Перайсці да зместу

Драгуны (род войскаў)

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Драгун XVIII ст.

Драгуны — род войскаў, пяхотнае фарміраванне, якое перасоўвалася верхам, але ваявала пехатою. Першапачаткова створанае ў Францыі ў канцы XVI стагоддзя, а пазней былі ўведзеныя ў войскі многіх іншых краінах. Драгуны былі ўзброены як стралковай, так і халоднай зброяй і былі своеасаблівымі папярэднікамі сучаснай матарызаванай пяхоты. З рубяжа XVII і XVIII стагоддзяў яны класіфікаваліся як кавалерыйскія фарміраванні. Аднак яны захавалі на ўзбраенні тыповую пяхотную стрэльбу са штыком, а падрыхтоўка працягвала ўключаць тактыку пяхоты. У XVIII стагоддзі драгуны сталі самым шматлікім родам кавалерыі ў войсках большасці еўрапейскіх дзяржаў (у расійскай арміі пры Пятры I яны складалі ўсю рэгулярную кавалерыю), зрабіўшыся прамежкавым фармаваннем паміж цяжкімі кірасірамі і лёгкімі гусарамі і ўланамі.

Паходжанне назвы гэтага роду войскаў дакладна не высветлена. Паводле адной з версій, «драконам» называўся асаблівы тып агнястрэльнай зброі, разнавіднасць кароткага мушкета. Паводле другой, драгуны спачатку мелі сцяг з драконам. Паводле трэцяй, якую падаў капітан Шапэн у «Гісторыі драгунаў» (Histoire des dragons), кароль Англіі Генрых I у XII стагоддзі празваў французскага вайскоўца Гільёма дэ Гаміекура драконам, і той нават даў свайму сыну імя Дракон. Рауль Драгон дэ Гаміекур быў камандзірам палка «пешай кавалерыі», які наводзіў жах на ворага. Усе яго кавалерысты нібыта пачалі называцца яго імем.

У войску ВКЛ драгуны, цяжка ўзброеная пяхота на конях, упершыню з’явіліся ў 1617 годзе (на год раней за кароннае войска). Гэта былі французскія найміты, якія былі задзейнічаны ў вайне са Швецыяй ў Інфлянтах. Драгунская рота колькасцю 150 чалавек пад камандай Габрыэля Серыдона прыбыла морам праз Курляндыю. Іх задачай было пад’язджаць пад абстрэлам, спешвацца і браць варожыя ўмацаванні.

У наёмным войску Вялікага Княства Літоўскага з сярэдзіны XVII стагоддзя існавалі драгунскія падраздзяленні (у 1650 годзе з 7300 салдат было 1660 драгунаў, або каля 23 % літоўскага войска, і ў далейшым іх доля няўхільна расла. У 1661 годзе яны складалі ўжо 40 % усяго літоўскага войска[1]. У тыповым драгунскім палку (рэгіменце) было каля 400 чалавек асабовага складу[2]. У XVIII стагоддзі ў ВКЛ існавала чатыры драгунскія палкі. У Гродне і Пружанах дыслакаваўся Кавалерыйскі гвардзейскі полк Вялікага Княства Літоўскага, які з 1717 года называўся Каралеўскім драгунскім лейбрэгіментам, з 1762 года — Каралеўскім гвардзейскім полкам, з 1784 года — Гвардзейскім кавалерыйскім полкам, а з 1793 па 1795 год — Кавалерыйскім карабінерскім палком. Каралеўскі полк Вялікага Княства Літоўскага дыслакаваўся ў Пінску. Акрамя таго, існавалі кавалерыйскія палкі Вялікага Княства Літоўскага, г.зн. Вялікі гетманскі, і палявы кавалерыйскі полк Вялікага Княства Літоўскага, г.зн. палявы гетманскі. Апошнія тры былі пераўтвораны ў пяхотныя палкі ў 1775 годзе[3].

З другой паловы XX стагоддзя матарызаваныя пяхотныя падраздзяленні, а часам некаторыя цырыманіяльныя, у некаторых краінах (напрыклад, у Літоўскай Рэспубліцы) па традыцыі называюцца драгунскімі.

  1. H. Wisner. Rzeczpospolita Wazów II, Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego, dyplomacja, varia, 2004. s. 9.
  2. Jan Wimmer. Wojsko polskie w drugiej połowie XVII wieku. Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1965. S. 302
  3. Algirdas Matulevičius. Dragūnai. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. V (Dis-Fatva). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. 158 psl.