Дом па вуліцы Лазарэнкі, 5

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом па вуліцы Лазарэнкі, 5
53°53′54″ пн. ш. 30°19′52″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата пабудовы XX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Е000001шыфр 512Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом па вуліцы Лазарэнкі, 5 — будынак у Магілёве, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада. Помнік архітэктуры эклектыкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя на Віленскай вуліцы як жылы, даходны дом. Да 1917 года ў ім знаходзіліся жылыя памяшканні і гандлёвыя лаўкі на цокальным паверсе[1].

У першай палове 1920-х гадоў дом быў нацыяналізаваны, узяты на ўлік Гарадскім жыллёвым камітэтам і перададзены пад жыллё. Будынак быў нязначна пашкоджаны ў 1941—1944 гадах падчас Вялікай Айчыннай вайны. Былі праведзены аднаўленчыя работы ў канцы 1940-х гадоў, пасля чаго дом выкарыстоўваўся Гаржылкамунгасам, як камунальнае жытло (з частковымі камунальнымі выгодамі)[1].

Пасля адсялення жыльцоў у сярэдзіне 1980-х гадоў будынак пэўны час не выкарыстоўваўся[1]. У пачатку 1990-х гадоў будынак быў перададзены абшчыне евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Царква Віфанія»[2]. У 1991 годзе быў праведзены капітальны рамонт з прыстасаваннем пад малітоўны дом[1].

Дом з боку цэнтра

У 2013 годзе Магілёўскі гарвыканкам сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам падрыхтавалі навуковае абгрунтаванне на вывад будынкаў № 5, 7, 13 і 15 са Спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Меркавалася, што гэта дазволіць інвестарам у разы скараціць тэрміны і выдаткі на рэканструкцыю будынкаў. 27 лістапада 2013 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне пазбавіць гэтыя дамы статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей[3]. Пазбаўленне статусу выклікала шырокі грамадскі рэзананс[4]. Ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў з мэтай не дапусціць разбурэння будынкаў была пададзена скарга ў Генеральную пракуратуру, якая заблакавала папярэдняе рашэнне[5].

У 2015 годзе праведзены касметычны рамонт будынка[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры эклектыкі. Двухпавярховы з цокальным паверхам і паўпадвальным памяшканнем, прамавугольны ў плане цагляны будынак, які галоўным фасадам выходзіць на чырвоную лінію забудовы вул. Лазарэнкі. Рэльеф пляцоўкі складаны, мае вялікія перапады вышыні з усходу на захад. Адзначаецца строгасцю планавага рашэння, стрыманасцю дэкаратыўнай аздобы. Мае двухчасткавую кампазіцыю. Левая частка пабудавана пад невялікім вуглом адносна асноўнага аб’ёма. Цэнтральная частка будынка вылучана дзвярным праёмам увахода, прамавугольным аконным праёмам над ім, дзвюма лапаткамі. Фасад аформлены гарызантальнымі цягамі паміж паверхамі і прафіліраваным гзымсавым паяском. Аконныя праёмы прамавугольныя лучковыя, на цокальным паверсе без ліштваў. Трэці паверх дэкарыраваны падаконнымі нішамі і прамавугольнымі плітамі, замковым камянём. Завяршаецца фасад прафіліраваным гзымсам з сухарыкамі. Уваходная група вылучана пілястрамі. Дах вальмавы, крыты бляхай. З тарцоў зроблены аднапавярховыя цагляныя прыбудовы[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]