Перайсці да зместу

Дукшты (Віленскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Дукшты
літ.: Dūkštos
Касцёл Святой Ганны
Касцёл Святой Ганны
54°49′19″ пн. ш. 24°58′08″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Павет Віленскі
Раён Віленскі
Сянюнія Дукштаўская
Гісторыя і геаграфія
Першая згадка XV стагоддзе
Часавы пояс UTC+2, летам UTC+3
Насельніцтва
Насельніцтва 274 чалавекі (2021)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Паштовы індэкс LT-14019

http://dukstos.visiems.lt///dukstos.visiems.lt/ (літ.)
Дукшты (Літва)
Дукшты
Дукшты

Дукшты[1][2], таксама Ду́кштас[3] (літ.: Dūkštos) — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Адміністрацыйны цэнтр Дукштаўскай сянюніі. Знаходзіцца за 8 км на паўднёвы захад ад Майшаголы, пры аўтадарогах 108 і 171, на правым беразе ракі Віліі (Нярыс).

Дукштаўскі камень

На поўдзень ад вёскі цячэ рака Вілія (Нярыс), а яе правы прыток Дукшта працякае ўздоўж паўночнай ускраіны. Частка тэрыторыі ўваходзіць у ландшафтны заказнік.

На правым беразе Віліі цягнуцца Дукштаўска-Шыленскія лясы. У Дукштах месціцца адміністрацыя Нярыскага рэгіянальнага парку. У межах Дукштаўскага прыроднага рэзервата знаходзіцца каштоўныя дубровы плошчай 302 га (у тым ліку 36 га маюць рэзерватны статус). У лесе каля вёскі расце «Дуб Каралева» (раней існаваў і «Дуб Кароль»), а таксама Вяльнякампіская сасна, якія з’яўляюцца помнікамі прыроды.

Тут праходзіць экалагічная сцежка, на пачатку якой усталяваная скульптура Міндоўга. Побач знаходзіцца валун з рунічнымі знакамі, якія дагэтуль не расшыфраваны.

Дукшты на малюнку Напалеона Орды. 1875

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Назва вёскі ўтворана ад назвы ракі Дукшты[4]. Дукшты ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах з XV стагоддзя. У 1365 годзе, падчас нападу крыжаносцаў на Кернава, жыхары разам з літоўскім войскам адступілі ў Дукшты.

У 1647 годзе ў Дукштах быў закладзены касцёл Святой Ганны (паводле іншых звестак, ён быў асвячоны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы[5]) на сродкі Даратэі Даўбар з Гедройцаў. Дукшты ўваходзілі ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У 1749 годзе фальварак Дукшты быў падараваны піярскаму калегіуму ў Расейнах Людвікам Сяніцкім герба «Бонча»[6]. З таго часу быў вядомы як Дукшты Піярскія (польск.: Dukszty Pijarskie).

У 1750 годзе мясцовы касцёл перайшоў пад апеку віленскіх піяраў, у 1772 годзе быў перабудаваны. У 1777 годзе стараннямі віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага пры касцёле была створана парафія[7]. У 1790 годзе тут адкрылася парафіяльная школа, пазней пераўтвораная ў піярскі калегіум.

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

Пасля здушэння паўстання 1831 года піяры былі вымушаныя пакінуць Дукшты[8]. Рэктар віленскіх піяраў адначасова выконваў абавязкі пробашча касцёла ў Дукштах. Пасля скасавання піярскіх кляштараў у Літве тут пасяліўся апошні правінцыял і рэктар піяраў ксёндз Яўхім Дэмбінскі. Паводле яго ініцыятывы ў 1850—1856 гадах быў пабудаваны новы мураваны касцёл Святой Ганны (архітэктары Тамаш Тышэцкі і Густаў Шахт) — за кошт ахвяраванняў жыхароў Дукштаў і Вільні. Сярод ахвярадаўцаў быў і кампазітар Станіслаў Манюшка.

У XIX ст. Дукшты мелі статус мястэчка Віленскага павета[9] Віленскай губерні.

У дуброве каля Дукштаў у час паўстання 1863 года размяшчаўся штаб паўстанцаў, а ў суседняй мясцовасці Кармазінскі яр — шпіталь.

У другой палове XIX стагоддзя Дукшты былі ўласнасцю Яна Малыгіна і мясцовых сялян[10].

У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Дукшты занялі войскі Германскай імперыі.

Вуліца ў Дукштах у час Першай сусветнай вайны

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[11]. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй[12]. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі. У маі 1919 года пан Павел Кіршэўскі, сябра Віленскай беларускай рады, скардзіўся на старонках віленскай газеты «Беларуская думка», што яго двор у Дукштах занялі ксяндзы паводле распараджэння касцельнага камітэта, зацверджанага бальшавіцкім мейшагольскім камісарам, і не пусцілі яго з сям’ёй нават пераночыць[2].

З 1920 года ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 да 1939 года — у складзе гміны Мейшагола Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі[13].

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года тэрыторыя занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Дукшты разам з часткай Віленскага краю былі перададзены Літве, з 1940 года — у Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах пад акупацыяй Германіі.

У савецкі час вёска была цэнтрам калгаса. У 1946 годзе адкрыта сярэдняя школа. У 1951 годзе адкрылася бібліятэка і Дом культуры[14].

У 1970-я гг. студэнты-літоўцы з экспедыцыі географа-краязнаўца Часлава Кудабы, які рыхтаваў манаграфію пра наваколле Дукштаў, не маглі паразумецца з мясцовымі жыхарамі. Як прыгадвае Юзаф Русакевіч, настаўнік з Майшаголы[1]:

" Маладыя супрацоўнікі з групы Кудабы сутыкнуліся ў наваколіцах «літоўскіх» Дукштаў з вялікай цяжкасцю. Яны не маглі паразумецца з мясцовымі людзьмі, бо тыя зусім не ведалі літоўскай мовы і кепска размаўлялі па-расейску, а літоўскія даследчыкі, у свой чарод, не ведалі ні польскай, ні беларускай мовы. Давялося мне, на просьбу Кудабы, прывезці з Майшагалы некалькі здольных вучняў з 10-12 класаў, якія й былі ў часе экспедыцыі перакладчыкамі паміж студэнтамі-літоўцамі і мясцовым людам. "

З 1990 года — у складзе незалежнай Літвы. З 1992 года дзейнічае пачатковая школа. У 2024 годзе зацверджаны афіцыйны герб Дукштаў.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]
Пошта і школа

У Дукштах працуюць сярэдняя і пачатковая школы, бібліятэка, лясніцтва, медыцынскі пункт і паштовае аддзяленне.

У цэнтры вёскі знаходзіцца касцёл Святой Ганны, пабудаваны ў 1856 годзе з бутавага каменю. У 1868—1915 гадах храм дзейнічаў як праваслаўная царква. У 1918 годзе яго вярнулі каталіцкай парафіі і адноўленае святыня зноў стала парафіяльным касцёлам[7]. Дзейнічаў кляштар піяраў.

Дынаміка насельніцтва з 1865 па 2021
1865*[15] 1866 1905[16] 1931[17] 1959пер.[18] 1970пер.[19] 1976[20]
121 73 134 134 128 142 133
1979пер.[21] 1984[22] 1989пер.[23] 2001пер.[24] 2011пер.[25] 2021[26] -
164 178 294 352 311 274 -
  1. 1 2 Юзаф Русакевіч Пра Чэслава Кудабу й ягоную "Манаграфію пра Дукшты" // Рунь : газета. — Вільня: Віленскі цэнтар грамадзкіх ініцыятываў «Дэмакратыя для Беларусі», 2004. — 18 лютага — № 54. — С. 2. — ISSN 1392-7671.
  2. 1 2 Павал Кіршэўскі Пісьмо у рэдакцыю // Беларуская думка : газета. — Вільня: Друкарня "Прамень", 1919. — 31 мая — № 15. Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2023.
  3. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
  4. Aleksandras Vanagas. „Lietuvos miestų vardai“ (antrasis leidimas). – Vilnius, Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. // psl. 207
  5. Dukszty Pijarskie — Dūkštos Архівавана 13 лютага 2017. (польск.)
  6. Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego, t. IX: Pożajście — Ruksze, Warszawa 1888, s. 772.
  7. 1 2 Lietuvos vienuolynai.
  8. Dūkštų seniūnija.
  9. Dukszty (1) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 213.
  10. Dukszty (1) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 213.
  11. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : [у 4 т.] (бел.) / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія» ; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — Т. 4 / [складзены і падрыхтаваны да друку Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» ў 2018 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Н. Г. Балтрушэвіч і інш.]. — 268, [3] с. 1 000 экз. ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
  12. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : [у 4 т.] (бел.) / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія» ; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — Т. 4 / [складзены і падрыхтаваны да друку Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» ў 2018 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Н. Г. Балтрушэвіч і інш.]. — 268, [3] с. 1 000 экз. ISBN 978-985-508-476-2. С. 20.
  13. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. T. I. Województwo wileńskie. Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1938. 
  14. Dūkštos. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. V (Dis-Fatva). – Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. 192 psl.
  15. Дукшты. Географическо-статистический словарь Российской Империи, T. 2 (Дабанъ — Кяхтинское Градоначальство). СПб, 1865, C. 143
  16. Гошкевич И. И. Виленская губернія: Полный списокъ населенныхъ мѣстъ со статистическими данными о каждомъ поселеніи, составленный по оффиціальнымъ свѣдѣниямъ. – Вильна, 1905.
  17. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, tom I: Województwo wileńskie. – Warszawa, Główny urząd statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1938.
  18. Dūkštos. Mažoji lietuviškoji tarybinė enciklopedija  (літ.), T. 1 (A–J). Vilnius, Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1966, 442 psl.
  19. Lietuvos TSR kaimo gyvenamosios vietovės 1959 ir 1970 metais (Visasąjunginių gyventojų surašymų duomenys). Vilnius: Centrinė statistikos valdyba prie Lietuvos TSR Ministrų tarybos, 1974.
  20. Dūkštos. Lietuviškoji tarybinė enciklopedija, III t. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1978. T.III: Demokratinis-Garibaldžio, 189 psl.  (літ.)
  21. Lietuvos TSR kaimo gyvenamosios vietovės (1979 metų Visasąjunginio gyventojų surašymo duomenys). Vilnius: Lietuvos TSR Centrinė statistikos valdyba, 1982.
  22. Dūkštos. Tarybų Lietuvos enciklopedija[lt], T. 1 (A-Grūdas). Vilnius, Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1985, 466 psl.  (літ.)
  23. Kaimo gyvenamosios vietovės (1989 metų Visuotinio gyventojų surašymo duomenys). Vilnius: Lietuvos Respublikos Statistikos departamentas, 1993.
  24. Vilniaus apskrities gyvenamosios vietovės ir jų gyventojai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2003.
  25. Gyventojai gyvenamosiose vietovėse: Lietuvos Respublikos 2011 metų gyventojų ir būstų surašymo rezultatai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2013. Suarchyvuota 2022-04-08.
  26. Gyventojai gyvenamosiose vietovėse: Lietuvos Respublikos 2021 metų gyventojų surašymo rezultatai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2022.