Жуст Фантэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жуст Фантэн
фр.: Just Fontaine
Just Fontaine en 1958.jpg
Імя пры нараджэнні фр.: Just Louis Fontaine[4]
Род дзейнасці футбаліст, футбольны трэнер
Дата нараджэння 18 жніўня 1933(1933-08-18)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 28 лютага 2023(2023-02-28)[4] (89 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
афіцэр Ордэна Ганаровага легіёна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жуст Фантэн (фр. Just Fontaine; 18 жніўня 1933, Маракеш, Французскае Марока — 1 сакавіка 2023, Тулуза, Францыя) — французскі футбаліст, уладальнік рэкорду па колькасці галоў, забітых на адным чэмпіянаце свету — 13 мячоў у 1958 годзе.

Бацька Жуста быў французам з Нармандыі, а маці — іспанкай.

У 2013 годзе ва ўзросце 80 гадоў Фантэн стаў афіцэрам ордэна Ганаровага легіёна.

Кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

Фантэн пачынаў сваю кар’еру ў аматарскім клубе свайго роднага горада Маракеш, затым перайшоў у мацнейшы клуб «УСМ Касабланка», дзе гуляў з 1950 па 1953 год. Наступныя тры сезоны гуляў ужо ў Францыі. Яго клуб «Ніца» у першы ж сезон разам з Фантэнам заваявала Кубак Францыі, а ў 1956 годзе выйграла чэмпіянат. У тым жа годзе ён перайшоў у «Рэймс», замяніўшы Раймона Капа, і забіў 121 гол за шэсць сезонаў. Усяго Фантэн забіў 165 галоў у 200 матчах у вышэйшых лігах, і чатыры разы выйграваў чэмпіянат — 1956, 1958, 1960, 1962.

Дэбют Фантэна ў зборнай Францыі адбыўся 17 снежня 1953 года, у матчы супраць Люксембурга (8:0). У той гульні ён зрабіў хет-трык. Аднак наступны матч за зборную Фантэн згуляў толькі восенню 1956 года, а наступны мяч забіў толькі вясной 1958 года.

У сезоне 1957/58 Фантэн стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату Францыі (34 галы ў 26 матчах), але на чэмпіянат свету ў Швецыі ехаў параўнальна малавядомым у свеце гульцом. Ужо ў першым матчы турніру Фантэн зрабіў хет-трык у вароты Парагвая (7:3). Потым на групавой стадыі ён двойчы забіў Югаславіі (2:3) і адзін раз Шатландыі (2:1). У чвэрцьфінале вызначыўся дублем у вароты Паўночнай Ірландыі (4:0). У паўфінале на 9-й хвіліне зраўняў лік у гульні супраць Бразіліі, але затым у бразільцаў хет-трык зрабіў юны Пеле, а Фантэн больш не забіваў, у выніку Францыя прайграла 2:5. У матчы за трэцяе месца ў адкрытай гульні супраць ФРГ Фантэн вызначыўся покерам, а французы перамаглі 6:3. Усяго ў 6 матчах чэмпіянатах свету ён забіў 13 мячоў, што па-ранейшаму з’яўляецца рэкордам для аднаго турніру. Па агульнай колькасці галоў на чэмпіянатах свету Фантэн быў лідарам да 1974 года, пакуль яго не абышоў Герд Мюлер.

За сем гадоў выступленняў за зборную Фантэн згуляў у 21 матчы і забіў 30 галоў. Зрабіў за зборную тры хет-трыкі і адзін покер. Апошні матч за нацыянальную каманду быў згуляны 11 снежня 1960 года з Балгарыяй (3:0).

Фантэн пасля завяршэння кар’еры працаваў трэнерам зборнай Францыі ў 1967, але толькі на два матчы — абодва таварыскія і абодва скончыліся паразай «трохкаляровых». Таксама трэніраваў французскія клубы і зборную Марока.

Зноскі

  1. Just Fontaine // Transfermarkt — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Just Fontaine // GeneaStar
  3. JUST FONTAINE // Argentine Soccer Database
  4. а б в г Fichier des personnes décédées Праверана 14 красавіка 2023.
  5. https://www.lemonde.fr/sport/article/2023/03/01/just-fontaine-legende-du-football-francais-est-mort_6163719_3242.html Праверана 1 сакавіка 2023.