Дэкалог, адзін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэкалог, адзінM:
польск.: Dekalog, jeden
Жанр драма
Рэжысёр
Прадзюсар Рышард Чуткоўскі
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія TELEWIZJA POLSKA S.A.[d]
Працягласць 53 хв.
Краіна
Мова польская
Год 1989
Наступны фільм Дэкалог, два
IMDb ID 0094982

«Дэкало́г, адзі́н» (польск.: Dekalog, jeden) — першая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 10 снежня 1989 года[2].

Фільм «Дэкалог, адзін» адпавядае першай з Дзесяці запаведзяў: «Не май іншых багоў, апроч Мяне»[3]. Асноўнай тэмай першай часткі тэлецыкла з’яўляецца абраза святасці Бога праз ідалапаклонства, якое прадстаўлена ў фільме праз абагаўленне навукі[4]. У сцэнарыі гэта тэма раскрываецца самым непасрэдным чынам: падымаецца пытанне існавання Бога ўвогуле, а таксама праблема стварэння сучасным чалавекам фальшывых багоў. Аўтары фільма, наўмысна пазбягаючы традыцыйнай біблейскай інтэрпрэтацыі запаведзі, ролю такога бажка аддаюць камп’ютару. «Дэкалог, адзін» расказвае гісторыю вучонага, трагедыя якога вынікае з таго, што ён цалкам давярае магчымасцям сучаснай навукі, увасобленым у камп’ютары[2].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Першая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не май іншых багоў, апроч Мяне»[3].

Зіма. Кшыштаф (Хенрык Бараноўскі[pl]), выкладчык ва ўніверсітэце, жыве са сваім сямігадовым сынам Паўлам (Войцех Клата[pl]). Цэнтральнае месца ў іх доме займае камп’ютар, які выкарыстоўваецца для правядзення навуковых эксперыментаў і для запісу штодзённых назіранняў. Кшыштаф — рацыяналіст і атэіст.

Пасля школы Павел адпраўляецца на абед да Ірэны (Мая Камароўска[pl]), сястры яго бацькі. Цёця, глыбока веруючая жанчына, паказвае хлопчыку свае фотаздымкі з папам рымскім з паездкі ў Ватыкан. Хлопчык здзіўлены, што Ірэна і Кшыштаф, не гледзячы на тое, што яны брат і сястра, настолькі розныя і прытрымліваюцца такіх розных поглядаў. Ірэна просіць дазволу ў Кшыштафа, каб запісаць Паўла на заняткі па рэлігіі. Кшыштаф не супраць.

Урсынаўскі[pl] касцёл Унебаўшэсця Панскага, які з’яўляецца ў фільме.

Бацька паказвае сыну новыя камп’ютарныя функцыі. Машына можа адказваць на самыя простыя пытанні на розных мовах і выконваць матэматычныя вылічэнні. З вялікай дакладнасцю і пры тым з вялікім запасам Кшыштаф вылічвае трываласць лёду на замерзлым возеры, дзе яго ўлюбёны сын збіраецца апрабаваць свае новыя канькі. Згодна з дадзенымі камп’ютара — гэта бяспечна. І ўсё ж, ноччу незадоўга да Божага нараджэння, бацька сам выходзіць на лёд, каб яшчэ раз праверыць трываласць лёду. Пераканаўшыся, ён дарыць сыну канькі.

На наступны дзень да Кшыштафа прыходзіць пані Езерска (Ева Канія[pl]), маці Марэка, сябра Паўла. Моцна ўсхваляваная, яна пытаецца ў Кшыштафа, ці ведае той, дзе знаходзяцца хлопцы. Кшыштаф супакойвае яе, сцвярджаючы, што ў гэты час яны мусяць быць на англійскай мове. Аднак, аказваецца, што настаўніца (Марыя Гладкоўска[pl]) захварэла і адпусціла іх з урока. Пані Езерска паведамляе Кшыштафу, што лёд на рацэ трэснуў.

Бацька шукае Паўла ў Ірэны і ў двары, але беспаспяхова. У рэшце рэшт, ён кіруецца да возера. Ад Яцэка, сябра яго сына, Кшыштаф даведваецца, што Павел катаўся на каньках, калі лёд трэснуў, і хлопчык праваліўся.

У роспачы Кшыштаф ідзе ў касцёл. Ён падыходзіць да алтара і разбурае яго. Адна са свечак падае на бок, але не згасае. З яе пачынае сцякаць воск. Кроплі падаюць на вочы Багародзіцы, якая выяўлена на іконе. Ікона плача.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]


   Хенрык Бараноўскі[pl]   –   Кшыштаф
   Войцех Клата[pl]   –   Павел, сын Кшыштафа
   Мая Камароўска[pl]   –   Ірэна, сястра Кшыштафа
   Артур Барчыш[pl]   –   чалавек, што сядзіць над лёдам
   Ева Канія[pl]   –   Ева Езерска, маці Марэка, сябра Паўла
   Марыя Гладкоўска[pl]   –   Аня, настаўніца англійскай мовы
   Аляксандра Кіселеўска[pl]   –   маці Яцэка
   Агнешка Брустман[pl]   –   шахматыстка
   Мацей Барнінскі[pl]   –   бацька Яцэка
   Магдалена Альшэўска[pl]   –   журналістка, што размаўляе з дырэктарам школы

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сцэнарый[правіць | правіць зыходнік]

У інтэрв’ю французскаму часопісу «L’Express[en]» Кеслёўскі расказаў, што аднойчы ў дзяцінстве праваліўся пад лёд. Гэты ўспамін адлюстраваўся ў сцэнарыі «Дэкалога, адзін»[5].

Саўндтрэк[правіць | правіць зыходнік]

Музыка, што гучыць у фільме «Дэкалог, адзін» увайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка са ўсяго тэлецыкла. Пазней музыка з фільма «Дэкалог, адзін» з’яўлялася ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995) і «Чатыры колеры Лодзі» (2014).

Выхад і прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Выхад на экраны[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ера фільма адбылася 16 мая 1989 года на Канскім кінафестывалі[6]. Пазней фільм дэманстраваўся на Венецыянскім кінафестывалі 5 верасня 1989 года[6] і на Кінафестывалі ў Чыкага 18 кастрычніка 1989 года[7]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 10 снежня 1989 года[2][6].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

«Дэкалог, адзін», як асобны эпізод вялікага цыкла фільмаў, выклікаў ажыўленую рэакцыю крытыкаў. Фільм Кеслёўскага і Пясевіча шырока трактаваўся як крытыка фальшывага бога ў форме камп’ютара, або больш агульна ў форме навукі, логікі і ведаў[8][9][10][11]. Марэк Хальтаф[pl], аднак, выказаў думку, што фільм не замыкаецца на простым сутыкненні «рацыянальнай навукі» і «іррацыянальнай рэлігіі» і не з’яўляецца просталінейнай ілюстрацыяй тэзіса, што Бог карае за ідалапаклонніцтва[12]. Паводле Лізы Дзі Барталамеа, адной з тэм фільма з’яўляецца бітва за душу Паўла. Яна адзначае: «Ён зачараваны магутнасцю тэхналогій, спакусай эпістэмалогіі, а не містыфікацыі <...> і ў выніку павінен хутчэй згубіць сваё жыццё, чым страціць сваю душу»[13].

Аглядальнікі таксама звярнулі ўвагу на аператарскія рашэнні ў фільме. Марэк Хальтаф[pl] адзначыў, што выкарыстанне сіняга і зялёнага колераў аператарам Веславам Здортам[pl] «робіць фільм адным з найважнейшых у стылістычным плане эпізодаў серыяла»[14].

Разглядаючы ўвесь цыкл фільмаў, амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт назваў першы фільм самай сумнай часткай цыкла[9].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. выгрузка даных FreebaseGoogle.
  2. а б в Dekalog (польск.). Інтэрнэт-база польскага кіно. Праверана 17 чэрвеня 2021.
  3. а б Агульны катэхізіс . Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праверана 17 чэрвеня 2021.
  4. Joseph G. Kickasola. «The Films of Krzysztof Kieślowski:The Liminal Image» 2004, с. 164.
  5. Gilles Médioni, Dominique Simonnet. Krzysztof Kieslowski: "J'arrête. J'en ai assez du cinéma, je n'en peux plus" (фр.). Сайт часопіса «L’Express[en]» (1 верасня 1994). Праверана 10 снежня 2021.
  6. а б в Dekalog, jeden (TV Episode 1989) — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 чэрвеня 2021.
  7. Chicago International Film Festival (англ.). Сайт «Chicago Reader» (12 кастрычніка 1989). Праверана 17 чэрвеня 2021.
  8. Kim jest Bóg, czyli pierwszy odcinek "Dekalogu" Krzysztofa Kieślowskiego (польск.). Сайт «PolskieRadio24.pl» (10 снежня 2020). Праверана 24 чэрвеня 2021.
  9. а б Roger Ebert. The Decalogue (англ.). Сайт Роджэра Эберта (2 красавіка 2000). Праверана 24 чэрвеня 2021.
  10. Scott Tobias. The Decalogue (англ.). Сайт газеты «The A.V. Club» (29 сакавіка 2002). Праверана 24 чэрвеня 2021.
  11. Lisa Schwarzbaum. The Decalogue (англ.). Сайт часопіса «Entertainment Weekly» (4 жніўня 2000). Праверана 24 чэрвеня 2021.
  12. Marek Haltof. «The Cinema of Krzysztof Kieślowski: Variations on Destiny and Chance» 2004, p. 82.
  13. Lisa Di Bartolomeo. «No Other Gods: Blue and Green in Kieślowski's Decalog I» 2000, p. 54.
  14. Marek Haltof. «The Cinema of Krzysztof Kieślowski: Variations on Destiny and Chance» 2004, p. 83.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]