Перайсці да зместу

Архітэктура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дойлідства)
Архітэктура
Сцяг
Выява
Вывучаецца ў sociology of architecture[d], architectural theory[d] і architectural analytics[d]
Вырабляе збудаванне[d], будаўнічы элемент[d] і архітэктурны ансамбль
Піктаграма
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Архітэктура, дойлідства — мастацтва праектавання і ўзвядзення будынкаў альбо комплексаў збудаванняў, якія арганізуюць адкрытую прастору, афармляюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці чалавека. Пад архітэктурай таксама разумеецца горадабудаўнічае мастацтва, а таксама ландшафтнае дойлідства.

Слова архітэктура паходзіць ад лац.: architectura, якое ў сваю чаргу бярэ пачаткі з грэч. architektonike — «будаўнічае мастацтва».

Архітэктура як від мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Як від мастацтва архітэктура ўваходзіць у сферу духоўнай культуры, эстэтычна фарміруе асяроддзе асобы, выяўляе грамадскія ідэі ў мастацкіх вобразах.

Гістарычнае развіццё грамадства вызначае функцыі і тыпы збудаванняў (будынкі з арганізаванай унутранай прасторай, збудаванні, якія фарміруюць адкрытыя прасторы, ансамблі), тэхнічныя канструктыўныя сістэмы, мастацкі строй архітэктурных збудаванняў. Паводле функцыянальнага прызначэння архітэктура падзяляецца на жылую, прамысловую, садова-паркаваую, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў і інш.

Па спосабе фарміравання вобразаў архітэктуру адносяць да невыяўленчых (тэктанічных) відах мастацтва, якія карыстаюцца знакамі, што не дапускаюць пазнавання ў вобразах якіх бы там ні было рэальных прадметаў, з’яў, дзеянняў і звернутых непасрэдна да асацыятыўных механізмаў ўспрымання. Эстэтычная адзнака архітэктурнага твора вызначаецца уяўленнем пра яго здольнасці абслугоўваць сваё функцыянальнае прызначэнне.[1]

Па спосабе разгортвання вобразаў архітэктуру адносяць да прасторавых (пластычных) відаў мастацтва, творы якіх:

  • існуюць у прасторы, не змяняючыся і не развіваючыся ў часе;
  • маюць прадметны характар;
  • выконваюцца шляхам апрацоўкі рэчавага матэрыялу;
  • успрымаюцца гледачамі непасрэдна і візуальна.

Вобразна-эстэтычны пачатак у архітэктуры звязаны з яе сацыяльнай функцыяй і праяўляеццаў фарміраванні аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай сістэмы пабудоў. Выразнымі сродкамі архітэктурнага мастацтва з’яўляюцца кампазіцыя, тэктоніка, маштаб, прапорцыі, рытм, пластыка аб’ёмаў, фактура і колер выкарыстаных матэрыялаў.[2] На эстэтычнае ўздзеянне твораў архітэктуры ў значнай ступені ўплывае канструктыўнае рашэнне. Пабудова павінна не толькі быць трывалай, але і рабіць уражанне трывалай. Калі ствараецца ўражанне недастатковасці матэрыялу, то будынак выглядае няўстойлівым і ненадзейным, аднак назіраемы лішак матэрыялу вырабляе ўражанне празмернага цяжару. Усё гэта выклікае адмоўныя эмоцыі.

Спецыфіка нацыянальнага характару архітэктуры абумоўлена гістарычным развіццём, культурай, эканомікай, этнічнымі і мастацкімі традыцыямі народа.

Гісторыя архітэктуры

[правіць | правіць зыходнік]

Архітэктура зарадзілася ў першабытным грамадстве, калі чалавек навучыўся будаваць сваё жытло. Прыкладамі старажытнай архітэктуры выступаюць старажытнаегіпецкія піраміды і храмы, месапатамскія зікураты, старажытнаіндыйскія ступы, Вялікая Кітайская сцяна.

Еўрапейская архітэктура

[правіць | правіць зыходнік]

Моцны штуршок да развіцця архітэктура атрымала ў эпоху Антычнасці, дзе яе найбольш яркімі ўзорамі з’яўляюцца храмы, акропалі, форумы, акведукі, тэатры, амфітэатры, тэрмы, базілікі, трыумфальныя аркі.

Візантыйская архітэктура аказала істотны ўплыў на традыцыі дойлідства многіх еўрапейскіх краін. У краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ў канца Х — пачатку ХІ ст. пачаў распаўсюджвацца раманскі стыль, а з ХІІ ст. — гатычны. У эпоху Адраджэння пашырылася будаўніцтва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. З канца ХVI ст. у еўрапейскіх краінах пачаў распаўсюджвацца стыль барока. У другой палове ХVIІ ст. у Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была галоўным кірункам і ў ХVIІІ — першай палове ХІХ ст. пасля кароткатэрміновай успышкі стылю ракако. У канцы ХІХ ст. узнік стыль мадэрн, у ХХ ст. развіваліся рацыяналізм, функцыяналізм, арганічная архітэкутра, бруталізм. У 1970—80-я ў ЗША і Заходняй Еўропе ўзнік постмадэрнізм.

Архітэктура Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія збудаванні вядомы з часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Юравічы Калінкавіцкага і Бердыж Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці). У сярэднявечную эпоху ўзведзена мноства храмаў, манастыроў, княжацкіх палацаў і замкаў. У ХІІ — ХІV ст. склаліся полацкая, гродзенская і іншыя школы дойлідства, а на працягу ХІV — ХVІ ст. як адметны культурны феномен склалася беларуская архітэктура. Яркімі ўзорамі рэнесанснай архітэктуры на Беларусі сталі культавыя, замкава-палацавыя пабудовы. Першым помнікам барочнай архітэктуры стаў Нясвіжскі касцёл езуітаў. З другой паловы ХVIІ — ХVIІІ ст. атрымаў пашырэнне класіцызм. У другой палове ХІХ — пач. ХХ ст. пачалі ўзводзіць будынкі ў розных стылях і плынях — неакласіцызм, неарускі і неараманскі стылі, псеўдаготыка, мадэрн, эклектыка. У 1920-я пачалі складвацца прынцыпы савецкай архітэктуры, выяўленыя ў будаўніцтве дамоў-камун, рабочых пасёлкаў, дамоў спецыялістаў, культурна-асветных устаноў. У 1960—80-я пашырылася жыллёвае будаўніцтва, пачалася комплексная забудова жылых масіваў у гарадах, развівалася сельская і прамысловая архітэктура.

  1. А. В. Иконников Архитектура // Большая Советская Энциклопедия. 3-е изд. / Гл. ред. А. М. Прохоров. — М.: Советская Энциклопедия, 1970. — Т. 2. Ангола — Барзас. — С. 296—302.
  2. Архитектура // Большой энциклопедический словарь