Ельня (былая вёска, Лідскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Урочышча
Ельня
Урочышча Ельня, красавік 2015
Урочышча Ельня, красавік 2015
53°40′30″ пн. ш. 25°20′40″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне каля вёсак Беліца, Зарачаны і Стокі, Лідскі раён
Першае згадванне 1667
Стан Захаваліся сад і могілкі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Е́льня, Е́льна — былое паселішча на тэрыторыі сучаснага Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, на поўнач ад вёскі Беліца, над ракой Еленка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1667 годзе Марыя Соф’я Адахоўская фундавала ў Ельні — за 3 вярсты ад Беліцы — касцёл, дзе пасяліла манахаў-дамініканцаў і дала ім фальваркі Фалькаўшчына і Ельня. У канцы XVII ст. кляштар меў фундатараў на 1650 злотых.

У візітацыі 1633 года віленскі канонік і каралеўскі сакратар Каспар Заліўскі адзначыў, што на тэрыторыі парафіі акрамя каталікоў, жывуць уніяты, «ератыкі» (кальвіністы), а таксама «схізматыкі» (праваслаўныя).

З візітацыі, выкананай у 1668 годзе ўпаўнаважаным віленскага біскупа Аляксандра Сапегі, каралеўскім сакратаром Аляксандрам Катовічам з дапамогай ельненскага пробашча Юзафа Буткевіча-Папуцэвіча, бачна, што на тэрыторыі Ельненскай парафіі тады жыло тры сям’і ўніятаў-шляхты. Характарызуючы сялянскае насельніцтва парафіі, візітатар адзначае, што большая яго частка трымаецца «рускай рэлігіі» — гэта значыць уніяцтва. Жылі тут таксама 5 шляхціцаў-кальвіністаў і некалькі мусульманскіх сем’яў — відочна татараў. У матэрыялах 1668 года праваслаўныя ўжо не фігуруюць.

У інвентары Ельненскай парафіі, складзеным у 1670-х гадах пробашчам Юзафам Буткевічам-Папуцэвічам, сцвярджаецца, што вяскоўцы-ўніяты маюць сваю царкву (Голдаўскую ці Ганчарскую) і святара, але нярэдка прымаюць сакраманты ў каталіцкім касцёле. Пробашч адзначае наступнае: «Сярод іх ёсць невялікая група, якая завецца новай Яцвезю або Старой Літвой, яны трымаюцца не вызначаных касцёлам правілаў, але нейкіх уласных, успадкаваных ад бацькоў і дзядоў, законаў, з якімі ні ў якім разе не жадаюць развітацца». Святар адзначае, што не можа прымусіць гэтых людзей жыць па касцельных законах, бо для іх большым аўтарытэтам з’яўляюцца звычаі, якія засталіся ад продкаў. Гэтыя звычаі можна разглядаць як глыбока ўкаранёныя рэшткі паганскіх веравызнанняў, якія былі часткова хрысціянізаваныя, але захавалі паганскую сутнасць.

Паводле вопісу парафій Лідскага дэканата 1784 годзе ў Ельні існавалі кляштар, касцёл і фальварак дамініканцаў. Непадалёк размяшчаўся двор Бароўскіх. Ля тракту з Беліцы да Ліды знаходзілася карчма Ельня ксяндзоў-дамініканцаў. Іншы тракт вёў да Сяльца праз вёску Альшэўцы, што таксама належала дамініканам. Недалёка вышэй ад кляштара знаходзіўся малы зарослы і неглыбокі стаў, з мясцовых крыніц; працаваў млын ксяндзоў-дамініканцаў. Стаў пры фальварку Талкоўшчына ксяндзоў-дамініканаў перад 1784 г. пачалі капаць на крыніцах. Паміж Ельняй, Беліцай і Стокамі ляжаў альховы гай[1].

У 1832 г. быў закрыты кляштар дамініканцаў. У 1838 г. касцёл у Беліцы, які належаў кляштару, быў перададзены ў ведамства Літоўскай епархіі. Будынак былога дамініканскага касцёла ў Ельні праіснаваў да сярэдзіны ХХ ст.

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл. А. Віслоцкі. 1926

Касцёл Маці Божай Ружанцовай і кляштар дамініканцаў быў размешчаны ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў канцы 17 ст. з дрэва. Існаваў да Другой сусветнай вайны.

З'яўляўся творам народнага дойлідства. Быў вырашаны працяглым прамавугольным зрубам з 5-граннай апсідай, аб'яднаны агульным гонтавым дахам з вялікімі застрэшкамі і вальмамі над апсідай. У канцы 19 ст. дабудаваны мураваныя крылы трансепта пад 2-схільнымі дахамі. Гарызантальна ашаляваныя сцены зрубаў чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і ўмацоўваліся вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі. Трохвугольны франтон галоўнага фасада завяршала каркасная шатровая сігнатурка-званічка. Па восі храма адасоблена стаяла 2-ярусная шатровая зрубна-каркасная званіца-брама.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 2 / рэдкал.: У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш.; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». — Мінск: БелЭн, 2016. — 848 с.: іл. ISBN 978-985-11-0908-7
  • Лаўрэш Л. Прыходы ў Голдаве і Бабрах // Лідскі Летапісец № 4 (84). 2019.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]