Дуда

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
сучасная дуда
Традыцыйная дуда Лепельскага тыпу (2009)
Дудар у Віленскай губерніі

Дуда́ — беларускі народны духавы язычковы музычны інструмент.

Ён складаўся са скуранога меху з маленькай трубачкай-«соскай» («дудачка», «сапль», «посмак») для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1-2 бурдонныя трубкі — «гукі»). Мае пішчык (канструкцыйная дэталь у дудзе, жалейцы, кларнеце, гармоніку, ражку, трубе) з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага альбо індычага пер'я. Пры ігры дудар надзімае мех, націскае яго локцем левай рукі, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі.

Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі дуда вядомая з XVI ст., была пашыраная на землях Віцебшчыны, Віленшчыны, паўночна-заходніх і ўсходніх паветаў Мінскай губерні. Дуда-«весялуха» мела шырокае выкарыстанне пры танцах, песнях, прыпеўках на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, а таксама ў ансамблі са скрыпкай ды цымбаламі. Як сведчаць музыказнаўцы, апошні раз дуда як старадаўні музычны інструмент гучала ў 1951 г. у Полацку. Зараз дуда зноў становіцца абявязковым інструментам народных ансамбляў.

Той, хто ўмела іграў на дудзе, меў пашанотнае найменне дудара. Зусім не выпадкова беларускі паэт Алесь Дайлідовіч (1904—1946) палічыў патрэбным для подпісу пад сваімі публікацыямі ўзяць, апроч іншых (Тодар Глыбінны), асноўны псеўданім — Дудар. У 1960-я гады быў створаны беларускі сцэнічны танец «Дударыкі», пры выкананні якога праяўляліся вынаходлівасць, дасціпнасць, здольнасць абудзіць у чалавечай душы ўзнёслыя пачуцці.

Яшчэ значна раней, нават да нашай эры, на землях беларускіх існавала дудка (пасвісцёл, свірасцелка, сапёлка, свісціл, жалейка, шасцяруха, гуслі, пішчэлка) — музычны інструмент тыпу падоўжанай флейты. Раней узору «Дударыкаў» быў створаны традыцыйны танец «Дудачка».