Дэкалог, шэсць

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дэкалог, шэсцьM:
польск.: Dekalog, sześć
Жанр драма
Рэжысёр Кшыштаф Кеслёўскі
Прадзюсар Рышард Чуткоўскі
Сцэнарыст Кшыштаф Пясевіч
Кшыштаф Кеслёўскі
У галоўных
ролях
Гражына Шапалоўска
Олаф Любашэнка
Аператар Вітальд Адамэк
Кампазітар Збігнеў Прайснер
Кінакампанія Польскае тэлебачанне[d]
Працягласць 58 хв.
Краіна Сцяг Польшчы Польшча
Мова польская
Год 1989
Папярэдні фільм Дэкалог, пяць
Наступны фільм Дэкалог, сем
IMDb ID 0094988

«Дэкало́г, шэсць» (польск.: Dekalog, sześć) — шостая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Прэм’ера фільма адбылася 8 чэрвеня 1990 года.[1]

Фільм «Дэкалог, шэсць» адпавядае шостай з Дзесяці запаведзяў: «Не чужалож».[2]

Поўнаметражная версія была выпушчана асобным фільмам у 1988 годзе пад назвай «Кароткі фільм пра каханне».

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Шостая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не чужалож».[2]

Дзевятнаццацігадовы Томэк (Олаф Любашэнка) жыве з маці свайго сябра ў варшаўскай кватэры. Томэк вырас у дзіцячым доме, ён сарамлівы і замкнуты, мае мала сяброў, працуе на пошце. Увесь вольны час ён праводзіць, падглядваючы за прыгожай дарослай жанчынай па імені Магда (Гражына Шапалоўска), што жыве ў доме насупраць. Праз тэлескоп ён назірае за ёй кожную ноч: глядзіць як яна займаецца бытавымі справамі, як працуе над сваімі мастацкімі творамі, як пастаянна сустракаецца з рознымі палюбоўнікамі. Жадаючы часцей бачыцца з Магдай, Томэк дасылае ёй фальшывае паведамленне пра неіснуючы грашовы перавод. Апантанасць Томэка больш арыентавана на яе паўсядзённую дзейнасць, а не на яе сексуальнае жыццё; калі ён бачыць, што ў яе адбываюцца сексуальныя адносіны з мужчынам, то прыбірае тэлескоп і не глядзіць.

Томэк даведваецца, што ёсць праблема з пастаўкамі малака для дома, дзе жыве Магда. Тады ён уладкоўваецца на працу разносчыкам малака, каб быць бліжэй да яе. Аднойчы ноччу ён бачыць, як пасля расставання са сваім чарговым мужчынам, Магда плача ў сябе ў кватэры і разлівае бутэльку малака. Атрымаўшы яшчэ адно фальшывае паштовае паведамленне, Магда ўступае ў канфлікт з супрацоўнікамі пошты, якія абвінавачваюць яе ў вымаганні. Томэк бачыць, што Магда ўзлаваная сваркай на пошце, і, дагнаўшы яе, прызнаецца, што фальшывае паведамленне ад яго, што ён бачыў, як яна плакала, і што назірае за ёй. Тым жа вечарам Магда перасоўвае свой ложак так, каб ён быў добра бачны праз акно. Да яе прыходзіць палюбоўнік, і калі яны ляжаць у ложку, яна распавядае, што за імі зараз сочаць. Мужчына кідаецца на вуліцу, кліча Томэка, каб той выйшаў да яго, і ўдарае яго па твары.

На наступны дзень, сутыкнуўшыся з Магдай пры дастаўцы малака, Томэк прызнаецца, што кахае яе і нічога не чакае ўзамен. Томэк просіць яе пайсці з ім на спатканне ў кавярню – яна згаджаецца. У час спаткання ў кавярні Магда даведаецца, што Томэк назірае за ёй ужо цэлы год, і што ён выкрадаў лісты, якія прыходзілі ёй ад палюбоўнікаў. Спярша яна злуецца, зрэшты хутка супакойваецца, кажучы: «Якое гэта мае значэнне». Яна паказвае Томэку, як мужчыны лашчаць рукі каханых жанчын, але ён, не зважаючы, робіць гэта па-свойму. Прагульваючыся з Томэкам пасля кафэ, Магда бачыць аўтобус, што ідзе да яе дамоў і прапануе яму згуляць у гульню: калі яны паспеюць на гэты аўтобус, то ён зойдзе да яе на госці. Яны бягуць на аўтобус, але не паспяваюць: дзверы зачыняюцца і аўтобус ад’язджае. Аднак праехаўшы некалькі метраў аўтобус спыняецца, каб упусціць іх.

Магда і Томэк прыходзяць да яе дамоў. Пасля душа Магда выходзіць да Томэка ў адным халаце і распытвае, што той бачыць праз акно, калі да яе прыходзяць мужчыны. Пасля яго расповеду, прысеўшы побач з ім, яна кладзе яго рукі на свае сцёгны, і ад гэтага дотыку ў яго адбываецца аргазм. «Вось і ўсё каханне…» — гаворыць Магда. Засмучаны і абражаны, Томэк выбягае з яе кватэры. Магда адчувае сябе вінаватай і намагаецца звязацца з ім, даючы знакі ў акно, каб ён патэлефанаваў ёй. Потым піша на кардоне «Вярніся, прабач» — і выстаўляе ў акно. Але адказу няма. Вярнуўшыся дадому, Томэк рэжа сабе вены. Магда прыходзіць у кватэру Томэка, каб вярнуць паліто, якое ён пакінуў у яе, і даведваецца, што той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам і цяпер ляжыць у лякарні. Жанчына, у якой жыве Томэк, паказвае Магдзе яго пакой і тэлескоп і гаворыць: «Вас гэта, напэўна, насмяшыць, але ён закахаўся ў Вас».

Магда паўсюль шукае Томэка, яна яўна занепакоена і клапоціцца пра яго. Аднойчы ноччу ў яе кватэры раздаецца тэлефонны званок. Яна падымае і чуе маўчанне. Тады яна, думаючы, што гэта Томэк, прызнаецца яму, што ён мае рацыю наконт кахання. Але гэта не Томэк, у яе проста праблемы з тэлефонам. Пасля некалькіх дзён чакання і цікавання за акном Томэка праз тэатральны бінокль яна нарэшце заўважае, што ён вярнуўся. Магда прыходзіць на пошту, каб сустрэцца з Томэкам і праз шкляныя дзверы бачыць, што ён на працоўным месцы. Яго рукі забінтаваныя на запясцях. Яна заходзіць і з пяшчотай глядзіць на яго, але ён толькі гаворыць: «Я больш не падглядваю за Вамі».

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]


 Акцёр   Персанаж 
Гражына Шапалоўска bepl Магда.
Олаф Любашэнка bepl Томэк.
Стэфанія Івіньска bepl гаспадыня Томэка.
Артур Барчыш bepl чалавек з чамаданам.
Станіслаў Гаўлік bepl Вацэк, паштальён.
Пётр Махаліца bepl РаманДэкалог, дзевяць»).
Рафал Імбра палюбоўнік Магды.
Ян Пехаціньскі bepl палюбоўнік Магды.
Малгажата Ражнятоўска bepl загадчыца пошты.

Саўндтрэк[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Dekalog (польск.) . Праверана 23 мая 2018.
  2. 2,0 2,1 Агульны катэхізіс (бел.) . Праверана 23 мая 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Joseph G. Kickasola. The Films of Krzysztof Kieślowski:The Liminal Image. — A&C Black, 2004. — 332 p. — ISBN 978-0-826-41559-2.

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]