Дыстрыбутыў Linux

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ubuntu, адзін з самых папулярных дыстрыбутываў Linux для персанальных камп’ютараў

Дыстрыбутыў Linux (англ.: Linux distribution, ад англ.: disctribute — «распаўсюджваць») — гэта від аперацыйнай сістэмы, якая ствараецца на аснове ядра Linux, да якога дадаецца іншае праграмнае забеспячэнне ў залежнасці ад мэтаў распрацоўкі дыстрыбутыва. Дыстрыбутывы Linux распрацоўваюцца для шырокага спектру сістэм, пачынаючы ад убудаваных прылад (напрыклад, OpenWrt) і персанальных камп’ютараў (напрыклад, Linux Mint) да магутных суперкамп’ютараў (напрыклад, Rocks Cluster Distribution).

Большасць дыстрыбутываў Linux звычайна уключае ядро Linux, сістэму ініцыялізацыі (напрыклад, systemd, OpenRC або runit) і свабодныя бібліятэкі ад праекта GNU. Каб забяспечыць функцыянаванне працоўнага стала ў дыстрыбутыў могуць быць уключаны сервер адлюстравання, асяроддзе працоўнага стала, гукавы сервер і іншыя звязаныя праграмы.

Большая частка праграмнага забеспячэння ў дыстрыбутывах Linux з’яўляецца свабодным праграмным забеспячэннем з адкрытым зыходным кодам, што дазваляе кожнаму мадыфікаваць арыгінальныя праграмы. Дыстрыбутывы Linux могуць ўключаць таксама прапрыетарныя праграмы, неабходныя, напрыклад, для драйвераў прылад.

Дыстрыбутыў Linux можна таксама ахарактарызаваць як пэўны набор прыкладнога і службовага праграмнага забеспячэння, запакаванага з ядром Linux такім чынам, што яго магчымасці задавальняюць патрэбы нейкага кола карыстальнікаў.[1] Стваральнікі дыстрыбутыва адаптуюць да яго праграмы і аб’ядноўваюць іх ў праграмныя пакеты. Пакеты праграм даступныя ў інтэрнэце ў так званых рэпазітарах.[2] [3] Насамрэч стваральнікі дыстрыбутыва часцей адказваюць толькі за праграмы ўстаноўкі і сістэмы кіравання пакетамі, астатнія праграмы дыстрыбутыва ствараюцца іншымі людзьмі.

Колькасць дыстрыбутываў Linux амаль дасягае тысячы асобнікаў.[4][5] Існуюць дыстрыбутывы, прыдатныя для выкарыстання на настольных камп’ютарах, серверах, ноўтбуках, нэтбуках, мабільных тэлефонах і планшэтах[6][7], а таксама ва ўбудаваных сістэмах.[8][9] Дыстрыбутывы бываюць камерцыйнымі (Fedora Linux ад Red Hat, openSUSE ад SUSE, Ubuntu ад Canonical) або цалкам створанымі супольнасцю распрацоўшчыкаў (Debian, Slackware, Gentoo, Arch Linux). Большасць дыстрыбутываў пастаўляецца гатовымі да выкарыстання, аднак некаторыя (напрыклад, Gentoo) распаўсюджваюцца ў выглядзе зыходнага кода і павінны быць скампіляваны для ўстаноўкі.[10]

Зноскі

  1. Linux Operating Systems: Distributions. swift.siphos.be (27 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы October 3, 2018. Праверана January 8, 2015.
  2. Chris Hoffman. HTG Explains: How Software Installation & Package Managers Work On Linux. howtogeek.com (27 чэрвеня 2012). Архівавана з першакрыніцы February 10, 2015. Праверана January 15, 2015.
  3. The status of CentOS mirrors. centos.org (15 студзеня 2015). Архівавана з першакрыніцы December 31, 2014. Праверана January 15, 2015.
  4. The LWN.net Linux Distribution List. LWN.net. Архівавана з першакрыніцы March 15, 2015. Праверана September 11, 2015.
  5. DistroWatch.com: Put the fun back into computing. Use Linux, BSD.. distrowatch.com. Архівавана з першакрыніцы November 11, 2020. Праверана November 26, 2020.
  6. Jim Martin. How to install Ubuntu Touch on your Android phone or tablet. PC Advisor. Архівавана з першакрыніцы October 27, 2015. Праверана October 29, 2015.
  7. David Hayward. Install Linux on your x86 tablet: five distros to choose from. TechRadar. Архівавана з першакрыніцы April 13, 2019. Праверана October 29, 2015.
  8. Brian Proffitt. The Top 7 Best Linux Distributions for You. linux.com (3 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы January 5, 2015. Праверана January 11, 2015.
  9. Eric Brown. Mobile Linux Distros Keep on Morphing. linux.com (4 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы February 13, 2015. Праверана January 11, 2015.
  10. Debian and Other Distros. debian.org (7 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы January 14, 2015. Праверана January 5, 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]