Дэпартацыя чачэнцаў і інгушоў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Депортация чеченцев и ингушей.svg

Дэпартацыя чачэнцаў і інгушоў — гвалтоўнае высяленне ў лютым-сакавіку 1944 насельніцтва Чачэна-Інгушэціі ў Цэнтральную Азію.

31 студзеня 1944 Дзяржаўны камітэт абароны СССР прыняў рашэнне пра высяленне чачэнцаў і інгушоў у Кыргызскую і Казахскую ССР у мэтах «стабілізацыі становішча» у ЧІАССР (афіцыйнае абвінавачванне — здрада і масавыя супрацоўніцтва з немцамі; фактычны чыннік — бесперапынныя ўзброеныя выступы чачэнцаў і інгушоў супраць савецкай улады). 23 лютага — 9 сакавіка 1944 года ў цэлым было выселена каля 650 тыс. чалавек. Па ўнутраных дадзеных НКУС, не менш за 144 тыс. (24 %) з іх загінулі падчас дэпартацый і на працягу першых чатырох гадоў знаходжання ў ссылцы. 7 сакавіка 1944 Чачэна-Інгушская АССР загадам Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР была скасавана; тэрыторыя Чачэна-Інгушэціі была падзелена паміж Паўночна-Асецінскай АССР, Дагестанскай АССР, Грузінскай ССР і Стаўрапольскім краем РСФСР.

Аперацыяй па высяленні чачэнцаў і інгушоў кіраваў наркам унутраных спраў, генеральны камісар дзяржбяспекі СССР Л. П. Берыя і яго намеснікі Іван Сяроў, Багдан Кабулаў і С.С.Мамулаў. Дэпартацыю ажыццяўлялі опергрупы НКУС-НКДБ і СМЕРШ (19 тыс. чалавек) пры садзейнічанні войскаў НКУС і ваенных частак (100 тыс. чалавек).

З санкцыі кіраўніцтва аперацыі (Берыі і Сярова) знішчаліся жыхары цяжкадаступных горных сёлаў і нетранспартабельныя хворыя. Так, 27 лютага 1944 у в. Хайбах былі спалены жыўцом каля 700 чалавек з некалькіх паселішчаў Галанчожскага раёна (самой малодшай з забітых было тры гады, самым старэйшым — за 100 гадоў). У Чабярлоеўскім раёне жыхароў горных сёлаў тапілі ў возеры Кезеной-Ам, у райцэнтры Урус-Мартан хворых (у тым ліку немаўлят і цяжарных жанчын) забілі атрутнымі ўколамі і закапалі на двары раённае лякарні (пахаванне выяўлена ў 1991 групай «Мемарыял»), у Ітум-Калінскім раёне людзей заганялі ў хаты і закідвалі гранатамі, у в. Малхісты — расстрэльвалі ў пячорах, у Нажай-Юртаўскім раёне — спальвалі ў кукурузных сховішчах, у в. Нашхой — у сельскай стайні, у в. Сюжы — у будынку сельскай школы.

Па шляху да месца высылання (людзей везлі ўзімку некалькі дзён у жывёльных вагонах без вады і ежы), а таксама ў першыя гады дэпартацыі загінула каля 200 тыс. чачэнцаў (больш траціны ўсяго народа), каля 30 тыс. інгушоў (каля паловы народу) і 20 тыс. чачэнцаў-акінцаў (больш за дзве траціны этнічнай групы). Гэтыя лічбы не ўлічваюць падвышаную смяротнасць сярод высланых у наступныя гады, не кажучы ўжо аб больш доўгатэрміновых дэмаграфічных наступствах. У Кыргызстан і Казахстан вымушаныя былі пазней накіравацца і чачэнцы і інгушы, якія на момант дэпартацыі знаходзіліся на фронце.

9 студзеня 1957 Чачэна-Інгушская АССР, скасаваная ў 1944, была адноўлена. Але пры гэтым для чачэнцаў былі зачынены некалькі горных раёнаў, і былых жыхароў гэтых раёнаў сталі сяліць у раўнінных аўлах і казачых станіцах. Чачэнцы-аўхоўцы вярнуліся ў Дагестан.

У 2004 Еўрапарламент прызнаў факт высылкі чачэнцаў і інгушоў у 1944 генацыдам.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Дэпартацыі ў СССР