Другая пяцігодка Беларускай ССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Другі 5-гадовы план развіцця народнай гаспадаркі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на 19331937 гады ставіў сваёй мэтай завяршэнне рэканструкцыі і стварэнне новай тэхнічнай базы ўсіх галін эканомікі.

Планы[правіць | правіць зыходнік]

Як і ў І-й пяцігодцы, вядучае месца ў развіцці гаспадаркі займала цяжкая прамысловасць. Капітальныя ўкладанні ў прамысловасць былі ў 2,2 раза большыя, чым у 1-й пяцігодцы. Намячаліся развіццё хімічнай, металаапрацоўчай, тарфяной галін, энергетыкі, будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці. Масавым стала сацыялістычнае спаборніцтва за паскарэнне тэмпаў будаўніцтва — «стаханаўскі рух». Аднак яно мела больш прапагандысцкі характар, таму адчувальных вынікаў не дало.

Вынікі пяцігодкі[правіць | правіць зыходнік]

За пяцігодку пабудавана 1700 і рэканструявана 90 прадпрыемстваў. Пачалі выпускаць прадукцыю Гомельскі шклозавод, трубаліцейны і аўтарамонтны заводы ў Магілёве, Быхаўскі ацэтонавы і Бабруйскі гідролізны заводы, дрэваапрацоўчы камбінат і завод ізаляцыйных пліт у Навабеліцы; далі энергію электрастанцыі Мінская ЦЭЦ-2, Слуцкая, Полацкая, Барысаўская. Валавая прадукцыя прамысловасці павялічылася ў 1,9 раза, але гэты паказчык быў ніжэй запланаванага (3,8 раза). Сярэднегадавы прырост у буйной прамысловасці знізіўся да 13,9% (у 1-й пяцігодцы 21,6%). Выявіліся негатыўныя вынікі каманднай эканомікі, якая стала адыгрываць дамінуючую ролю ў асноўных сферах народнай гаспадаркі. У 1937 годзе у калгасы аб’яднана 87,5% сялянскіх гаспадарак, пасяўныя плошчы калгасаў пашырыліся на 67,1%. Валавы збор бульбы павялічыўся на 38,9%, ільновалакна сабрана на 24,4% больш, чым у 1932 годзе. Гэта было дасягнута галоўным чынам за кошт асваення новых зямель і расшырэння пасяўных плошчаў. Колькасць машынна-трактарных станцый (МТС) павялічылася з 57 у 1932 годзе да 200 у 1937 годзе. Аднак цэнтралізаванае планаванне, нізкія закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю і іншыя негатыўныя моманты не дазволілі выканаць план па вытворчасці многіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Юнцэвіч, А. Пяцігадовыя планы развіцця народнай гаспадаркі БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 21—22.
  • Гиоргидзе, З. И., Геращенко, Л. Ф. Белоруссия за десять пятилеток / З. И. Гиоргидзе, Л. Ф. Геращенко; Академия наук БССР, Институт экономики. — Минск: Наука и техника, 1982. — 152 с.
  • Эканамічная гісторыя Беларусі і замежных краін: Матэрыялы для самастойнай працы: Для студэнтаў і курса дзеннага і завочнага формаў навучання. — Мінск: ВП «Экаперспектыва», 1997. — 118, [2] с.