Дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
«Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»
руск.: О предупреждении социального иждивенчества
Дзяржава: Сцяг Беларусі Беларусь
Нумар: 3
Прыняцце: Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015
Уступ у сілу: 2 красавіка 2015
Страта сілы: Прызупынены да 1 студзеня 2019 года[1].
Першая старонка дэкрэта №3

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» (руск.: О предупреждении социального иждивенчества), больш вядомы як Дэкрэт аб дармаедстве — дэкрэт, выдадзены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года.

Асноўнай мэтай дэкрэта было заяўлена імкненне дзяржавы кампенсаваць расходы на сацыяльныя паслугі, што аказваліся грамадзянам, якія не выплацілі або выплацілі не ў поўным аб'ёме падаткі. Пры гэтым адзначаецца, што агульная сума збору па фінансаванні дзяржрасходаў у маштабах бюджэту будзе невялікай[2].

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка[3]:

Дэкрэт быў накіраваны на ліквідацыю найскладанай праблемы — сацыяльнага ўтрыманства. Рашэнне гэтай праблемы бачылася ў стымуляванні працаздольных грамадзян, якія могуць і павінны працаваць, да легальнай працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1961 годзе Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты Указ «Аб узмацненне барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця». Дармаедства з'яўлалася крымінальна-каральным злачынствам, за якое прадугледжвалася да пяці гадоў абмежавання свабоды, але на прыктыцы судовыя справы былі рэдкімі. Крымінальная адказнасць наступіла, калі грамадзянін не працаваў больш за чатыры месяцы, але крымінальнай адказнасці чалавеку дастаткова была папрацаваць хоць пары дзён. Указ быў адменены ў красавіку 1991 года, перад самым развалам СССР, калі быў прыняты Закон «Аб занятасці насельніцтва», з дапамогай якога была знята крымінальная адказнасць за дармаедства і легалізавана беспрацоўе[4].

Пра тое, што ўлады Рэспублікі Беларусі збіраюцца ўвесці падатковы збор з беспрацоўных грамадзян, заяўляў яшчэ ў 2013 годзе прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч[4].

2 красавіка 2015 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

6 снежня 2016 года на нарадзе ў главы дзяржавы віцэ-прэм'ер Наталля Качанава даклала, што ўрадам ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта быў праведзены маніторынг рэалізацыі дэкрэта, які паказаў, што ён з'яўляецца актуальным, аб'ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уцягванне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што дэкрэт аб дармаедах дапрацуюць, але адмяняць не будуць[3].

12 студзеня 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, які унёс змены ў дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Былў удакладнены спіс тых, хто не павінен плаціць падатак за неўдзел у фінансаванні дзяржрасходаў. З ліку «сацыяльных утрыманцаў» былі выключаны тыя, хто значыцца ў спіскавым складзе нацыянальнай ці зборнай каманды Беларусі паводле відаў спорту, праходзіць альтэрнатыўную службу; беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці ці праходзяць навучанне па накіраванні органа па працы, занятасці і сацабароне, пры адсутнасці ўсталяваных фактаў парушэння імі абавязкаў у вобласці занятасці насельніцтва; бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, у тым выпадку, калі дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю. Мясцовым выканаўчым ці распарадчым органам было пададзена права вызваляць ад выплаты збору тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі[5].

Акрамя таго крайні тэрмін накіравання падаткавікамі паведамлення на выплату збору быў перанесены з 1 лістапада 2016 года на 20 студзеня 2017 года, тэрмін яго выплаты з 1 снежня 2016 на 20 лютага 2017 года[5].

Падатковыя органы накіравалі каля 470 тысяч паведамленняў на выплату падатку на дармаедства[6]. Станам на 13 студзеня 2017 года збор аплацілі толькі каля 24 тысяч чалавек, які папоўнілі дзяржбюджэт больш як на 7 мільёнаў беларускіх рублёў[7].

20 лютага 2017 года скончыўся апошні тэрмін выплаты збору. Збор выплацілі толькі каля 54 тыс. грамадзян (прыкладна 11,5 %), у бюджэт паступіла 16,3 млн. беларускіх рублёў. Пэўная колькасць грамадзян звярнулася ў мясцовыя органы ўлады з заявамі аб вызваленні ад выплаты збору[8].

Асноўныя палажэнні[правіць | правіць зыходнік]

Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ўстанаўліваецца абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія ўвесь час пражываюць у краіне, і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні у мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь[5].

На тое, каб выплаціць падатак, адводзіцца 30 дзён з моманту ўручэння паведамлення ці, калі яго паслалі заказным пісьмом, праз 10 дзён пасля даты адпраўлення[7].

За нявыплату ці несвоечасовую выплату збору прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У гэтым выпадку складаецца пратакол і накіроўваецца на разгляд у суд, які прымае рашэнне або аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь, або аб адміністрацыйным арышце. У выпадку адміністрацыйнага арышту грамадзянін у абавязковым парадку прыцягваецца да грамадска карысных прац, пасля адбыцця якіх сума збору лічыцца выплачанай. Адміністрацыйны арышт можа накладацца на тэрмін да 15 сутак[8].

Крытыка дэкрэта[правіць | правіць зыходнік]

Паводле прававой ацэнкі, зробленым праваабарочным цэнтрам «Прававая дапамога насельніцтву» ў 2015 годзе, Дэкрэт № 3 не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь[4].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Акцыі пратэсту[правіць | правіць зыходнік]

17 лютага 2017 года ў цэнтры Мінска адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць Дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», на які выйшла больш за 2000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя. Удзельнікі скандавалі «Не — дэкрэту № 3», «Жыве Беларусь», «Не бойцеся!». Марш прайшоў ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, каля якога адбыўся кароткі мітынг[9].

На наступны дзень, 19 лютага 2017 года буйны мітынг супраць Дэкрэта № 3 адбыўся і ў Гомелі — другім па памеры горадзе Беларусі. Калона на чале з прадстаўнікамі палітычных і прафсаюзных рухаў[10] прайшла ад плошчы Паўстання па вуліцы Савецкай да плошчы Леніна[11]. Гучалі палітычныя лозунгі, лозунгі супраць падаткаў на «дармаедства», удзельнікі акцыі скандавалі «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі»[11].

У Магілёве ў акцыі пратэсту прынялі ўдзел прынамсі паўтысячы чалавек. Яна прайшла на пешаходнай вуліцы Ленінскай у цэнтры горада[12].

У іншых абласных цэнтрах 19 лютага акцыі не былі падрыхтаваны. Пасля падзей у Гомелі людзі пачалі стыхійна збірацца а 14-й гадзіне ў цэнтрах Брэста, Гродна і Віцебска. У Брэсце сабралося не больш за сто чалавек, у Гродне — некалькі дзясяткаў чалавек[13].

Чарговая хваля пратэстаў пракацілася па гарадах Беларусі 26 лютага. Найбуйнейшы мітынг адбыўся ў Віцебску, у ім узялі ўдзел не менш за тысячу чалавек. Сотні людзей таксама выйшлі на акцыі пратэсту ў Бабруйску, Баранавічах і Брэсце[14].

Таксама акцыі пратэсту прайшлі 5, 10 (Маладзечна[15][16][17]), 11, 12, 15 і 25 сакавіка — на Дзень Волі[18].

Зноскі

  1. Абноўлены дэкрэт №3 запрацуе ў поўным аб’ёме з 1 студзеня 2019 года (руск.) , belta.by (21 снежня 2017).
  2. Рыжанкоў: галоўная ідэя дэкрэта нумар 3 - стымуляваць людзей выплачваць падаткі (17 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  3. 3,0 3,1 Декрет о предупреждении социального иждивенчества сохранят, но устранят выявленные недостатки (6 снежня 2016). Праверана 19 лютага 2017.
  4. 4,0 4,1 4,2 Правовая экспертиза Декрета Президента Республики Беларусь №3 от 02.04.2015 г. «О предупреждении социального иждивенчества» (4 лістапада 2015). Праверана 19 лютага 2017.
  5. 5,0 5,1 5,2 Сергей Балай В декрет о тунеядцах внесли изменения. Кого освободили от уплаты налога (руск.)  (12 студзеня 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  6. В Беларуси истекает срок уплаты сбора на финансирование госрасходов (20 лютага 2017). Праверана 22 лютага 2017.
  7. 7,0 7,1 Домохозяйки с детьми в детсаду не будут платить налог на тунеядство за прошлые годы (13 студзеня 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  8. 8,0 8,1 Сбор на финансирование госрасходов уплатили более 54 тыс. белорусов (21 лютага 2017). Праверана 22 лютага 2017.
  9. У Мінску некалькі тысяч чалавек выйшлі на Марш абураных беларусаў (бел.)  (17 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  10. Антон Трафімовіч У Гомлі прайшла самая масавая з 1990-х гадоў акцыя пратэсту (бел.)  (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  11. 11,0 11,1 Тысячы людзей выйшлі ў Гомелі на марш пратэсту: «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!» ФОТА, ВІДЭА (бел.)  (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  12. У Магілёве заклікалі ехаць на пратэст «дармаедаў» у Менск (бел.)  (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  13. У Горадні дзясяткі чалавек пратэстуюць супраць Дэкрэту № 3 (бел.)  (19 лютага 2017). Праверана 19 лютага 2017.
  14. «Марш недармаедаў» у Віцебску, Бабруйску, Баранавічах і Берасьці (бел.)  (26 лютага 2017). Праверана 28 лютага 2017.
  15. https://www.intex-press.by/2017/03/10/v-molodechno-na-marsh-netuneyadtsev-vyshlo-1000-chelovek-brutalno-zaderzhany-lebedko-rymashevskij-i-zhurnalist-belapan/
  16. http://naviny.by/article/20170310/1489163644-marsh-netuneyadcev-proshel-v-molodechno
  17. http://belsat.eu/ru/news/protest-protiv-dekreta-3-planiruetsya-10-marta-v-molodechno-onlajn/
  18. Уладзімер Глод Яшчэ 9 вулічных акцыяў. Кампанія «Мы не дармаеды» агучыла графік (бел.)  (17 лютага 2017). Праверана 28 лютага 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]