Дэкаратыўная размалёўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лекіф з выявай Тэсея і крыцкага быка. Эдынбургскі вазапісец. Каля 500 года да н. э.

Дэкаратыўная размалёўка — арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках архітэктурных збудаванняў (манументальна-дэкаратыўная размалёўка), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах мастацкага і сувенірнага прызначэння і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Жостаўская размалёўка

3 глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома размалёўка па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл. Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка).

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі манументальна-дэкаратыўная размалёўка вядома з XI ст. (фрэскі на сценах храмаў), з XVI ст. адзін з найбольш пашыраных відаў манументальнага жывапісу. 3 XV ст. вядома размалёўка па шкле (гл. мастацкае шкло), з XVII ст. — батык. У XVIII ст. размалёўкай дэкарыравалі вырабы Свержанскай і Целяханскай фаянсавых мануфактур. Размалёўкай эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. 3 канца XIX ст. размалёўка вылучылася ў самастойны від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю.

Маляваны дыван з млынам. Язэп Драздовіч, 1930-я

У першай палове XX ст. пашырылася размалёўка па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл. Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Беларускі народны роспіс на шкле, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). 3 другой паловы XX ст. размаляваныя рэчы дэкаратыўна-прыкладнога і сувенірна-мастацкага характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы мастацкай прамысловасці, ствараюць народныя майстры. Манументальна-дэкаратыўная размалёўка пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]