Егіпет

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Арабская Рэспубліка Егіпет
араб. جمهورية مصر العربية‎‎
Flag of Egypt.svg Герб Егіпта
Сцяг Егіпта Герб Егіпта
EGY orthographic.svg
Гімн: «بلادي، لك حبي و فؤادي»
Заснавана 3200 да н.э.
Дата незалежнасці 28 лютага 1922 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова Арабская
Сталіца Каір
Найбуйнейшыя гарады Каір, Александрыя, Гіза, Шубра-Эль-Хейма, Порт-Саід, Суэц[1]
Форма кіравання Прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт Егіпта
Прэм'ер-міністр
Абдул Фатах ас-Сісі
Ібрагім Махляб
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
30-я ў свеце
1.002.450 км²
0,632
Насельніцтва
• Ацэнка (2018)
• Перапіс (2017)
Шчыльнасць

99.413.317[2] чал. (15-я)
94.798.827[3] чал.
95 чал./км²  (118-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$1392,843 млрд[4]  (21-ы)
$14.045  (100-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$264,701 млрд
$3.146
ІРЧП (2018) 0,696 (сярэдні) (115-ы)
Этнахаронім Егіпцяне
Валюта Егіпецкі фунт
Інтэрнэт-дамены .eg, مصر.
Код ISO EG
Тэлефонны код +20
Часавыя паясы +2

Егі́пет (араб. مصر‎‎), Ара́бская Рэспу́бліка Егі́пет (араб. جمهورية مصر العربية‎‎) — краіна на паўночным усходзе Афрыкі і паўднёвым захадзе Азіі. Мяжуе з Ізраілем, тэрыторыяй Палесціны (сектарам Газы), Суданам і Лівіяй. На поўначы абмываецца водамі Міжземнага мора, на ўсходзе — Чырвонага мора. Па тэрыторыі Егіпта праходзіць Суэцкі канал — найкарацейшы марскі шлях з Міжземнага мора ў Індыйскі акіян.

Гісторыя Егіпта — адной з найстаражытнейшых цывілізацый свету, без перабольшання, калыскі чалавецтва — прасочваецца да 6-4 тыс. да н.э. У Старажытным Егіпце былі пабудаваны такія архітэктурныя славутасці як піраміды Гізы і Вялікі Сфінкс. Старажытныя руіны, як, напрыклад, Мемфіс, Фівы, Карнак і луксорская Даліна цароў з'яўляюцца важнымі цэнтрамі археалагічных даследаванняў. Егіпет стаў адным з цэнтрам зараджэння пісьменства, арашальнага земляробства, будаўніцтва гарадоў, арганізаванай рэлігіі. Сучасны Егіпет — спадкаемца той высокай цывілізацыі, што затым перажыла і ўвабрала не адну хвалю гісторыі (грэцкую, рымскую, арабскую і інш). З ХVI ст. Егіпет знаходзіўся пад уладай Асманскай імперыі. У канцы XIX ст. трапіў у сферу брытанскага ўплыву. У 1922 атрымаў фармальную незалежнасць як манархія. У 1952 адбылася рэвалюцыя, у выніку якой кароль Фарук і брытанскія салдаты ўцяклі, а Егіпет стаў рэспублікай.

Егіпет мае пераважна раўнінны рэльеф. У краіне маюцца паклады нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жалезнай руды. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі і спякотны; на поўначы — міжземнаморскі. Большую частку Егіпта займаюць пяскі і камяністыя прасторы Сахары. У такіх умовах яшчэ большую ролю набывае Ніл — найбуйнейшая рака, што перасяе краіну з поўдня на поўнач і стварае вялікую дэльту. Даліна Ніла — суцэльны заселены аазіс.

Егіпет з'яўляецца трэцяй па колькасці насельніцтва краінай Афрыкі і першай у арабскім свеце і на Блізкім Усходзе. У пераважнай большасці сваёй каля 100 мільёнаў жыхароў краіны [5] жывуць каля берагоў ракі Ніл, у суцэльна асвоенай вобласці плошчай каля 40 тысяч км², адзінай, дзе маюцца ворныя землі. Вялікія плошчы пустыні Сахары з'яўляюцца маланаселенымі. Меней за палову егіпцян жывуць у гарадах, найбольш густанаселенымі цэнтрамі з'яўляюцца гарады Каір і Александрыя, а таксама іншыя гарады ў даліне і дэльце Ніла. У пачатку нашай эры Егіпет стаў адным з важнейшых цэнтраў хрысціянства, аднак сёння гэта пераважна мусульманская краіна.

У пачатку 2011 года падчас Арабскае вясны ў Егіпце адбылася рэвалюцыя, якая прывяла да звяржэння прэзідэнта Хосні Мубарака са сваёй пасады, якую ён займаў амаль 30 гадоў. Сённяшні Егіпет — дэмакратычная прэзідэнцкая ўнітарная рэспубліка. Зрэшты, многія назіральнікі характарызуюць палітычны рэжым прэзідэнта Абдула ас-Сісі як аўтарытарны.

Егіпет — другая па аб'ёме эканомікі краіна Афрыкі — мае значны патэнцыял для таго каб у ХХІ стагоддзі стаць адной з вядучых эканомік свету. Эканоміка Егіпта, дзе такія сектары, як турызм, сельская гаспадарка, прамысловасць і сфера паслуг, знаходзяцца на амаль адным узроўні, з'яўляецца адной з найбольш разнастайных на Блізкім Усходзе. У індустрыі турызму занята каля 12 % працоўнай сілы Егіпта. Значную долю валютных паступленняў у краіну дае збор за праход караблёў па Суэцкім канале.

Егіпет — член Лігі арабскіх дзяржаў (штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Каіры), Афрыканскага Саюза, Арганізацыі Ісламская канферэнцыя (АІК) і Руху недалучэння.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Слова "Егіпет" утворана ад старажытнагрэцкай назвы краіны Айгіптас ("Αἴγυπτος"), вытворнай ад тапоніма "Хікупта" — егіпецкай назвы горада Мемфіса. Хікупта азначае "дом ка (душы) Пта (бога апякуна Мемфіса)". Афіцыйная арабская назва Егіпта гучыць як "Міср", хоць самі егіпцяне вымаўляюць яе як "Маср".

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Здымак тэрыторыі Егіпта з спадарожніка

Егіпет размяшчаецца на 1 млн км²[6] і такім чынам з'яўляецца 30-й паводле плошчы краінай свету. Тэрыторыя краіны прыкладна адпавядае памеру ўсёй Цэнтральнай Амерыкі[7], у два разы большая за тэрыторыю Іспаніі[8], і ў чатыры разы большая за тэрыторыю Вялікабрытаніі[9], а таксама роўная складзеным разам амерыканскім штатам Тэхас і Каліфорнія[10]. Егіпет размешчаны паміж 22 ° і 32 ° з.ш. і 24 ° і 36 ° у.д.

Егіпет мяжуе з Лівіяй на захадзе, Суданам на поўдні і мае мяжу з сектарам Газа і Ізраілем на ўсходзе. Абмываецца Міжземным морам на поўначы і Чырвоным морам на ўсходзе.

Егіпет — адна з нямногіх краін, размешчаных адразу ў двух частках свету і адзіная, што разлеглася на двух кантынентах: Сінайскі паўвостраў плошчай 130 тыс. км² геаграфічна належыць да Азіі (Еўразіі). З гэтай стратэгічна ўнікальнай транскантынентальнасці вынікае важная роля Егіпта ў геапалітыцы: дзяржава валодае суднаходным водным шляхам Суэцкага канала, які злучае Міжземнае мора з Індыйскім акіянам праз Чырвонае мора.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Ля падножжа найвышэйшай гары Егіпта размясціўся Манастыр Святой Кацярыны

Афрыканская частка Егіпта пераважна раўнінная, платападобная. Вышыні змяншаюцца з поўдня на поўнач, дзе-нідзе апускаючыся ніжэй за ўзровень мора, ажно да -133 м. ва ўпадзіне Катара. Паралельна узбярэжжу Чырвонага мора цягнуцца невысокія (да 1900 м) аднак скалістыя, бляклыя Нубійскія горы. Найвышэйшыя ж пункты краіны знаходзяцца ў азіяцкай частцы: у паўднёвым куце Сінайскага паўвострава ўздымаюцца горы вышынёй да 2 650 м (гара Кацярыны). У Егіпце маюцца значныя па рэгіянальных мерках паклады нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жалезнай руды.

Выдма ва ўпадзіне Катара

Клімат на большай частцы Егіпта трапічны пустынны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 27 °C да 32 °C летам і да 43 °C на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Сярэднія зімовыя тэмпературы складаюць ад 13 °C да 21 °C. На поўдзень ад Каіра, колькасць ападкаў мізэрная — у сярэднім ад 2 да 5 мм у год, прычым дажджы выпадаюць з інтэрвалам у некалькі гадоў (і толькі ў зімовыя месяцы)[11]. У вясновыя месяцы і на пачатку лета з паўднёвых пустынь дзьме сухі гарачы вецер хамсін. На вельмі тонкай паласе паўночнага ўзбярэжжа колькасць ападкаў можа дасягаць 410 мм[12], прычым уся гэта сума прыпадае на перыяд паміж кастрычнікам і сакавіком. Гэта вобласць субтрапічнага міжземнаморскага клімату. Устойлівы вецер з паўночнага захаду дапамагае знізіць тэмпературу ля ўзбярэжжа Міжземнага мора. У гарах Сіная і некаторых паўночных прыбярэжных гарадах зрэдку выпадае снег.

Адзіная водная артэрыя, што не перасыхае — гэта Ніл, найдаўжэйшая рака Афрыкі. Ніл перасякае Егіпет з поўдня на поўнач і пры ўпадзенні ў Міжземнае мора стварае вялізную дэльту плошчай 24 тыс.кв.км. На ўсім сваім егіпецкім працягу Ніл не прымае ніводнага прытока і выключна губляе ваду на ўсе магчымыя гаспадарчыя патрэбы. Вышэй горада Асуан у пачатку 1960-х была пабудавана плаціна, якая стала падпорам вадасховішча Насер.

Даліна Ніла каля Луксора

Большую частку Егіпта займае пустыня з дзе-нідзе параскіданымі аазісамі. Егіпет уключае ў сябе часткі пустыні Сахара і Лівійскай пустыні. Вятры ствараюць уражваючыя пясчаныя выдмы, якія часам дасягаюць вышыні болей за 30 метраў. Паміж пяскоў егіпецкай зямлі ўрадлівай абжытай стужкай віецца даліна Ніла. Да будаўніцтва Асуанскай плаціны, Ніл сваімі разлівамі штогод папаўняў глебы Егіпта, што гарантавала добры ўраджай кожны новы год.

Паколькі большая частка жыхароў стомільённага Егіпта канцэнтруецца ў дэльце і ніжнім цячэнні Ніла, эксперты адносяць краіну да ліку найбольш уразлівых да глабальнага пацяплення. Нават нязначнае падняцце узроўню Сусветнага акіяна можа спарадзіць процьму экалагічных бежанцаў з Егіпта.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытны Егіпет[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Егіпта заселеная з глыбокай старажытнасці. Тут узнікла рачная цывілізацыя ў даліне ракі Ніл, і менавіта тут археолагамі зафіксаваны першыя ў гісторыі чалавецтва дзяржавы (каля 4 тысячагоддзя да н.э.). У дадынастычны перыяд існавала каля 40 дзяржаў-номаў і вялася барацьба за яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта. У 3000 годзе фараон Верхняга Егіпта Нармен, стаў узначаліў аб'яднаны Егіпет са сталіцай у Мемфісе. У эпоху Старажытнага царства — гэта гісторыя класічнага Егіпта — будаваліся знакамітыя піраміды (Хеопса, Хефрэна, Мікерына). У эпоху Сярэдняга царства Егіпет быў заваяваны гіксосамі. Новае царства (1600—1100 г. да н.э.) са сталіцай у Фівах  — гэта першая імперыя. У той час Егіпет аказваў вялікі культурны ўплыў на краіны Міжземнамор'я, у прыватнасці на старажытных грэкаў, праз якіх у еўрапейскую культуру трапілі многія егіпецкія навуковыя здабыткі. Пасля надыходу жалезнага веку Егіпет хутка губляе свой уплыў і трапляе ў залежнасць ад Асірыі VII ст. да н.э., затым (525 г. да н.э.) — ад Персіі. У 332 г. да н.э. Егіпет быў захоплены Аляксандрам Македонскім, краіна ўступае ў эліністычны перыяд (дынастыя Пталамеяў). У канцы І ст.да н.э. Егіпет становіцца правінцыяй Рымскай імперыі. У рымскі перыяд адбыўся заняпад старажытнаегіпецкай культуры; на змену познеегіпецкай мове прыйшла копцкая. На пачатку новай эры ў Егіпце актыўна распаўсюджваецца хрысціянства.

Сярэднявечны Егіпет[правіць | правіць зыходнік]

Статуя Саладзіна ў Каірскім ваенным музеі

Пасля распаду Рымскай імперыі (395) Егіпет стаў правінцыяй яе ўсходняй часткі — Візантыі. У 639 г. у Егіпет увайшло арабскае войска Амра ібн аль-Аса. У 642 г. была захоплена сталіца Егіпта — Александрыя, краіна стала правінцыяй Арабскага халіфата. У чкладзе халіфата насельніцтва паступова перайшло на арабскую мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам. У 969 г. Егіпет быў заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 г. стаў іх сталіцай. З сярэдзіны ХІ ст. пачаўся распад халіфата Фатымідаў, што выкарысталі еўрапейскія крыжаносцы. У 1168 г. яны ўварваліся ў Егіпет і аблажылі Каір. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Егіпта, уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 г. захапіла вярхоўную ўладу. Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Егіпта ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае узбярэжжа Судана і інш.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

У 1517 г. мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Егіпет стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта абярнулася заняпадам культуры і гаспадарчага жыцця Егіпта. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Турэцкі султан перастаў быць рэальным кіраўніком Егіпта, хоць і заставаўся яго рэлігійна-палітычным сюзерэнам. У 1798 г. французскія войскі на чале з генералам Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір. У 1801 г. французы капітулявалі перад англа-турэцкімі войскамі. У 1805 г. намеснікам султана ў Егіпце з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ пачаў мадэрнізацыю краіны. Узмацненне Егіпта не задаволіла ані Турцыю, ані еўрапейскія дзяржавы. Супольнымі намаганнямі ў 1841 яны змусілі Махамеда Алі капітуляваць, і з таго часу Егіпет трапляе ў залежнасць ад Англіі і Францыі. У 1869 г. адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. У 1882 Вялікабрытанія фактычна ўсталявала над Егіптам пратэктарат, хаця фармальна край заставаўся у складзе Асманскай імперыі. Канец ХІХ - пач. ХХ ст.стаў часам фарміравання нацыянальнай буржуазіі і інтэлігенцыі, узнікнення і развіцця нацыянальна-вызвольнага руху.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Егіпецкія войскі перапраўляюцца праз Суэцкі канал, 7 кастрычніка 1973. Пачатак Вайны Суднага дня

Антыкаланіяльныя егіпецкія паўстанні 1919, 1921 гадоў прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі. Дэкларацыяй 28 лютага 1922 г. былі абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Егіпта; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брытанскія войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканамічнае панаванне англічан. У 2-ю сусветную вайну тэрыторыя Егіпта стала арэнай ваенных дзеянняў. У кастрычніку 1942 г. брытанскія войскі спынілі нямецкую армію генерал-фельдмаршала Э.Ромеля на шляху да Суэцкага канала і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. У 1948 г. Егіпет і іншыя арабскія краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне.

23 ліпеня 1952 г. тайная патрыятычная арганізацыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г. А. Насэрам ажыццявіла дзяржаўны пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе палітычныя партыі былі забаронены, быў прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. Насэр узяў курс на супрацоўніцтва з СССР і іншымі сацыялістычнымі краінамі. У 1956 г. Егіпет аб'явіў аб нацыяналізацыі міжнароднай кампаніі Суэцкага канала, у адказ англа-французскія войскі акупавалі зону Суэцкага канала. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Егіпта. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго арабскага свету.У лютым 1958 г. Егіпет і Сірыя утварылі Аб'яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), праз тры гады Сірыя пакінула саюз. У 1967 пасля паражэння ў Шасцідзённай вайне Егіпет страціў Суэцкі паўвостраў, што быў акупаваны Ізраілем. Пасля смерці Насера ў 1970 прэзідэнтам стаў Анвар Садат, які пераарыентаваў Егіпет на ЗША. Адносна паспяховая для арабскага саюза Вайна Суднага дня 1973 года паспрыяла вяртанню Сінайскага паўвострава ў 1978 годзе. У кастрычніку 1981 г. Садат быў забіты групай экстрэмістаў, незадаволеных прымірэннем з Ізраілем. Новым прэзідэнтам стаў Хосні Мубарак, рэжым якога расцягнуўся на 30 гадоў. У лютым 2011 у выніку хваляванняў Арабскай вясны Мубарак быў вымушаны пакінуць найвышэйшы пост.

Палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які адначасова з'яўляецца і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Кіраўнік урада — прэм'ер-міністр. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нацыянальны сход. Егіпецкі парламент складаецца з 454 месцаў. У цяперашні час 311 дэпутатаў выбраны ад кіруючай Нацыянал-дэмакратычнай партыі, 10 дэпутатаў прызначаюцца прэзідэнтам, 112 беспартыйных дэпутатаў, 9 дэпутатаў ад трох іншых партый, 12 месцаў не занята.

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

У аснове ўнутранай палітыкі ўрада Егіпту ляжыць курс на стварэнне шматпартыйнай дэмакратычнай сістэмы і падтрыманне стабільнасці ў краіне. У сакавіку 2003 года парламент Егіпту падоўжыў на тры гады надзвычайнае становішча (уведзена ў 1981 годзе пасля забойства прэзідэнта Анвара Садата), разам з тым у краіне, асабліва апазіцыяй, актыўна абмяркоўваецца магчымасць яго адмены.

Шматпартыйная сістэма ў Егіпце зацвердзілася ў 1977 годзе. У цяперашні час у краіне легальна дзейнічаюць 17 палітычных партый, першым чынам кіруючая Нацыянальна-дэмакратычная партыя (НДП) (узнікла ў 1978 годзе). Старшыня НДП — прэзідэнт М. Х. Мубарак. 7 верасня 2005 года ў Егіпце прайшлі прэзідэнцкія выбары, у выніку якіх М. Х. Мубарак быў абраны Главой дзяржавы на чарговы, ужо пяты, тэрмін (тэрмін прэзідэнцкага мандата — 6 гадоў). На парламенцкіх выбарах, якія праходзілі ў тры тура (9 і 20 лістапада, 1 снежня 2005 года), пераканаўчую перамогу атрымала кіруючая Нацыянальна-дэмакратычная партыя, набраўшы каля 70 % галасоў выбаршчыкаў.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет з'яўляецца адным з асноўных рэгіянальных удзельнікаў дыпламатычных высілкаў, накіраваных на пераадоленне крызіснага этапу блізкаўсходняга ўрэгулявання і аднаўленне мірнага працэсу ў рэгіёне. У гэтым кантэксце Егіпет шчыльна ўзаемадзейнічае з ЗША, Расіяй і Еўрасаюзам, падкрэслівае неабходнасць актывізацыі адпаведных высілкаў усіх зацікаўленых бакоў, асабліва шчыльна і дынамічна працуе з Палесцінай. Каір выступаў супраць ужывання сілавых метадаў рашэння іракскай праблемы, быў ініцыятарам правядзення шэрагу міжарабскіх нарад па гэтым пытанні.

З 1993 Егіпет мае статус «адмысловага госця» у рамках АБСЕ. У чэрвені 2001 падпісаў у Люксембургу дагавор аб эканамічным партнёрстве з ЕС (уступіла ў сілу 1 чэрвеня 2004), удзельнічае ў дыялогу НАТА з краінамі Паўднёвага Міжземнамор'я.

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет падзяляецца на 29 губернатарстваў (мухафаз), якія, у сваю чаргу, раздзяляюцца на раёны (марказы), а тыя — далей, на гарады і вёскі.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2017

Калі Напалеон высадзіўся на егіпецкую зямлю, тут пражывала каля 3 млн. чалавек. А сёння ў Егіпце жыве каля 100 млн чалавек. Праўда, з іх каля 3 — 3,5 млн чал. стала працуюць за мяжой. Імклівы рост насельніцтва краіны пачаўся ў 1970-я, дзякуючы поспехам медыцыны і ўкараненню ў сельскай гаспадарцы дасягненняў зялёнай рэвалюцыі. У 2010-х тэмпы росту насельніцтва застаюцца вельмі высокімі — да 2,5 % у год. У 2018 нараджальнасць склала 28,8 на 1000 чалавек, смяротнасць — 4,5. Гэта абумоўлівае надзвычайна маладую ўзроставую структуру: каля 33,5 % насельніцтва складаюць дзеці і падлеткі да 15 гадоў.[13]

Бедуіны пякуць хлеб

Этнічны склад аднастайны, 98 % насельніцтва — арабы. З іх 92 % складаюць егіпцяне — тытульная нацыя; астатняе прыходзіцца на эмігрантаў з арабскіх краін, пераважна з Судана. Некаторыя мігранты прыбылі нядаўна, сямейная гісторыя іншых на егіпецкай зямлі налічвае ўжо шмат пакаленняў. Да арабаў таксама адносяцца і традыцыйна качавыя бедуіны, што жывуць ва ўсодніх пустынях і на Сінайскім паўвостраве. Зрэшты, сёння і яны вядуць аседлы лад жыцця. Нягледзячы на нешматлікасць нацыянальный меншасцяў (2 %), іх склад даволі стракаты: туркі, грэкі і абазіны, нубійцы і інш. Дзяржаўная і галоўная гутарковая мова — арабская. Копцкая мова, на якой размаўляла даарабскае насельніцтва, перастала ўжывацца да ХІХ ст, але застаецца мовай набажэнстваў у Копцкай праваслаўнай царкве Александрыі.

З-за засушлівага клімату Егіпта, населеныя пункты сканцэнтраваны ўздоўж вузкай даліны Ніла і ў яго дэльце, а гэта азначае, што каля 99 % насельніцтва выкарыстоўвае толькі каля 5,5 % ад агульнай плошчы зямель[14]. Шчыльнасць у населеных раёнах — 1,5 — 2 тыс. чал. на 1 кв. км, што робіць прынільскую частку Егіпта падобнай да Бангладэш. Даволі густа заселена і зона Суэцкага канала. Узровень урбанізацыі (42,7 %) нехарактэрна нізкі для Паўночнай Афрыкі, што звязана з надзвычайнай канцэнтрацыяй сельскага насельніцтва ў даліне Ніла. Дзве найвялікшыя агламерацыі — Каір (20,1 млн чал) і Александрыя (5,1 млн).[15] Сяляне Егіпта, так званыя фелахі, складаюць асобную дэмаграфічную групу.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытная мячэць у Каіры

Каля 90 % насельніцтва вызначаюць іслам суніцкай плыні [16][17]. Іслам з'яўвіўся ў Егіпце ў VII стагоддзі, а Егіпет ператварыўся ў цэнтр палітыкі і культуры ў мусульманскім свеце. І сёння іслам адыгрывае важную ролю ў жыцці большасці егіпецкіх мусульман. Ісламскі заклік да малітвы гучыць пяць разоў на дзень, і мае нефармальны эфект на рэгуляванне тэмпаў усяго, ад бізнесу да сродкаў масавай інфармацыі і забаў. Каір славіцца сваімі шматлікімі мінарэтамі і мае неафіцыйную назву «горад 1000 мінарэтаў»[18].

Мільёны егіпцян прытрымліваюцца хрысціянскай веры, як члены копцкай праваслаўнай царквы Александрыі.

У Егіпце існуе значная хрысціянская меншасць, якае складае ад 5 % да 10 % насельніцтва[19][20]. Больш за 90 % егіпецкіх хрысціян належаць да копцкай праваслаўнай царквы ў Александрыі[21]. Хрысціянскія абшчыны размешчаны ў асноўным у гарадскіх раёнах Каіра і Александрыі. Копцкія хрысціяне сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на розных узроўнях дзяржаўнай улады, пачынаючы ад непрапарцыйнага прадстаўніцтва ў міністэрствах, і сканчаючы законамі, якія абмяжоўваюць іх магчымасці на будаўніцтва або рамонт царквы[22].

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет — адна з найбольш эканамічна развітых краін Афрыкі і Блізкага Усходу з параўнальна магутнай і дыверсіфікаванай эканомікай. Мае другі па памерах ВУП на кантыненце пасля Нігерыі і сярод краін Афрыкі вылучаецца адносна высокім ВУП на душу насельніцтва. Прырост ВУП у 2017 годзе склаў 4,2 % супраць 4,3 % у 2016 годзе. Узровень беспрацоўя, па афіцыйных дадзеных, складае 12,2 % (12,7 % у 2016 годзе).[23] Егіпет валодае развітай банкаўскай сістэмай. Эканамічная актыўнасць канцэнтруецца ў даліне Ніла і зоне Суэцкага канала. За часам прэзідэнцтва Насэра пераважала дзяржаўная форма ўласнасці, аднак пры Садату і Мубараку Егіпет павярнуўся да рынкавых адносін і сёння ўдзельная вага прыватнага сектару ў ВУП складае каля 75 %. У аграрным сектары амаль усе землі знаходзяцца ў прыватным валоданні.

У Егіпце вельмі істотнае маёмаснае расслаенне грамадства. На эканоміцы негатыўна адбіліся падзеі арабскай вясны — у выніку хваляванняў і палітычнай нестабільнасці знізіўся прыток замежных інвестыцый і паменшылася колькасць турыстаў, што вылілася ў скарачэнні валютных рэзерваў і дэвальвацыі фунта.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

MCV 600

Галоўнымі галінамі прамысловасці з'яўляюцца нафтагазаздабыўная і апрацоўчая: харчовая, тэкстыльная, нафтаперапрацоўчая, металургічная і некаторыя галіны машынабудавання.

У 2016 было здабыта каля 30 млн тон нафты і 42 млрд куб. м. прыроднага газу. Нафта і газ здабываюцца на пустынным захадзе, у дэльце Ніла, у Суэцкім заліве. Экспартуецца звадкаваны прыродны газ. З 2008 года Егіпет ператварыўся ў нета-імпарцёра нафты і рызыкуе стаць нета-імпарцёрам газу, што звязана з ростам эканомікі пры абмежаванасці рэурсаў. З 1964 на дапамогу вуглевадароднаму сектару прыйшла Асуанская ГЭС на Ніле магутнасцю 2100 МВт. Выпрацоўваючы 10 млрд кВт*гадз электрычнасці штогод, паўстагоддзя таму яна забяспечвала палову патрэбаў Егіпта (да таго ж была электрыфікавана сельская мясцовасць), сёння толькі 15 %, астатняе прыходзіцца на ЦЭС. У цяперашні час Егіпет плануе пабудаваць сваю першую атамную электрастанцыю ў горадзе Эль-Дабаа у паўночнай частцы краіны на 25 млрд $ расійскага крэдыту.[24]

Егіпет мае найбольшыя ў Афрыцы нафтаперапрацоўчыя магутнасці. Развіта чорная металургія, Егіпет заняў 27-е месца ў свеце па выплаўцы сталі (5 млн тон). Сельская гаспадарка забяспечваецца ўласнымі азотнымі ўгнаеннямі. У Каіры знаходзяцца прадпрыемствы аўтамабілебудаўнічых кампаній Ghabbour Group (150 тыс. легкавых аўто і матацыклаў у год) і MCV (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы)

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Сельскагаспадарчы ландшафт

Плошча апрацоўваемых зямель — 4 млн га (4 % тэрыторыі Егіпту), усе яны маюць патрэбу ў арашэнні, для чаго выкарыстоўваюцца нільскія воды. Узвядзенне Асуанскай плаціны палепшыла ірыгацыйную сістэму і павялічыла плошчу арашальных зямель. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па два ўраджаі на год. Аднак не абышлося і без праблем. Якасць глебаў стала катастрафічна падаць — спыніліся штогадовыя разлівы Ніла. Таксама вырасла засоленасць глебаў: у 2011 годзе 25 % ворыва былі ў той ці іншай ступені засолены. Уласнай вытворчасцю Егіпет задавальняе не больш 40 % патрэб у харчаванні (тыповая сітуацыя для краін «трэцяга свету»).

У сельскай гаспадарцы дамінуе раслінаводства. Галоўныя збожжавыя культуры — пшаніца, кукуруза і рыс (пры гэтым пшаніцы не хапае, а рыс экспартуецца). Асабліва вялікае развіццё атрымалі садаводства і агародніцтва, якія маюць экспартны накірунак — Еўропа ў зімова-вяснвы перыяд актыўна спажывае егіпецкую саданіну і агародніну. Егіпет — першы ў свеце вытворца фінікаў, другі — фігаў, чацвёрты — цыбулі і суніц, пяты — баклажанаў і дынь. Таксама вырошчваюцца цытрусавыя і вінаград. Егіпет славіцца сваёй доўгавалакністай бавоўнай, зрэшты, аб'ёмы яе збору зменшыліся і экспарт спыніўся. Асноўныя галіны жывёлагадоўлі — развядзенне птушкі і буйвалаў. Егіпет — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці буйвалінага малака.

Сфера паслуг[правіць | правіць зыходнік]

Круізнае судна на Ніле

Актыўна развіваецца турызм — у 2015 годзе Егіпет, па афіцыйных дадзеных, наведала 9,3 млн замежных турыстаў (у пікавым 2010 годзе — 14,7 млн.). Гэта прынесла Егіпту 6,1 млрд долараў ЗША (у 2010 годзе — 12,5 млрд.). У 2010 у турызме было занята 12 % насельніцтва і створана каля 11 % ВУП. Гасцінічны фонд складалі 155 тыс. нумароў. А вось 2016 аказаўся "чорным" для турызму — Егіпет наведала усяго каля 5,4 млн чалавек. У 2017 колькасць замежных турыстаў вырасла на 155 % і склала 8 млн чал.[25]

Суэцкі канал даўжынёй 161 км з'яўляецца найважнейшай транспартнай артэрыяй, на якую прыходзіцца 10 % сусветных марскіх зносін, і дае эканоміцы Егіпта больш за 5 млрд долараў штогод. Егіпет мае густую чыгуначную сетку агульнай даўжынёй больш за 30 000 км, якая ахоплівае ўсе заселеныя рэгіёны краіны: даліну і дэльту Ніла, Сінайскі паўвостраў, заходнія аазісы.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Аб'ём знешнегандлёвага абарачэння ў 2016 годзе дасягнуў 125 млрд долараў, экспарт — 39,1 млрд, імпарт — 85,4 млрд, дэфіцыт — 46 млрд.[26] Пакрыццё імпарту экспартам — меней за 50 %. Асноўныя знешнегандлёвыя партнёры — ЗША, Германія, Францыя, Італія, Кітай, ААЭ. У 1995 годзе парламент Егіпта ратыфікаваў членства Егіпта ў СГА.

СМІ[правіць | правіць зыходнік]

Егіпецкія сродкі масавай інфармацыі — надзвычай уплывовыя, як у самім Егіпце, так і ва ўсім арабскім свеце. У краіне выдаецца звыш 500 друкаваных СМІ, большасць з якіх належыць альбо дзяржаве, альбо апазіцыі, альбо іншым палітычным сілам.

У краіне парадку 100 тэлеканалаў, 2 з якіх — дзяржаўныя. Пан-арабскія каналы, такія як Al-Jazeera таксама вельмі папулярныя сярод егіпецкіх тэлегледачоў. Егіпет быў першай арабскай краінай, якая абзавялася ўласным спадарожнікам для трансляцыі тэлерадыёпраграм — Nilesat 101.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. World Gazetteer: Die wichtigsten Orte mit Statistiken zu ihrer Bevölkerung
  2. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/eg.html
  3. http://www.capmas.gov.eg/Pages/ShowPDF.aspx?page_id=%20/Admin/Pages%20Files/2017109143840cns.pdf
  4. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?sy=2017&ey=2019&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=49&pr1.y=11&c=469&s=NGDP_RPCH%2CNGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  5. «Population Clock». Central Agency for Public Mobilization and Statistics. 16 April 2011.
  6. «World Factbook area rank order». Cia.gov.
  7. «More changes ahead for Egypt». Findarticles.com.
  8. E. A. Pearce, Charles Gordon Smith, «The Times Books World Weather Guide», (Times Books/Random House: 1990), p.40
  9. «Sun, sand and searing heat». Bbc.co.uk.
  10. Robert Pateman, Salwa El-Hamamsy, «Egypt», (Marshall Cavendish: 2003), p.7
  11. Soliman, KH. «Rainfall over Egypt.» Quarterly Journal of the Royal Meteorological Society, vol. 80, issue 343, p. 104.
  12. «Marsa Matruh, Egypt». Weatherbase.com.
  13. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/eg.html
  14. «Land use and Coastal Management in the Third Countries: Egypt as a case» (PDF).
  15. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/eg.html
  16. «Background Note: Egypt». United States Department of State Bureau of Near Eastern Affairs. 10 November 2010.
  17. «Mapping The Global Muslim Population» (PDF).
  18. Robin Barton (19 February 2001). «Cairo: Welcome to the city of 1,000 minarets». London: The Independent.
  19. «Egypt from „The World Factbook“». American Central Intelligence Agency (CIA).
  20. «Egypt from „Foreign and Commonwealth Office“». Foreign and Commonwealth Office -UK Ministry of Foreign Affairs. 15 August 2008.
  21. «Who are the Christians in the Middle East?». Betty Jane Bailey.
  22. «Christianity's Modern-Day Martyrs: Victims of Radical Islam — Rising Islamic Extremism Is Putting Pressure on Christians in Muslim Nations». Abcnews.go.com.
  23. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/eg.html
  24. https://www.reuters.com/article/us-egypt-russia-nuclear-idUSKCN0YA1G5
  25. http://www.atorus.ru/NEWS/PRESS-CENTRE/new/42038.html
  26. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=68&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]