Перайсці да зместу

Астраханскі паход (1556)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Другі астраханскі паход)

Астраханскі паход 1556 года — баявая аперацыя маскоўскіх войск летам 1556 года. Частка маскоўскай кампаніі па падпарадкаванні Астраханскага ханства.

Аперацыя арганізавана вялікім князем маскоўскім Іванам Васілевічам з прычыны «здрады» яго стаўленіка пасля паходу 1554 года астраханскага хана Дэрвіша-Алі, які перайшоў на бок Крыма і Асманскай дзяржавы.

Летам 1556 года да Астрахані выступілі атрады стральцоў і казакоў пад камандаваннем ваяводы Н. Чарамісінава і атамана Л. Філімонава. Першым сустрэўся з ханскімі войскамі пад Астраханню казацкі атрад Філімонава (500 чалавек), разбіў іх і стаў чакаць падыходу сіл Чарамісінава. Пасля аб’яднання, абодва атрады 2 ліпеня 1556 года падплылі на суднах да Астрахані. Хан і яго прыбліжаныя ўцяклі з горада, прыняўшы невялікі стралецка-казацкі атрад за авангард вялікай маскоўскай арміі. У выніку маскоўцы практычна без бою занялі амаль пустую Астрахань. Умацаваўшыся ў Астрахані, маскоўцы здзейснілі шэраг наступальных баявых аперацый супраць Дэрвіша-Алі, які тым часам атрымаў падмацаванні ад крымскага хана Даўлет-Гірэя. Аднак, дапамога ад уладара Крыма была невялікая (агулам 700 чалавек), бо яго ўладанні падвергліся тым часам нападу атрада пад камандаваннем ваяводы М. І. Ржэўскага.

За сотні кіламетраў ад асноўнага абшару Маскоўскай дзяржавы, невялікія маскоўскія сілы дзейнічалі рашуча. Маскоўскія камандзіры праявілі не толькі ваенныя, але і дыпламатычныя здольнасці, дамагліся саюзу з мясцовымі нагайскімі мурзамі, якія нанеслі канчатковае паражэнне Дэрвішу-Алі. Дэрвіш-Алі ўцёк у асманскія ўладанні. Астраханскае ханства канчаткова і амаль без барацьбы было далучана да Маскоўскай дзяржавы.