Лізавета Баснійская

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Елізавета Баснійская)
Jump to navigation Jump to search
Лізавета Баснійская
басн.: Elizabeta Kotromanić
Лізавета Баснійская
Лізавета і Марыя ў турме
Рэгент Венгерскага каралеўства
11 верасня 1382 — 16 студзеня 1387
 
Дзейнасць: валадарная каралева
Веравызнанне: каталіцтва
Нараджэнне: 1340 ці 1339
Смерць: студзень 1387
Пахаванне:
Дынастыя: Дынастыя Катраманічаў
Бацька: Стэфан II Катраманіч[d]
Маці: Лізавета Куяўская[d]
Муж: Людовік Венгерскі
Дзеці: Кацярына Венгерская[d], Марыя, каралева Венгрыі і Ядвіга Анжуйская

Лізавета Баснійская, Лізавета Катраманіч (венг.: Kotromanić Erzsébet, польск.: Elżbieta Bośniaczka; 1340, Навіград (суч. Харватыя) — 16 студзеня 1387) — другая жонка караля Венгрыі і Польшчы Людовіка I Вялікага. Пасля смерці жонка была рэгенткай пры сваёй непаўналетняй дачцы Марыі, якая стала венгерскай каралевай. Малодшая дачка Лізаветы Баснійскай, Ядвіга, стала каралевай Польшчы, была кананізавана Каталіцкай царквой.

Дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

Лізавета была дачкой бана Босніі Стэфана II з дому Катраманічаў. Яе маці, Лізавета Куяўская, была ўнучкай інаўроцлаўскага князя Земамысла.

Стэфан II адпрэчыў прапанову сербскага караля Стэфана IV Душана арганізаваць шлюб Лізаветы з яго сынам, таму што не жадаў саступаць каралю Сербіі земляў, якія той жадаў атрымаць у якасці пасагу. Лізавета Польская, маці караля Венгрыі Людовіка I, садзейнічала таму, каб Лізавета пераехала ў Буду. Пасля трох гадоў жыцця пры венгерскім двары каралева-маці арганізавала шлюб караля Людовіка і Лізаветы, хоць апошняй было толькі 13 гадоў. Першая жонка караля Венгрыі, Маргарыта Люксембургская, памерла, не пакінуўшы Людовіку дзяцей.

Замужжа[правіць | правіць зыходнік]

Вяселле адбылося ў Будзе 20 чэрвеня 1353 года. Вяселлю магла перашкодзіць тая акалічнасць, што Людовік і Лізавета знаходзіліся ў чацвёртай ступені сваяцтва праз князёў Куявіі, а шлюб сваякоў такой ступені Царквой у звычайных акалічнасцях забараняўся. Праблема была вырашана пасля таго, як папа Інакенцій VI даў дыспенсацыю і пацвердзіў законнасць гэтага шлюбу.

Лізавета ніколі не была каранавана як каралева Венгрыі і не мела аніякай улады пры двары, знаходзячыся пад поўным кантролем сваёй свякрухі. У 1370 годзе Людовік стаў таксама і каралём Польшчы. Лізавета не была каранавана і як польская каралева, стаўшы такім чынам адной з пяці польскіх каралеў, якія не праходзілі гэту цырымонію.

Людовік і Лізавета не мелі дзяцей у першыя сямнаццаць гадоў шлюбу. Лізавету лічылі бясплоднай, а ўлічваючы той факт, што ад першай жонкі ў Людовіка таксама не было спадчыннікаў, гэта акалічнасць, здавалася, гарантавала дынастычны крызіс. Аднак сітуацыя рэзка змянілася, і за чатыры наступныя гады каралева нарадзіла трох дочак — Кацярыну (1370 год), Марыю (1371 год) і Ядвігу (1373 год). Старэйшая дачка памерла ва ўзросце 8 гадоў, пасля чаго Марыя стала разглядацца як спадчынніца абодвух прастолаў — венгерскага і польскага. Вядома, што Лізавета напісала кнігу па выхаванні сваіх дочак.

Рэгенцтва[правіць | правіць зыходнік]

Лізавета і Марыя каля магілы Людовіка Вялікага

У 1382 годзе Людовік сканаў, 10-гадовая Марыя стала каралевай Венгрыі, а Лізавета выконвала ролю рэгента і фактычнага кіраўніка краіны. Вялікую ўладу пры двары Лізаветы набыў палацін Міклаш Гараі. У Польшчы, аднак, сітуацыя пайшла па іншым сцэнарыі. Шляхта на з'ездах выступіла супраць узыходжання Марыі на польскі прастол, запатрабавала прызнаць спадчынніцай польскага прастола тую венгерскую прынцэсу, якая будзе жыць увесь час у Польшчы, і склала для абароны гэтай пастановы канфедэрацыю. За гэтым пачалася барацьба палітычных партый, якая даходзіла да адкрытай міжусобіцы. Лізавета прапанавала ў якасці кандыдатуры на польскі трон сваю малодшую дачку Ядвігу, што дазволіла б выканаць умову пастаяннага пражывання ў Польшчы. Пасля двух гадоў перамоў 15 лістапада 1384 года Ядвіга была каранавана ў Кракаве. Пасля яна выйшла замуж за вялікага князя літоўскага Ягайлу, была падпісана Крэўская унія пра дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, прычым Лізавета была адным з бакоў, якія ўдзельнічалі ў перамовах. Асабістая унія паміж Венгрыяй і Польшчай была такім чынам канчаткова разарвана.

Барацьба за прастол[правіць | правіць зыходнік]

Марыя была заручана з Жыгімонтам Люксембургскім. Прадстаўнікі магутных венгерскіх і харвацкіх дваранскіх родаў, аднак, былі настроены супраць яго і падтрымлівалі кандыдатуру на венгерскі прастол Карла III, караля Неапаля, апошняга прадстаўніка Анжуйскай дынастыі па мужчынскай лініі. І Жыгімонт і Карл пагражалі прыйсці ў Венгрыю з войскам, першы збіраўся рэалізаваць заручыны, ажаніцца з Марыяй і кіраваць разам з ёй; другі не прызнаваў законнасці яе каранацыі і збіраўся зрынуць яе з венгерскага трона.

Карона Лізаветы Баснійскай

Паколькі ў абодвух выпадках Лізавета страчвала рэальную ўладу, яна пачала перамовы з каралём Францыі Карлам V, прапануючы руку Марыі яго сыну Людовіку Арлеанскаму. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што для разрыву заручын з Жыгімонтам быў неабходны папскі дазвол, а Венгрыя і Францыя прызнавалі розных пап ва ўмовах Вялікай заходняй схізмы. Клімент VII, якога прызнавала Францыя, даў дазвол на разрыў заручын, пасля чаго ў красавіку 1385 года адбылося ўмоўнае вяселле па даверанасці паміж Марыяй і Людовікам Арлеанскім, якая праходзіла ў час адсутнасці жаніха.

Ні Жыгімонт, ні большая частка венгерскай шляхты не прызналі гэты шлюб. Праз чатыры месяцы Жыгімонт уварваўся ў Венгрыю з войскам і нягледзячы на процідзеянне Лізаветы сам ажаніўся з Марыяй. Пасля таго, як Жыгімонт увосень 1385 года вярнуўся ў Багемію, прыхільнікі Карла III дапамаглі яму на кароткі час захапіць уладу ў краіне. Каранацыя Карла адбылася ў снежні 1385 года, Лізавета і Марыя былі прымушаны на ёй прысутнічаць. Лізавета, аднак, не змірылася са звяржэннем з прастола сваёй дачкі, праз некалькі месяцаў пасля каранацыі Карл быў забіты па яе загадзе.

Палон і смерць[правіць | правіць зыходнік]

Міклаш Гараі абараняе Лізавету і Марыю ад харватаў

Пасля забойства Карла пачалося паўстанне супраць Лізаветы, цэнтрам якога была Харватыя, звязаная з Венгрыяй асабістай уніяй. Харваты абвясцілі законным каралём Уладзіслава, сына Карла III, які пасля яшчэ шмат гадоў беспаспяхова змагаўся за венгерскі трон. Спрабуючы супакоіць сітуацыю, Лізавета і Марыя ў суправаджэнні палаціна Міклаша Гараі і ўзброенай аховы накіраваліся ў Харватыю. Па дарозе каралеўская карэта патрапіла ў засаду, ахова была перабіта, Міклаш Гараі забіты, а Лізавета з Марыяй узяты ў палон.

Палоненыя каралевы былі пасаджаны ў Навіградскі замак непадалёк ад Задара. Лізавета спрабавала тайна звязацца з Венецыяй, просячы дапамогі, але яе лісты былі перахоплены турэмшчыкамі. Удава Карла Маргарыта Дураца, якая была супраць планаў мужа стаць венгерскім каралём, настойвала на помсце. 16 студзеня 1387 года Лізавета была задушана ў вязніцы на вачах у дачкі. Марыя была вызвалена з палону войскамі свайго мужа Жыгімонта і кіравала Венгрыяй разам з ім аж да 1395 года, калі памерла пры родах. Барацьба Жыгімонта супраць караля Неапаля Уладзіслава і харватаў, якія падтрымлівалі яго, працягвалася аж да 1409 года, калі Уладзіслаў прадаў Далмацыю Венецыянскай рэспубліцы і адмовіўся ад далейшай барацьбы, сканцэнтраваўшы на італьянскіх справах.

Вуліца Лізаветы Катраманіч у Задары

Лізавета Баснійская была спачатку пахавана ў Задары, пазней яе цела было перавезена ў Секешфехервар, у пахавальню венгерскіх каралёў. Пасля яе ніводная жанчына не кіравала Венгрыяй аж да Марыі Тэрэзіі. У 1381 годзе Лізавета Баснійская вылучыла сродкі на стварэнне ракі Святога Сімяона Стоўпніка, мошчы якога захоўваюцца ў царкве Святога Сімяона ў Задары. Рака лічыцца адным з шэдэўраў харвацкага ювелірнага мастацтва. Адна з вуліц Задара названа ў яе гонар «Вуліцай Лізаветы Катраманіч».

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]