Ервандыдская Арменія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ервандыдская Арменія (арм.: Այրարատյան թագավորություն; таксама Айрарацкае царства, Вялікая Арменія) — старажытная армянская дзяржава, якая існавала ў паўночна-ўсходняй частцы Армянскага нагор’я ў 331—200 гадах да н. э.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З 522 года да н.э. і да эпохі Аляксандра Македонскага Арменія з’яўлялася часткай Персідскай імперыі Ахеменідаў. Пасля распаду дзяржавы Ахеменідаў у 331 годзе да н.э. пад ударамі македонскіх войскаў, армянскія землі апынуліся фактычна незалежнымі. Кіраўнікі Паўднёвай Арменіі прызналі ўладу Аляксандра, але гэта прызнанне заставалася чыста фармальным: Аляксандр сам не праходзіў праз Арменію, яго ваеначальнікам таксама не ўдалося пракрасціся на яе тэрыторыю. У тым жа годзе, пасля паразы Персіі ў бітве пры Гаўгамелах, сатрап Арменіі Ерванд II абвясціў сябе царом.

Наконт дакладных межаў Армянскага царства навуковага кансэнсусу няма. Шэраг аўтараў называюць усходняй мяжой дзяржавы возера Севан, Роберт Х’юсэн жа, спасылаючыся на армянскага гісторыка Б. Аруцюняна, дапускае таксама магчымасць распаўсюджвання межаў да зліцця рэк Аракс і Кура.

Армянскае царства было анэксавана Антыёхам III да 200 года да н. э. і праз некаторы час далучана да Сафены. Пасля паразы Антыёха ад рымлян мясцовы кіраўнік (стратэг) Арташэс I абвясціў сябе незалежным царом (190 да н. э.). Яго царства атрымала назву «Вялікай Арменіі»[2] ў супрацьлегласць размешчанай на захад ад Еўфрата «Малой Арменіі», дзе кіраваў сваяк Антыёха Мітрыдат.

Палітычны статус[правіць | правіць зыходнік]

Манета цара Ксеркса Армянскага (каля 220 да н.э.)

Пасля разгрому персідскай дзяржавы ў 331 годзе да н.э. армянскія землі, якія да гэтага ўваходзілі ў склад Персіі, апынуліся ў фактычна незалежным становішчы. Намінальна Арменія была анэксаваная македанянамі, аднак у рэчаіснасці краіна засталася ў баку ад ваенных кампаній Аляксандра Македонскага і не была заваяваная ні ім, ні яго пераемнікамі. Сатрап Арменіі Ерванд II абвясціў сябе царом ужо ў 331 годзе да н. э. і з тых часоў яго пераемнікі кіравалі Армянскім царствам фактычна як незалежныя кіраўнікі.

Сітуацыя змянілася пасля смерці македонскага цара ў 323 годзе да н. э., яго дзяржава распалася на часткі. Непасрэдна пасля смерці Аляксандра ў крыніцах згадваецца македонскі генерал Неаптолем як кіраўнік Арменіі, аднак вядома, што Неатолем загінуў ужо ў 321 годзе да н. э. у барацьбе дыядохаў, так што калі ён і кіраваў Арменіяй, гэта не павінна было стаць сур’ёзным перапынкам у гісторыі праўлення дынастыі Ервандзідаў. З таго часу Арменія была цалкам вольная нават ад намінальнага македонскага кантролю. Гэты факт быў негалосна прызнаны і дыядохамі; у пагадненні ў Трыпарадысе (321 да н. э.) аб падзеле імперыі Аляксандра паміж яго военачальнікамі, Арменія не згадваецца сярод сатрапій, размеркаваных імі паміж сабой. На працягу наступных 20 гадоў Армянскае царства ўпершыню з часоў падзення Урарту валодала становішчам абсалютна незалежнай суверэннай дзяржавы.

У 301 годзе да н.э. Армянскае царства трапляе ў арбіту ўплыву Селеўкідаў, адных з пераемнікаў македонскай імперыі. Іх улада над Арменіяй была перарывістай і, як і пры Аляксандры, толькі намінальнай.

Першым з армянскіх цароў, хто паспрабаваў пазбавіцца нават ад гэтага нязначнага панавання Селевкідаў, стаў Ксеркс Армянскі (пасля 228—212 да н. э.). Ксеркс адмовіўся плаціць даніну македанянам, накладзеную на яго бацьку Аршама, што было раўназначна абвяшчэнню незалежнасці. Гэты яго крок паслужыў падставай для ўварвання селеўкідскага цара Антыёха III. Каля 212 года да н.э. Ксеркс быў абложаны ў горадзе Арсамасаце ў Сафене, і быў вымушаны прызнаць сюзерэнітэт селеўкідскага цара (што, аднак, не перашкодзіла Антыёху загадаць сваёй сястры Антыёхідзе, жонцы Ксеркса, забіць армянскага цара). Можна меркаваць, што Ерванд IV (каля 212—200 да н.э.), апошні цар Арменіі з дынастыі Ервандзідаў, падобна Ксерксу, таксама адмовіўся прызнаць сюзерэнітэт Селевкідаў. Нават такі энергічны манарх як Антыёх III не мог самастойна, шляхам прамых дзеянняў, зрынуць цара Арменіі — дзяржавы хоць і васальнай, але самакіравальнай. Унутранае хваляванне, падобна мецяжу мясцовага двараніна Арташэса (будучага цара Вялікай Арменіі Арташэса I) супраць Ерванда IV, было проста неабходна і можна падазраваць, што Антыёх падбухторваў ці прынамсі патураў гэтаму мецяжу.

Зноскі

  1. «Всемирная история» Том 1. под ред. Ю. П. Францева, Государственное издательство политической литературы, 1953.
  2. Армения // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.