Перайсці да зместу

Дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобут-Адляніцкага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Запіскі мае і дыярыуш
польск.: Notacyje moje i diariusz mojеj sluźby wojennej
Жанр дыярыуш, мемуары, аўтабіяграфія
Аўтар Ян Уладзіслаў Пачобут-Адляніцкі
Мова арыгінала польская
Дата напісання каля 1685 (ахоплівае 1640—1684)
Дата першай публікацыі 1877 (Польшча), 1998 (Беларусь)
Носьбіт рукапіс

«Запіскі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (польск.: Notacyje moje i diariusz mojеj sluźby wojennej) — помнік мемуарнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVII стагоддзя, напісаны гусарам і грамадскім дзеячам Янам Уладзіславам Пачобутам-Адляніцкім. Твор спалучае ў сабе рысы дыярыуша, мемуараў і аўтабіяграфіі, ахопліваючы падзеі з 1640 па 1684 год[1].

Гісторыя стварэння і публікацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што Пачобут пачаў афармляць свае запісы ў адзіны твор каля 1685 года, выкарыстоўваючы ранейшыя нататкі на асобных аркушах і палях кніг. Інфармацыя пра раннія гады (1640—1655), верагодна, была ўзята з сямейных дакументаў або са слоў сваякоў[1].

Упершыню твор быў апублікаваны ў Польшчы Юзафам Ігнацыем Крашэўскім у 1877 годзе. У Беларусі «мілітарная» частка «Запісак» была надрукавана ў часопісе «Полымя» ў 1998 годзе[1].

Структура і змест

[правіць | правіць зыходнік]

Твор выразна падзяляецца на дзве часткі: «мілітарную» (1658—1667) і «мірную» (1668—1684).

Мілітарная частка (1658—1667)

[правіць | правіць зыходнік]

Гэтая частка прысвечана вайсковай службе аўтара. Пачобут падрабязна апісвае свой удзел у войнах са Швецыяй і Маскоўскай дзяржавай. Асаблівую каштоўнасць маюць звесткі пра выправы літоўскіх харугваў у Курляндыю (1658—1660), якія адсутнічаюць у іншых крыніцах. Аўтар дэталёва апісвае сваё баявое хрышчэнне, паядынкі, вайсковы быт і бітвы, у прыватнасці бітву на рацэ Басі (8 кастрычніка 1660), якую ён параўноўвае з лепшымі баталістычнымі карцінамі тагачаснай літаратуры[1].

Мірная частка (1668—1684)

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння вайсковай службы Пачобут апісвае сваё цывільнае жыццё: удзел у сейміках, трыбуналах, гаспадарчыя клопаты і сямейныя справы. Гэтая частка вылучаецца большым лірызмам і ўвагай да прыватнага жыцця. Аўтар шмат піша пра сваю жонку Рахель Юдыту Гадэбскую, яе смерць у 1682 годзе і свае перажыванні. Заканчваецца твор апісаннем падарожжа ў Карону ў 1684 годзе, наведвання Яснай Гары і сустрэчы з каралём Янам III Сабескім[1].

Жанравыя і стылістычныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі вызначаюць твор як «дыярыуш-мемуары» або «дыярыуш з элементамі мемуарнай нарацыі». Хоць запісы вядуцца ў храналагічным парадку, яны не заўсёды рэгулярныя і часта перарастаюць у разгорнутыя апавяданні[1].

Стыль Пачобута вылучаецца дынамічнасцю, эмацыянальнасцю і гумарам. Аўтар не хавае сваіх пачуццяў, апісваючы як гераічныя ўчынкі, так і праявы чалавечай слабасці і подласці. У творы прысутнічаюць элементы містыцызму (апісанне знакаў і прадвесцяў), характэрныя для барочнай ментальнасці[1].

«Запіскі» Яна Уладзіслава Пачобута-Адляніцкага з'яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай, якая запаўняе прабелы ў гісторыі войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя. Твор дае багаты матэрыял для рэканструкцыі шляхецкага менталітэту, вайсковага і паўсядзённага быту таго часу. Польскія даследчыкі ставяць гэты твор у адзін шэраг са знакамітымі мемуарамі Яна Хрызастома Пасака[1].

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Таранеўскі 2005, с. 14-20.
  • Таранеўскі В. У. Польскамоўныя мемуары Беларусі ХVІІ стагоддзя: Вучэбны дапаможнік па гісторыі беларускай літаратуры. — Віцебск: Выдавецтва УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2005. — 27 с. — ISBN 985-425-441-10.