Перайсці да зместу

Дружба (нафтаправод)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нафтаправод «Дружба»
руск.: Нефтепровод «Дружба»
Магістральныя трубаправоды Усходняй Еўропы
Месцазнаходжанне
Краіна  Расія
 Беларусь
 Украіна
 Польшча
 Германія
 Чэхія
 Славакія
 Венгрыя
 Латвія
 Літва
Агульны кірунак з усходу на захад
Пачатак Альмецьеўск (Расія)
Праз Самара, Бранск, Унеча, Мазыр, Полацк
Канец Шведт (Германія), Вэнтспілс (Латвія), Будапешт (Венгрыя)
Агульныя звесткі
Від нафта
Стан дзеючы
Пачатак пракладкі з 1960 года
Дата пуску 1964
Тэхнічныя звесткі
Даўжыня каля 8900 км
Прапускная здольнасць 66,5 млн т (на экспарт)
Перапамповачныя станцыі 45 асноўных, 38 прамежкавых

Дру́жба — найбуйнейшая ў свеце сістэма магістральных нафтаправодаў. Пабудаваная ў 1960-я гады для транспартавання нафты з Волга-Уральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны Усходняй Еўропы.

Маршрут нафтаправода праходзіць ад Альмецьеўска (Расія) праз Самару, Бранск да Мазыра, затым разгалiноўваецца: паўночны ўчастак (па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Германіі, Латвіі і Літвы) і паўднёвы (па тэрыторыі Украіны, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі).

У сістэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў, 45 помпавых станцый, 38 прамежкавых помпавых станцый, рэзервуарныя паркі, якія змяшчаюць 1,5 млн м³ нафты. Па нафтаправодзе ў краіны «далёкага замежжа» штогод экспартуецца 66,5 млн т, у тым ліку па паўночнай галіне — 49,8 млн т.

Праектаванне і будаўніцтва першых ліній

[правіць | правіць зыходнік]

Рашэнне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода для забеспячэння краін Савета эканамічнай узаемадапамогі сырой нафтай было прынята ў канцы 1950-х гадоў. Будаўніцтва пачалося ў 1960 годзе. Праект прадугледжваў пракладку трасы ад Куйбышава (цяпер Самара) на захад да Мазыра, дзе трубаправод разгаліноўваўся. Адна галіна ішла ў Польшчу і ГДР, другая — у Чэхаславакію і Венгрыю. Скончыць работы планавалася праз чатыры гады, аднак першыя ўчасткі былі запушчаны ўжо ў 1963 годзе[1].

На тэрыторыі Беларускай ССР першай лініяй «Дружбы» стаў напрамак Паволжа — УнечаКрычаўОршаПолацкВэнтспілс. Другі буйны напрамак: Мазыр — Брэст — Польшча. Іх будаўніцтва актыўна ішло ў 1960—1964 гадах. З 1961 па кастрычнік 1963 года ішла пракладка ніткі ад Мазыра да заходняй мяжы БССР працягласцю 450 км, дзе выкарыстоўваліся трубы вялікага дыяметра і ўкараняліся магутныя помпы[1]. Геаграфічнае становішча рэспублікі і яе транзітны патэнцыял абумовілі надзвычай хуткія тэмпы развіцця гэтага віду транспарту, які ў 1970—1980-я гады па тэмпах росту абганяў усе іншыя транспартныя галіны БССР[2].

Развіццё ў 1970—1980-я гады

[правіць | правіць зыходнік]

Павелічэнне экспарту энерганосьбітаў патрабавала пастаяннага пашырэння вытворчай інфраструктуры. У лютым 1972 года быў прыняты ў эксплуатацыю апошні ўчастак нафтаправода з Полацка да Вэнтспілса. У 1974 годзе ўвялі ў эксплуатацыю 168 км другой чаргі нафтаправода Унеча — Полацк. Для перапампоўвання нафты на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод будаваліся асобныя адгалінаванні. З 1977 года пачалі ўводзіцца ў строй участкі магістралі Полацк — БіржайМажэйкяй, а з 1979 года — лінія Андрэапаль — Полацк, якая ўваходзіла ў сістэму нафтаправода Сургут — Полацк[3].

Абслугоўваннем беларускага ўчастка сістэмы займаліся спецыялізаваныя ўпраўленні: Полацкае (ПУНД), Наваполацкае (НУНД) і Гомельскае (ГУНД). Наваполацкае ўпраўленне, напрыклад, абслугоўвала 900 км паўночна-заходняга адгалінавання з дапамогай 5 нафтапомпавых станцый (НПС). Гомельскае ўпраўленне ў лютым 1974 года прыняло ў эксплуатацыю другую чаргу НПС «Міхалкі» каля Мазыра, што значна павялічыла прапускную здольнасць на ўчастку Мазыр — Брэст. У верасні 1975 года пачалі працаваць яшчэ дзве новыя НПС у Бабовічах і Мазыры[3].

Актыўна ўкараняліся сродкі аўтаматызацыі. У 1974 годзе ў Полацкім упраўленні была здадзена ў эксплуатацыю сістэма тэлемеханікі, якая дазваляла дыспетчарам выводзіць на рэжым нафтаправод працягласцю 900 км. Энергетычная сістэма аб'ектаў уключала некалькі падстанцый магутнасцю ад 30 да 110 кілавольт. У 1977 годзе на ўчастку Мазыр — БродыУжгарад пачала працаваць аўтаматызаваная сістэма кіравання (АСК), што знізіла расход электраэнергіі на 0,6 кВт·г на кожную тону перапампаванай нафты[3].

Сацыяльныя аспекты і ўмовы працы ў БССР

[правіць | правіць зыходнік]

Хуткае пашырэнне трубаправоднай сеткі патрабавала забеспячэння працаўнікоў жыллём і медыцынскім абслугоўваннем, паколькі спецыфіка працы прадугледжвала абслугоўванне лінейных аб'ектаў на вялікіх адлегласцях. У канцы 1960-х гадоў назіралася значная цякучасць кадраў (да 32 % па Наваполацкім упраўленні) з-за нездавальняючых жыллёва-бытавых умоў[4]. Для вырашэння гэтай праблемы адначасова з будаўніцтвам вытворчых аб'ектаў ствараліся жылыя пасёлкі для нафтавікоў. Так, пры ўвядзенні ў строй Пінскай НПС у 1965 годзе побач быў узведзены комплекс жылых дамоў. Да 1974 года жыллёвы фонд толькі Наваполацкага ўпраўлення дасягнуў 11,5 тыс. кв. м[5].

Вялікая ўвага ўдзялялася ахове працы і бяспецы, паколькі прарыў трубы мог прывесці да экалагічнай катастрофы і спынення прапампоўвання нафты. На станцыях дзейнічаў цэнтралізаваны метад рамонту і абслугоўвання, выкарыстоўваліся перадавыя метады працы (напрыклад, «шчокінскі метад» з абмежаванай колькасцю персаналу). У 1988 годзе Наваполацкае ўпраўленне было пераведзена на поўны гасразлік і самафінансаванне[6].

Сучасны стан і перспектывы

[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з планамі будаўніцтва БТС-II паўночная галіна, хутчэй за ўсё, не будзе выкарыстоўвацца як частка «Дружбы». У той жа час існуюць праекты па выкарыстанні галіны ў якасці працягу нафтаправода Адэса — Броды для экспарту нафты праз балтыйскія парты ці ў рэверсным рэжыме для паставак нафты ў Беларусь праз тэрміналы Бутынге і Вэнтспілс.

  • Цімафееў Р. В. Транспорт Белорусской ССР в социально-экономическом развитии общества (конец 1943 — 1991 год). — Віцебск: ВДУ імя П. М. Машэрава, 2013. — 400 с. ISBN 978-985-517-402-9.