Дом па вуліцы Лазарэнкі, 7

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом па вуліцы Лазарэнкі, 7
53°53′55″ пн. ш. 30°19′50″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата пабудовы XX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Е000001шыфр 512Е000001
Map

Дом па вуліцы Лазарэнкі, 7 — будынак у Магілёве, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя на Віленскай вуліцы пабудаваны як жылы, даходны дом. Пакоі верхняга паверха дома былі жылымі, на першым і цокальным паверхах размяшчаліся розныя ўстановы — крамы, майстэрні, склады[1].

У 1920-я гады будынак нацыяналізаваны савецкай уладай. Верагодна, першапачаткова выкарыстоўваўся як жылы, маглі размяшчацца савецкія ўстановы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны мог быць пашкоджаны, але захаваліся дэкаратыўныя архітэктурныя дэталі на галоўным фасадзе будынка. У 1960—1990-я гады ў будынку размяшчаўся медвыцвярэзнік[1]. З 2006 года не эксплуатаваўся і пакрысе разбураўся[2].

У 2007 годзе, калі на адкрыццё новай транспартнай развязкі з мостам цераз Дубравенку прыязджаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, занядбаныя будынкі па вуліцы Лазарэнкі хавалі за банернай сеткай[3].

У 2013 годзе Магілёўскі гарвыканкам сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам падрыхтавалі навуковае абгрунтаванне на вывад будынкаў № 5, 7, 13 і 15 са Спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Меркавалася, што гэта дазволіць інвестарам у разы скараціць тэрміны і выдаткі на рэканструкцыю будынкаў. 27 лістапада 2013 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне пазбавіць гэтыя дамы статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей[4]. Пазбаўленне статусу выклікала шырокі грамадскі рэзананс[5]. Ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў з мэтай не дапусціць разбурэння будынкаў была пададзена скарга ў Генеральную пракуратуру, якая заблакавала папярэдняе рашэнне[6].

У 2015 годзе будынак быў прададзены за амаль 902 млн беларускіх рублёў пад адміністрацыйна-гандлёвы ці культурна-дзелавы аб’ект[5].

9 чэрвеня 2017 года познім вечарам у будынку адбыўся пажар. Пажарам знішчана 100 м² даху і 50 м² перакрыццяў[2]. Сёння будынак у аварыйным стане, знаходзіцца на рэстаўрацыі[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры эклектыкі. Двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, які галоўным фасадам выходзіць на чырвоную лінію забудовы вул. Лазарэнкі. Галоўны фасад па двум паверхам выдзелены рызалітам, які крыху зрушаны ў левы бок на адну вось і завершаны складанай кампазіцыяй франтона, што абрамляе акно гарышча. На 1-м паверсе ў рызаліце размешчаны галоўны ўваход, дзверы якога аздабляюць фігурныя пілястры, на другім паверсе акно аздабляюць паўкалоны. На 3-й і 7-й восях некалі знаходзіліся балконы. Паверхі падзелены шырокім гзымсавым паяском з вылучанымі падаконнымі нішамі. Аконныя праёмы першага паверха прамавугольныя з сандрыкамі, другога — прамавугольныя з ліштвамі. З правага боку вылучаны рызаліт на адну вось, аздабленне якога не адрозніваецца ад аздаблення галоўнага фасада. Сцяна з левага боку збудавання — глухая, завершана франтонам. Сцены завершаны прафіляваным гзымсамам. Усе дэкаратыўныя дэталі выкананы цаглянай муроўкай. Дах двухсхільны[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]