Дыярыуш Самуіла Маскевіча
| Дыярыуш | |
|---|---|
| Жанр | мемуары, дыярыуш |
| Аўтар | Самуіл Маскевіч |
| Мова арыгінала | польская |
| Дата напісання | каля 1625 |
«Дыярыуш» — помнік мемуарнай літаратуры першай паловы XVII стагоддзя, напісаны навагрудскім шляхціцам і гусарам Самуілам Маскевічам. Твор ахоплівае падзеі з 1594 па 1621 год і лічыцца адным з лепшых узораў жаўнерскіх успамінаў таго часу[1].
Даследчыкі, такія як Браніслаў Хлябоўскі і Аляксандр Брукнер, ставяць гэты твор у адзін шэраг са знакамітымі мемуарамі Яна Хрызастома Пасека, адзначаючы пісьменніцкі талент аўтара[1].
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Твор быў напісаны прыкладна ў 1625 годзе, калі аўтар ужо скончыў актыўную вайсковую службу. Самуіл Маскевіч паставіў мэту раскрыць у часе і прасторы кругаварот свайго жыцця, пераважна ў ваеннай і палітычнай сферах. Пачаўшы з сухіх дзённікавых нататак, ён развіў іх у разгорнутае эпічнае апавяданне, што сведчыць пра крышталізацыю мемуарнага жанру з прымітыўных формаў дыярыуша[1].
У якасці эпіграфа аўтар узяў цытату з парэміялагічнага зборніка Саламона Рысінскага: «Sam sobie gędę, sam wesoł będę» («Сам сабе спяваю, сам вясёлы буду»), аднак адразу ж удакладніў, разлічваючы на чытача: «Каму што не спадабаецца ў маім апавяданні, няхай мяне не вінаваць»[1].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Храналагічна твор ахоплівае перыяд з 1594 па 1621 год. Апавяданне пачынаецца з часу паўстання Налівайкі (1594). Паколькі аўтар тады быў падлеткам, даследчыкі мяркуюць, што гэтая частка напісана са слоў яго старэйшага брата Івана, які ўдзельнічаў у бітве пад Лубнамі[1]. Асабісты ўдзел аўтара ў падзеях прасочваецца з 1600 года, з пачаткам паходаў войскаў Рэчы Паспалітай у Інфлянты (Лівонія) падчас вайны са Швецыяй[1].
Цэнтральнае месца ў «Дыярыушы» займаюць падзеі Смутнага часу ў Маскоўскай дзяржаве (1609—1613). Маскевіч апісвае вайну вачыма простага жаўнера, а не палкаводца. Ён дэталёва малюе бітву пад Клушынам (1610), захоп Масквы і жыццё польска-літоўскага гарнізона ў сталіцы, а таксама драматычныя падзеі аблогі і абароны Крамля (1611—1612). Аўтар дае манументальныя і аб’ёмныя карціны маскоўскага жыцця, рэканструюючы іх з натуры без скажэнняў[1].
Апошні запіс у творы датуецца 23 жніўня 1621 года і паведамляе пра адкрыццё вальнага сойма ў Варшаве і рух турэцкага войска султана Сулеймана. Твор застаўся незакончаным, верагодна, з прычыны гібелі аўтара ў вайне са шведамі[1].
Мастацкія асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Стыль твора вылучаецца дынамічнасцю, спалучаючы аб'ектыўнае апісанне гістарычных падзей з суб'ектыўным успрыманнем аўтара. У тэксце сустракаюцца сюжэтныя навелы, напоўненыя гумарам, як, напрыклад, гісторыя пра пана Войцеха Бжэзіцкага[1].
Маскевіч паўстае ў творы не як ідэальны герой, а як рэальны чалавек свайго часу — жаўнер, схільны да прыгод і нажывы, але пры гэтым назіральны і не пазбаўлены гонару. У адрозненне ад многіх сучаснікаў, мемуарыст рэдка звяртаецца да рэлігійнай тэматыкі, спадзеючыся больш на «мушкет і жаўнерскі спрыт», чым на малітву. «Дыярыуш» дэманструе свецкі характар светапогляду аўтара[1].
Значэнне
[правіць | правіць зыходнік]«Дыярыуш» з'яўляецца важнай гістарычнай крыніцай, якая дае ўяўленне пра ментальнасць шляхты ВКЛ, вайсковы быт і ключавыя палітычныя падзеі пачатку XVII стагоддзя. Гэта прыклад секулярызацыі мемуарнага жанру і пераходу ад простых дзённікавых запісаў да мастацкай прозы[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Таранеўскі В. У. Польскамоўныя мемуары Беларусі ХVІІ стагоддзя: Вучэбны дапаможнік па гісторыі беларускай літаратуры. — Віцебск: Выдавецтва УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2005. — 27 с. — ISBN 985-425-441-10.