглінка-пясчанымі глеямі.

Каля 25-30 % рачнога сцёку Дняпра і Паўднёвага Буга расходуецца на арашэнне і прамысловае водазабеспячэнне, што абумоўлівае павелічэнне салёнасці вады ў лімане. З прычыны гэтага пагоршыліся ўмовы пасялення і нерасту асобных відаў прамысловых рыб, а таксама адбылося пашырэнне марскіх відаў фіта- і зоапланктону і рыб (у прыватнасці — цюлькі).

Дняпроўска-Бугскі ліман мае транспартнае і рыбапрамысловае значэнне, яго берагі — раён рэкрэацыі.

Для захавання прыроды лімана праводзяцца дадатковыя спускі вады з Кахоўскага вадасховішча, умацаванне і азеляненне берагоў, ачышчэнне сцёкавых вод і перавод прамысловых прадпрыемстваў на абаротнае водазабеспячэнне. Частка акваторыі Дняпроўска-Бугскага лімана размешчана ў межах Чарнаморскага біясфернага запаведніка.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]