Дом масонаў (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом масонаў
53°41′00″ пн. ш. 23°50′19″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Будаўнік Д. де Сака
Будаўніцтва 17831789 гады
Map

Дом масонаў — двухпавярховы будынак у гістарычным цэнтры Гродна ў раёне Гарадніцы, размешчаны на адрасе: Тэлеграфны завулак, 15а. Будынак вядомы ў розныя часы як: рэзідэнцыя Д. Сака, дом Гродзенскіх масонаў, «Приказ общественного призрения», дом дабрачыннага таварыства, «Богоугодные заведения Гродненского благотворительного общества с Муравьёвским сиротским отделением», Polskie towarzystwo dobroczynnosci, дзіцячы дом № 1, флюараграфія, cупрацьтуберкулёзная паліклініка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дом быў пабудаваны ў 17831789 гадах Дж. Сака ў якасці асабістай рэзідэнцыі. У ліпені 1789 года гэты будынак адзначаецца ў дакументах як «дом уласны маёра Сака». У канцы 18 ст. у гэтым будынку праходзілі пасяджэнні гродзенскай масонскай ложы, куды уваходзілі, акрамя самога Дж. Сака, такія вядомыя на той час асобы, як Ж. Жылібер, Якаў і Ян Бекю, Францішак Нарвойш, Ян Вірыён і інш. З 1802 года дом выкарыстоўваўся мясцовымі добрачыннымі таварыствамі. У пачатку 19 ст. у будынку працягваліся сустрэчы гродзенскім масонаў, гэтаму спрыяў той факт, што гродзенскі губернатар М. Бутаўт-Анжэйковіч быў не толькі масонам, але і кіраўніком Гродзенскага дабрачыннага таварыства. У масонскую ложу «Сябры дабрачыннасці», уваходзілі акрамя Анжэйковіча, Ян Ходзька, прэзідэнт Гродна Крэйбіх, Васіль Мусін-Пушкін і іншыя. Дабрачынныя таварыствы дзейнічалі ў будынку ўсё 19 ст. і на пачатку 20 ст. Цяпер будынак займае Супрацьтуберкулёзная паліклініка.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак прамавугольны, двухпавярховы з высокім двухсхільным дахам, галоўны фасад якога ў цэнтры вылучаны шырокім рызалітам з высокім двухсхільным шчытом. Сцены крапаваны лапаткамі, карнізамі, нішамі і філёнгамі. Аконныя праёмы дэкараваныя прафіляванымі ліштвамі, а на тарцовых фасадах — трохвугольнымі франтонамі. На другім паверсе з боку Тэлеграфнага завулка вокны гатычнай стральчатай формы з філёнгавым абрамленнем. Цокальны паверх мае самастойны ўваход. Планіроўка дома — калідорная з цэнтральнай лесвіцай. Першапачаткова будынак быў аднапавярховы, аднак у 1874 годзе быў дабудаваны другі паверх, перароблены ганак, прыбудаваны аб'ём тарцовага боку. Верагодна, першапачаткова будынак меў цэнтральную залу ў два святла.

Дом масонаў з’яўляецца адным з самых цікавых прыкладаў пабудаваных на тэрыторыі Беларусі невялікіх камерных сядзіб амаль павільённага тыпу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. 370 с. ISBN 978-93-61617-77-8.
  • Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. 438 с.