Даўжыня цела 14-16 см, размах крылаў 27-30 см, маса 20-25 г. Падобны да палявога жаўрука, крыху меншы і з больш кароткім хвастом. Невялікі чуб аддзяляе ад галавы светлая палоска над вачыма. Апярэнне спіны рыжавата-бурае з цёмнымі падоўжанымі стракацінамі, брушка белае з зеленавата-жоўтым адценнем, на валляку і грудзях цёмныя пярэсцінкі. Крайнія рулявыя не белыя. Песня: флейтавыя гукі «юлі-юлі-юлі… лю-лю-лю… юля-юля-юля» (адсюль народная назва юла).
Арэал: Еўропа (акрамя поўначы), паўночны захад Афрыкі, Малая Азія, Каўказ, Іран і поўдзень Туркменістана. Пералётная толькі паўночная частка папуляцыі. Месца зімовак: паўднёвая частка гнездавога арэала, Егіпет, Блізкі Усход.
Біятоп адрозніваецца ў розных частках арэала. У Вялікабрытаніі галоўным чынам нізіны (а таксама і пагоркі), сухія пясчаныя, галечныя мясціны або месцы з кальцыніраванай глебай, пакрытыя нізкай травой (як месцы харчавання) і высокай травой або верасам як месцы гнездавання з адзіночнымі кустамі або дрэвамі, на якіх спявае. На захадзе і поўдні Еўропы — месцы, пакрытыя верасам, нізінныя тарфянікі, пагоркі, пакрытыя кустамі схілы пагоркаў, невялікія сасновыя бары і іншыя лясы паркавага тыпу. У Паўночнай Афрыцы — камяністыя схілы ўзгор’яў, парослыя коркавымі дубамі або асветленыя лясы да 600—1800 м над у.м. У Высокім Атласе даходзіць да 3000 м, на Каўказе — да 2000 м. У Закарпацці ў гарах да мяжы лесу. У Цэнтральнай Еўропе тыповы біятоп — ускрайкі сухіх лясоў, добра праграваныя сонцам бары з прасекамі, палянамі і пасевамі. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від. Шлюбныя гульні ў красавіку-маі.
Гняздо ладзіць на зямлі, у глыбокай ямцы, выкапанай птушкамі, сярод густых, але невысокіх раслін (прыкрытае), у сонечным месцы. Аснова гнязда з тонкіх сцёблаў травы, лісця і сасновай ігліцы, часам з прымессю моху. Знешняя частка з тонкіх, сухіх траў, загнутых па краях (часам з дамешкам лістоў і моху). Высцілка з тонкай травы і валосся. Краі гнязда роўныя з зямлёй. Дыяметр 11-13 см.
Яйкі.
Яйкі (3-5, часам 2-6) уздутыя, з тупым вузейшым канцом. Белаватыя, часам з аліўкавым адценнем, з глыбокімі шэра-фіялетавымі або светла-шэрымі дробнымі і густымі плямкамі і шэра-карычневымі або карычневымі да чырвона-карычневых паверхневымі плямкамі. Часта іх больш на шырокім канцы. Памеры: 21 х 16 мм. Наседжванне 13-14 сутак.
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярджэнняў няясныя з прычыны неўжывання зносак.
Сцвярджэнні, не падмацаваныя крыніцамі, могуць паставіць пад сумненне і выдаліць. Вы можаце палепшыць артыкул, дадаўшы дакладнейшыя спасылкі на крыніцы.
Р. Ю. Тарлецкая.Жаваранак лясны//Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983.—522 с.— 10 000 экз.
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X