Драпежнікі (раман)
«Драпежнікі» | |
---|---|
Жанр | раман |
Дата першай публікацыі | 1928-1930 |
Электронная версія |
Драпежнікі — раман Янкі Нёманскага, прысвечаны беларускаму жыццю ў эпоху пасля першай рэвалюцыі, 1905-7 гадоў. Упершыню надрукаваны ў 1928-30 гады на старонках «Полымя».
Гісторыя засталася незакончанай. Пра далейшы лёс герояў аўтар хацеў расказаць у наступнай частцы пад назвай «У віры», якую пісаў больш за пяць гадоў. Кніга ўжо была падрыхтавана, але Янку Нёманскага забілі савецкія чэкісты, 26 красавіка 1937 года яго арыштавалі, 30 кастрычніка расстралялі. Кніга знікла разам з усім архівам.
Твор вярнуўся да чытача толькі ў 1984 годзе, выданне падрыхтавала Лідзія Савік.
Змест
[правіць | правіць зыходнік]У рамане разглядаецца беларуская рэчаіснасць пачатку 20 ст. Падзеі пачынаюцца ў 1907 годзе. Усё дзеецца ў Менску, у навакольных вёсках, маёнтках і палацах. Жыццё і побыт беларусаў адлюстроўваюцца з розных бакоў. Перадаецца атмасфера ідэйна-палітычных спрэчак.
Аўтар паказвае ў рэзкім кантрасце страшную галечу працоўных і раскошу эксплуататараў. На пачатку твора ў вёску Ляскоўцы, у сваё родавае гняздо вяртаецца з горада малады пан Станіслаў Ляскоўскі, ён рашыў заняцца гаспадаркай. З асяродку «драпежнікаў» найбольш грунтоўна і шырока намаляваныя вобразы Ляскоўскага і князя Друцкага, не менш каларытныя фігуры спекулянта Масея Ліўшыца, губернатара Курлава, яго падначаленых, розных прыслужнікаў, паліцэйскіх, дробных памешчыкаў, шляхты. Апісваючы іх узаемаадносіны, аўтар дае цікавыя падрабязнасці, сцэны асабістага жыцця арыстакратаў. А поруч з ім паўстае жыццё працоўнага люду: галеча, бяспраўе, невыносныя побытавыя ўмовы, смурод гарбарняў, жабрацкая аплата цяжкай працы. Нягледзячы на жандарскі ўціск, вядзецца рэвалюцыйная работа. Супрацьпастаўляюцца «драпежнікам» іншыя персанажы. Гэта сям’я настаўніка Петруся Мікалаевіча Крэпчука: дачка Зося і сын Тодар. Азначаны, але не разгорнуты сюжэтныя лініі рэвалюцыйна настроенай моладзі: Тодара Крэпчука, рабочага Сёмы Каца, вясковай дзеўкі Ганулі. Вобраз тыповага беларускага селяніна — Сымон Кавальчук, бацька Ганулі. Аўтар паказвае ў сялян новыя рысы.
З горада на гуту Ляскоўскага прыехаў бальшавік Росяк, ён збіраецца арганізаваць падпольныя рэвалюцыйныя гурткі. Яго вобраз атрымаўся невыразным, павярхоўным. Янка Нёманскі не падтрымліваў бальшавіцкіх метадаў, меў лева-эсэраўскія погляды.
Праз вобраз Петруся Мікалаевіча аўтар адлюстроўвае незайздроснае становішча настаўнікаў і перадае трагедыю інтэлігентаў-народнікаў, якія праз неспрыяльныя абставіны гублялі ідэалы маладосці. Янка Нёманскі пісаў пра тое, што добра ведаў, бо і сам быў настаўнікам[1][2].
Мастацкія асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Як і ў папярэдніх творах, Янка Нёманскі выкарыстоўвае прынцып кантраснага супастаўлення, на якім засноўваецца глыбокі драматызм у перадачы знешніх падзей, унутранага жыцця герояў, антаганізму характараў.
Раман вылучаецца мастацкай апрацаванасцю амаль усіх вобразаў, завершанасцю асноўных сюжэтных ліній. У ім прыкметны свой вобразны свет, арыгінальная мастакоўская думка, страснасць і пафаснасць настрою аўтаравай душы. Значна ўзрасло моўнае майстэрства Янкі Нёманскага. Ён шырока выкарыстоўвае аўтарскія характарыстыкі і апісанні, дынамічныя і змястоўныя дыялогі, унутраныя маналогі, самараскрыццё герояў. У рамане значнае месца займае пейзаж. Многа інтрыгі[1].
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]На думку Лідзіі Савік, «Драпежнікі» — гэта адзін з лепшых беларускіх раманаў 20-30-х гадоў. Эпічная ёмістасць у ім спалучаецца з глыбокім аналізам рэчаіснасці. Асаблівую значнасць твору надае новы і рознабаковы матэрыял, шырокі паказ грамадскага жыцця Беларусі.
Не прыхарошанае ў рамане жыццё вёскі, наадварот, іншы раз надзвычай згушчаюцца фарбы[1].
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Апісваецца гарбарня Імрота, якая знаходзілася ў Ляхаўцы.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Выданні
[правіць | правіць зыходнік]- Полымя. № 1 2 4 7 10 — 1928, № 3 8 9 11 12 — 1929, № 5 6 — 1930
- Лідзія Савік. Чалавек шматграннага таленту (прадмова) //Янка Нёманскі. Творы. — Мн.: Маст.літ., 1984
- Раман 1920—1930-х гадоў (Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Том 18). Уклад., прадм. і камент. І. М. Шаладонаў. Мінск: Мастацкая літаратура, 2019. ISBN 978-985-02-1874-2
- Тэкст на Беларускай палічцы