Дом па Савецкай вуліцы, 16 (Ліда)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом па Савецкай вуліцы, 16
53°53′33″ пн. ш. 25°18′12″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Стан Перабудаваны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом па Савецкай вуліцы, 16 — будынак у цэнтры Ліды.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Месца, на якім стаіць сучасны дом, мае даўнюю гісторыю. Інвентар Ліды 1798 г. апісваў дамы па вуліцы Віленскай: «Ад Фарнага касцёла з правага боку знаходзіўся дзедзічны дварок яснавяльможнай пані Едка, у якім пошта». Гэты двор знаходзіўся па абодвух баках вуліцы Віленскай, на месцы, дзе зараз стаіць дом № 16. У доме Едкі на плане горада Ліды 1832 г. паказана пошта. Праз нейкі час гэта нерухомая маёмасць становіцца ўласнасцю прапаршчыка Дарожнага. У 1842 г. гэты дварок быў знішчаны пажарам, а пошту перанеслі ў дом Камінскіх. Пасля чарговага пажару на гэтым пляцы будуецца цэлы комплекс двухпавярховых будынкаў, сярод іх — дом па вуліцы Віленскай, 58, які належаў Фларэнціну Длускаму.

Забудова вуліцы ў 1917 годзе. Справа дом па вул. Віленскай, 58
Забудова вуліцы ў 1930 годзе

У двары гэтага дома перад Першай сусветнай вайной пачаў працаваць кінатэатр «Нірвана», які належаў Яблонскаму. 31 снежня 1918 г. Лідскі рэўкам правёў гарадскі мітынг у будынку кінатэатра «Нірвана». Акрамя паказаў фільмаў, усе 1920-я гады кінатэатр «Нірвана» быў месцам збораў лідскай грамадскасці і пляцоўкай, на якой выступалі гастралюючыя тэатральныя трупы. Напрыклад, знакаміты віленскі тэатр «Рэдута» 20 лістапада 1928 г. паказваў у Лідзе спектакль «Цар Павел І» па п’есе Меражкоўскага, а ў верасні 1929 г. — камедыю «Прыяцелі», «прадстаўленне прайшло ў перапоўненай зале, чаго Ліда ўжо даўно не бачыла». 14 і 15 студзеня 1930 г. у Лідзе гастралявала Варшаўская опера. На сцэне кінатэатра «Нірвана» былі паказаны два спектаклі — «Галька[en]» і «Кармэн». «Нірвана» была і цэнтрам яўрэйскага культурнага жыцця. Так, у 1931 г. «25 кастрычніка адбыўся першы выступ яўрэйскага драматычнага гуртка ў кінатэатры „Нірвана“, рэжысёр тэатра — Бузган». У канцы 1931 г. «інжынер Любес з Палесціны ў кінатэатры „Нірвана“ распавёў яўрэям Ліды пра жыццё ў Палесціне. Сабралася каля 200 чалавек».

У 1932 г. сярод уладальнікаў кінатэатраў у Лідзе пачаліся «гонка» — хто першы адчыніць у Лідзе гукавое кіно. Першым імкнуўся стаць уладальнік кінатэатра «Нірвана»: «Нарэшце ў Лідзе будзе кіно з гукам. Уладальнік кінатэатра „Нірвана“ Яблонскі сказаў, што праз некалькі дзён пачне паказваць у сябе кіно з гукам. Першым гукавым фільмам будзе сусветна вядомы баявік „Парада кахання“. … Гэта будзе сенсацыяй у Лідзе». Аднак першым гукавым кінатэатрам у горадзе стаў «Эдысан».

У красавіку 1931 г. падчас кінасеанса ў «Нірване» ад праекцыйнай лямпы загарэлася кінастужка. Узнікла паніка, але кінамеханік Мозель Віцільд хутка загасіў узгаранне. 13 ліпеня 1932 г. у цэнтры горада адбыўся моцны пажар, які пачаўся з дома па Сувальскай, 54. Спачатку агонь ахапіў дах гэтага дома, потым перакінуўся на кінатэатр «Нірвана». З-за моцнага ветру хутка полымя ахапіла суседнія дамы і загарэўся цэнтр горада па вуліцы Сувальскай. Да 20 гадзін вечара агульнымі намаганнямі пажар быў лакалізаваны. Галоўнай цяжкасцю быў недахоп вады, якую прыходзілася падвозіць з Лідзеі, бо толькі гродзенскія пажарныя мелі адмысловы шланг даўжынёй у 300 м і наўпрост пампавалі ваду з ракі. Агонь гарэў да вечара наступнага дня. Найвялікшыя страты панёс Длускі, уладальнік дамоў № 56 і 58, — каля 500 000 злотых пры тым, што гэтыя дамы былі застрахаваны толькі на 145 000 злотых. Кінатэатр «Нірвана» меў страты ў 15 000 долараў, уладальнік «Нірваны» Яблонскі асабіста — у 18 000 злотых.

На месцы кінатэатра «Нірвана» быў збудаваны больш сучасны кінатэатр «Эра», яго ўладальнікам быў Тамашэвіч. «Эра» мела найвялікшую глядзельную залу ў Лідзе. А дом па вуліцы Сувальскай, 58 пасля рамонту атрымаў трэці мансардны паверх. Міжваенныя кінатэатры былі сапраўднымі цэнтрамі не толькі культурнага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Уладальнікі кінатэатраў абавязаны былі даваць глядзельныя залы па зніжанай цане ці бясплатна для сходаў разнастайных грамадскіх і палітычных арганізацый, таварыстваў, партый і г. д.

У кінатэатрах праводзіліся гастролі тэатральных труп, напрыклад 20 жніўня 1936 г. у кінатэатры «Эра» выступіла знакамітая трупа Віленскага гарадскога тэатра, ігралася лёгкая эратычная камедыя ў 3-х актах «Каханне ўжо не ў модзе». У пачатку 1937 г. «Кур’ер Віленскі» пісаў:

" … у Лідзе працуюць 3 кінатэатры: два меншых і адзін пад назвай „Эра“ з вялікай залай на 750 месцаў. Калі ў Ліду завітвае выязны віленскі тэатр ці ансамбль „Рэдута“ з новым рэпертуарам — зала кінатэатра бывае нават перапоўнена публікай. Санітарныя нормы патрабуюць, каб у такіх месцах былі публічныя туалеты, а ў гэтым кінатэатры туалеты ад пачатку ягонай эксплуатацыі заўжды „на рамонце“. Такія адносіны кіраўніка кінатэатра „Эра“ Тамашэвіча да санітарных нормаў не могуць не дзівіць грамадскасць. Трэба, нарэшце, каб ён адказаў, калі закончыцца гэты вечны рамонт туалетаў. "

Праз некалькі нумароў дырэкцыя кінатэатра адказала рэдакцыі:

" Рамонт туалетаў даўно закончаны, але праз маразы размёрзліся водаправодныя трубы, і туалеты былі зачынены. Аднак падчас гастролей тэатральных труп туалеты былі дзеючыя. Зараз туалеты таксама працуюць. "

У тым жа нумары друкуецца аб’ява аб гастролях з 1 сакавіка 1937 г. віленскага тэатра пад кіраўніцтвам вядомай артысткі і заснавальніцы тэатра Ніны Младзеёўскай-Шчуркевіч: «У кінатэатры „Эра“ ў 16 гадзін будзе паказана камедыя Стэфана Кедрынскага „Замужняя панна“, у 20.30 — п’еса Самерсета Маэма „Святы прамень“».

Вясной 1937 г. выязны віленскі тэатр паказваў у «Эры» камедыю Якуба Дэвала «Стэфак» і камедыю Стэфана Кенджынскага «Стары кавалер». А ў маі варшаўскія артысты ў кінатэатры «Эра» паказалі тэатральную камедыю «Цётка Караля», у ролі цёткі выступіў знакаміты кінаартыст таго часу Яўген Бадо. У жніўні 1938 г. у кінатэатры «Эра» выступала тады ўжо славутая Іда Камінская са сваёй камандай, квіткі прадаваліся ў цукерні «Амерыканка». Наогул, практычна кожны тыдзень у кінатэатры «Эра», акрамя паказу кіно, адбываліся культурныя імпрэзы ці грамадскія мерапрыемствы.

Летам 1939 г. у кінатэатры «Эра» змяніўся дырэктар. Замест К. Тамашэвіча пачаў працаваць Ежы Длускі, які для гэтага адмыслова пераехаў жыць у Ліду. Кіно ў горадзе было настолькі папулярнае, што ў 1939 г. у гарадской управе «падчас штэмпелявання было скрадзена 48 білетаў у „Эру“. Аднак кантралёр кінатэатра Рулько падчас праверкі білетаў вызначыла тры крадзеныя білеты. Дырэктар Длускі заявіў у паліцыю».

Кінатэатр у доме па Савецкай, 16. 1950-я

У 1941 годзе дамы па вуліцы згарэлі. Цудам застаўся дом па вуліцы Савецкай, 16, у якім пасля невялікага рамонту, адразу пасля 1945 г., пачаў працаваць гарадскі кінатэатр. З успамінаў гараджан:

" … Тут быў кінатэатр з глядзельнай залай на другім паверсе. Пасля сеанса гледачы спускаліся на вуліцу ззаду, у двары, па арматурнай стромкай, амаль пажарнай лесвіцы. … Было вельмі нязручна ў цеснай зале з нізкай столлю, дзе стаялі масіўныя квадратныя калоны і вельмі перашкаджалі глядзець фільм. І падлога там была без уздыму, хлапчукі сядзелі на спінках крэслаў — проста бяда! "

У 1955 г. адчынены кінатэатр «Кастрычнік», і будынак па Савецкай, 16 рэканструявалі, на першым паверсе размясцілі дзіцячую бібліятэку і некалькі крам, на другім — гарадскую бібліятэку. Пасля рамонту 2010 г. тут знаходзіцца фірмавы магазін «Віцязь».

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]