Жан-Батыст Шарль Бувэ дэ Лазье
Жан-Батыст Шарль Бувэ дэ Лазье | |
---|---|
фр.: Jean-Baptiste Charles Bouvet de Lozier | |
![]() | |
![]() | |
Род дзейнасці | падарожнік-даследчык, штурман, каланіяльны адміністратар |
Дата нараджэння | 14 студзеня 1705 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1786[2][3] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Athanase Hyacinthe Bouvet de Lozier[d] і Hélène Bouvet de Lozier[d] |
Узнагароды і прэміі | |
![]() |
Жан-Батыст Шарль Бувэ дэ Лазье (фр.: Jean-Baptiste Charles Bouvet de Lozier; 14 студзеня 1705 — 1786) — французскі мараплаўца і даследчык, першаадкрывальнік вострава Бувэ, губернатар Маскарэнскіх астравоў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўзросце сямі гадоў застаўся сіратой. Пасля першапачатковага навучання ў Парыжы ён быў пасланы ў Сен-Мало вучыцца навігацыі.
У 1731 годзе ён стаў лейтэнантам французскай Ост-Індскай кампаніі. У 1733 годзе ён прапанаваў Кампаніі план даследчай экспедыцыі ў Паўднёвую Атлантыку з мэтай пошуку на поўдні земляў, дзе Кампанія магла б задаволіць транзітныя базы для абслугоўвання сваіх караблёў, якія ідуць вакол мыса Добрай Надзеі. Ён таксама высунуў умову, каб быць прызначаным губернатарам усіх земляў, якія ён адкрые.
19 ліпеня 1738 года ён адплыў з Лар’яна ў Брэтані, маючы пад камандай фрэгаты «Эгль» і «Мары». У кастрычніку ён наведаў астравы Санта-Катарына паблізу бразільскага ўзбярэжжа для папаўнення запасаў, а адтуль узяў курс на паўднёвы ўсход. У снежні ён дасягнуў 45 ° паўднёвай шыраты, але сярод густых туманоў сустрэў толькі гіганцкія айсбергі і пінгвінаў, якіх ён апісаў як «падобных да качак, але з плаўнікамі».
Снежань экспедыцыя правяла сярод айсбергаў за дзве тысячы кіламетраў ад населеных земляў. 1 студзеня 1739 года ў тры гадзіны апоўдні з туману выступіла «вельмі высокая, пакрытая снегам зямля». Бувэ вырашыў, што перад ім паўночны выступ вялікага паўднёвага кантынента, і назваў гэтую зямлю мыс Абразання Гасподняга, ад назвы царкоўнага свята, якое адзначалася ў той дзень. Спроба высадзіцца была няўдалая, бо шлях да берага быў блакіраваны пакавым лёдам. Пасля некалькіх дзён беспаспяховых спроб патрапіць на бераг Бувэ пакінуў знойдзеную зямлю і адправіўся далей на ўсход. Шлях на поўдзень быў паўсюль блакаваны айсбергамі, а каманда пачала пакутаваць ад цынгі. 24 лютага 1739 года, не адшукаўшы іншай зямлі, экспедыцыя прыбыла ў Кейптаўн, а 24 чэрвеня вярнулася ў Лар’ян. Ён быў змушаны паведаміць сваім наймальнікам, што паўднёвы кантынент, калі існуе, размешчаны зблізку ад полюса і ці наўрад можа быць скарыстаны для абслугоўвання суднаў.
Прыборы для вымярэння даўгаты ў тыя часы былі вельмі недасканалыя. Бувэ зарэгістраваў востраў пад 6 ° усходняй даўгаты і, як высветлілася праз паўтара стагоддзя, памыліўся на 250 кіламетраў. На працягу XIX стагоддзі востраў неаднаразова адкрылі зноў; толькі ў 1898 годзе быў прызнаны прыярытэт Бувэ, і востраў (які зараз належыць Нарвегіі) быў названы яго імем. Назва мыс Абразання Гасподняга была захавана за мысам на паўночна-заходнім канцы вострава.
Нягледзячы на няўдачу з пошукамі паўднёвай зямлі, Бувэ сустрэлі з пашанай, і ён пасля зрабіў у Ост-Індскай Кампаніі паспяховую кар’еру. Двойчы — у 1750—1752 і ў 1757—1763 гадах ён быў прызначаны губернатарам вострава Рэюньён, з 1750 па 1756 год — губернатарам Маўрыкія.
Яго экспедыцыя ўпершыню прынесла ў Еўропу звесткі аб велізарных сталовых айсбергах, якія сустракаюцца толькі ў паўднёвых палярных морах, аб надзвычай вялікіх статках кітоў у паўднёвых водах і аб новым відзе жывёл — пінгвінах, у тыя часы амаль невядомых еўрапейцам.
- ↑ http://www.mi-aime-a-ou.com/jean_baptiste_charles_bouvet_de_lozier.php
- ↑ Jean-Baptiste Charles Bouvet de Lozier // Alvin
- ↑ Jean-Baptiste Charles Bouvet de Lozier // Trove — 2009. Праверана 9 кастрычніка 2017.