Дом Слёзберга
Славутасць | |
Дом Слёзберга | |
---|---|
![]() | |
53°54′07″ пн. ш. 27°33′02″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | |
Дата пабудовы | XIX ст. |
Статус |
![]() |
![]() |
Дом Слёзберга — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 13. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая моцна пацярпела падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Давід Слёзберг звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне пашкоджанага пажарам мураванага двухпавярховага жылога дома, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, з надбудовай дадатковага паверха[1].
Паводле праекта гэта быў прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. З боку двара да яго прымыкаў двухпавярховы мураваны флігель, накрыты аднасхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад будынка, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай на другім і трэцім паверхах былі балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі кратамі. Абапал аркі былі змешчаны плоскія лапаткі. Такія ж лапаткі знаходзіліся на вуглах будынка. На першым паверсе былі прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы, на другім і трэцім паверхах — лучковыя, аздобленыя прафіляванымі ліштвамі[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў будынка выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры, а на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы і лаўкі[1].
Пасля 1920 года былы дом Слёзберга нацыяналізаваны і перароблены пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў[1].
Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка, а таксама замуравана праязная арка. Былі страчаны дэкаратыўныя краты балконаў[1].
У савецкі час знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы[2].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]


Трохпавярховая пабудова прымыкае да дома № 15, мае складаную замкнёную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыта двухсхільным дахам. Галоўны фасад сіметрычны, яго цэнтральная частка вылучана 2 плоскімі лапаткамі. Паміж 1-м і 2-м паверхамі праходзіць карнізны пояс. Аконныя праёмы 1-га паверха прамавугольныя, 2-га і 3-га — лучковыя з простым абрамленнем, на 2-м паверсе вокны дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Пад дахам праходзіць шматслойны карніз. Да правай часткі дома шчыльна прымыкае аднапавярховая прыбудова з высокай ступеньчатай атыкавай сценкай[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д БУДЫНАК № 13 ДОМ СЛЁЗБЕРГА
- ↑ а б 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Слёзберга
- БУДЫНАК № 13 ДОМ СЛЁЗБЕРГА