Жыгманд Батары

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Жыгманд Батары
Zsigmond Báthory
Жыгманд Батары
сцяг
Князь Трансільваніі
1581 — 1599
Папярэднік: Крыштаф Батары
Пераемнік: Андраш Батары
Князь Трансільваніі
1601 — 1602
Папярэднік: Міхай Храбры
Пераемнік: намеснік Рудольфа II
 
Дзейнасць: арыстакрат
Нараджэнне: 20 сакавіка 1572(1572-03-20)
Трансільванія
Смерць: 27 сакавіка 1613(1613-03-27) (41 год)
Прага
Пахаванне:
Род: Батары Батары
Бацька: Крыштаф Батары
Маці: Эржэбет Бочкаі
Жонка: Марыя Крысціна

Жы́гманд Ба́тары, або Сігізмунд Баторый (венг.: Báthory Zsigmond, рум.: Sigismund Bathory, польск.: Zygmunt Batory; 20 сакавіка 1572 — 27 сакавіка 1613) — князь Трансільваніі, сын Крыштафа Батары і Эржэбет Бочкаі, пляменнік караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Жыгманд нарадзіўся ў 1572 годзе ў сям'і Крыштафа Батары, князя Трансільваніі, які належаў да ўплывовага трансільванскага роду Батары, і Эржэбеты Бочкаі, дачкі Дзьёрдзя Бочкаі і Кісмаржы[2]. Усяго ў сям'і Крыштафа і Эржэбеты было чацвёра[2] ці пяцёра дзяцей[3]. Крыштаф падтрымліваў езуітаў і даручыў ім выхаванне свайго сына, які ўжо пры жыцці бацькі быў прызначаны спадчыннікам княжацкага трона[4]. Калі 27 мая 1581 года Крыштаф Батары памёр (Эржэбет памерла ў лютым таго ж года), князем Трансільваніі стаў Жыгманд, але з-за яго непаўналецця быў прызначаны рэгент.

У 1588 годзе Жыгманд дасягнуў паўналецця і амаль адразу ж выявіў жаданне ўступіць у саюз з хрысціянскімі ўладарамі супраць туркаў, нягледзячы на тое, што Трансільванія з'яўлялася васалам Асманскай імперыі[5]. Рэзкая змена палітыкі выклікала абурэнне, і трансільванскі сейм у Турдзе нават запатрабаваў, каб Жыгманд паўторна прысягнуўся на княжацкі трон. Батары адмовіўся і, нягледзячы на пагрозы і сутычкі, задушыў паўстанне, пакараўшы смерцю ўсіх, каго здолеў[6].

У 1594 годзе Жыгманд заключыў саюз з Міхаем Храбрым, гаспадаром і кіраўніком Валахіі, і Аранам Тыранам, гаспадаром і кіраўніком Малдаўскага княства, супраць Асманскай імперыі. Тады ўсе тры княствы з'яўляліся васаламі турак[5], але збіраліся выступіць на баку Габсбургаў. У 1595 годзе Жыгманд запрасіў Міхая і Арана ў Алба-Юлію для заключэння дамовы, паводле якой Валахія і Малдаўскае княства стануць васаламі Трансільваніі ў абмен на ваенную дапамогу. Аран адмовіўся ехаць, таму Жыгманд падгаварыў аднаго з малдаўскіх военачальнікаў, гетмана Стэфана Развана, арганізаваць пераварот. У выніку паўстання Аран быў зрынуты ў маі 1595 года (пазней адпраўлены ў крэпасць Вінц і атручаны ў 1597 годзе). Пасольства ж Міхая, перавысіўшы свае паўнамоцтвы, падпісала гэта пагадненне 20 мая 1595 года[7]. 3 чэрвеня гэтая дамова была падпісана пасламі новага князя Малдавіі Стэфана VIII Развана[7].

Важную ролю ў гэтай кампаніі адыгралі секеі. Паабяцаўшы ім перагледзець іх правы (тады секеі з'яўляліся венгерскай нацыянальнай меншасцю), Жыгманд дамогся ўступлення каля 23 тысяч секейскіх воінаў у Трансільванскую армію. Але ўжо праз год Жыгманд адмовіўся ад сваіх абяцанняў і жорстка здушыў паўстанне, якое пачалося пасля гэтага (лічыцца, што якраз таму ў кастрычніку 1598 года секеі выступілі супраць Трансільваніі на баку Міхая Храбрага)[8].

Палітыка Габсбургаў[правіць | правіць зыходнік]

Сярэбраны талер Жыгманда Батары, 1594 год

У 1595 годзе, у рамках саюзных адносін паміж Трансільваніяй і імперыяй Габсбургаў, Рудольф II, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі і кароль Венгрыі, падпісаў дамову, паводле якой дамінія Мукачаўскага замка (Паланак), а таксама камітаты Берэг, Угача і Марамараш былі перададзены пад уладу Трансільваніі[9]. Каб замацаваць гэты саюз, Жыгманд ажаніўся з Марыяй Крысцінай Аўстрыйскай (1574 — 1621), дачкой эрцгерцага Аўстрыі Карла II і Марыі Ганны Баварскай[10]. Аднак ужо праз чатыры гады Жыгманд публічна запатрабаваў скасавання шлюбу.

Тым часам валашскі гаспадар Міхай Храбры імкнуўся вызваліць ад турэцкага панавання Малдавію і Трансільванію, каб затым аб'яднаць іх пад сваёй уладай[5]. Калі Міхай вызваліў ад туркаў родную Валахію, турэцкі ўрад, баючыся паўстання іншых васалаў, пайшоў на заключэнне міру з Міхаем Храбрым, прызнаўшы яго валашскім гаспадаром. Але, нягледзячы на заключаны з Асманскай імперыяй мір, Міхай працягваў барацьбу за вызваленне ад турэцкай залежнасці. Дзеля гэтай барацьбы ён быў вымушаны пагадзіцца на сюзерэнітэт аўстрыйскага імператара Рудольфа II[11], і ў перыяд паміж 1598 і 1599 гадамі падпарадкаваў сваёй уладзе Малдавію і Трансільванію (гэта дазволіла Міхаю некаторы час з 1600 года называць сябе «гаспадаром Валахіі, Трансільваніі і ўсёй Малдаўскай зямлі»[12][13].

Апынуўшыся паміж туркамі і Габсбургамі, якія імкнуліся падпарадкаваць Трансільванію, Жыгманд Батары 23 снежня 1597 года заключыў з Рудольфам II новую дамову, паводле якой Жыгманд адмаўляўся ад княства Трансільванскага на карысць Рудольфа, атрымліваючы ў якасці кампенсацыі Апольскае княства (герцагства) у Сілезіі. Пры гэтым Батары, як герцаг Аполе, станавіўся прынцам Свяшчэннай Рымскай імперыі). 10 красавіка 1598 года Жыгманд перадаў уладу прадстаўнікам імператара, але Рудольф не выканаў сваю частку дагавора. 20 жніўня 1598 года Жыгманд патаемна вярнуўся і прагнаў прадстаўнікоў Габсбургаў, пазней паспяхова вытрымаўшы шэраг турэцкіх аблог[6].

29 сакавіка 1599 года Жыгманд перадаў уладу свайму стрыечнаму брату Андрашу Батары, сыну Анджэя VII, венгерскаму кардыналу, князю-біскупу вармінскаму і гранд-майстру Ордэна Дракона. Тое, што Андраш стаў князем Трансільваніі, было ўхвалена і прынята як Рэччу Паспалітай, так і Асманскай імперыяй, але выклікала незадаволенасць у шэрагах антытурэцкай кааліцыі. Габсбургі і Міхай Храбры распачалі сумесны паход супраць Трансільваніі. Іх аб'яднаныя войскі пад камандаваннем генерала Джорджыа Басты разграмілі армію Андраша 28 кастрычніка 1599 года. Сам Андраш 3 лістапада быў забіты секеямі падчас адступлення ў раёне Сандаміка, на секейскай зямлі ў раёне жудзеца Харгіта. Гэта дазволіла Міхаю Храбраму далучыць Трансільванію да сваёй аб'яднанай дзяржавы[14].

У 1600 годзе Жыгманд Батары на чале арміі палякаў і казакоў паспрабаваў вярнуць сабе трон, але пацярпеў паражэнне пад Сучавай. Адначасова адкрытую незадаволенасць Міхаем пачалі ваказываць трансільванскія феадалы. Яны лічылі, што аб'яднанне пад вярхоўнай уладай Валахіі прывядзе да ўзмацнення валашскага баярства і памяншэння іх уласнага ўплыву. Пры падтрымцы малдаўскіх баяраў быў арганізаваны пераварот, падчас якога трансільванская знаць прагнала прадстаўнікоў Міхая[13]. 4 лютага 1601 года князем зноў быў абраны Жыгманд Батары, які дагэтуль збіраў новае войска пад Колажварам[6].

Варожасць Жыгманда ў адносінах да Габсбургаў прымусіла Рудольфа II пайсці на саюз з Міхаем. Міхай, атрымаўшы свежых наймітаў і корпус генерала Басты, 3 жніўня 1601 года нанес чарговае паражэнне войску Жыгманда. Але неўзабаве пасля перамогі Джорджыа Баста арганізаваў супраць Міхая змову (магчыма, з дазволу імператара), і валашскі гаспадар быў забіты каля Турды 9 жніўня 1601 года[14]. Смерць Міхая дазволіла Жыгманду вярнуцца ў Трансільванію, аднак 26 ліпеня 1602 года ён канчаткова пакінуў краіну, перадаўшы ўладу Басце як прадстаўніку Габсбургаў. Жыгманд Батары памёр у Празе 27 сакавіка 1613 года.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

З 1595 года Жыгманд Батары быў жанаты з Марыяй Крысцінай (1574 — 1621), дачкой эрцгерцага Аўстрыі Карла II і Марыі Ганны Баварскай[10]. Аднак праз некаторы час Жыгманд публічна запатрабаваў развод[15]. Развод Жыгманд атрымаў толькі ў 1599 годзе[2], калі яго адносіны з Габсбургамі сапсаваліся канчаткова.

Існавала легенда, што разбойнік Кудэяр, вядомы сваімі рабункамі на Волзе ў XVI стагоддзі, з'яўляўся прадстаўніком роду Батары[16], а канкрэтна сынам Жыгманда Батары і нейкай знатнай ліцвінкі (магчыма, дачкі Крыштафа Касінскага). Перад вяселлем з Марыяй Аўстрыйскай, Жыгманд выправіў сына да казакоў на Украіну. Але гэта легенда фактычна нічым не абгрунтавана[17][18].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Stephen Báthory (англ.) . — артыкул з Encyclopædia Britannica Online. Праверана 26 чэрвеня 2014.
  2. 2,0 2,1 2,2 Батори. Князья Трансильвании (Семиградья) и короли Польши // Генеалогические таблицы по истории европейских государств — Издание седьмое исправленное и дополненное (541 таблица). — Москва — Екатеринбург — Ташкент, 2014.
  3. Kristyf, Vajda of Transylvania (1576-81) (чэшск.) . Báthori family. Genealogy.eu. Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 26 чэрвеня 2014.
  4. Батории // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
  5. 5,0 5,1 5,2 Глава XVI. Венгрия и балканские страны в борьбе против турецких завоевателей // {{{назва}}} — М: Издательство социально-экономической литературы, 1958. — Т. IV.
  6. 6,0 6,1 6,2 Joannes C. Decius Barovius, Péter Kulcsár Baranyai Decsi János magyar históriája: 1592—1598 — Budapest: Európa, 1982. — Vol. XVII. — 414 p. — (Magyar történelmi emlékek: Irók). — ISBN 9630728516.
  7. 7,0 7,1 Шурляков С. Летопись рода (руск.) . Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 26 чэрвеня 2014.
  8. Гісторыя секеяў (руск.) . Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 27 ліпеня 2010.
  9. Барацьба супраць татарскай і турэцкай агрэсіі (руск.) . Закарпацце ў XIV - XVI стагоддзях. ПроКК.net. Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 26 чэрвеня 2014.
  10. 10,0 10,1 Maria Christina (чэшск.) . Habsburg family. Genealogy. Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 27 ліпеня 2010.
  11. Асманская імперыя. Народныя рухі і ўлада султанаў (руск.) . Краіны: Асманская імперыя. Сусветная гісторыя. Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 26 чэрвеня 2014.
  12. Міхай Храбры — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
  13. 13,0 13,1 Kurt W. Treptow, Ioan Bolovan A History of Romania — Center for Romanian Studies, 1997. — 740 p. — ISBN 9739809103.
  14. 14,0 14,1 Michael (англ.) . — артыкул з Encyclopædia Britannica Online. Праверана 26 чэрвеня 2014.
  15. Николаев К. Кровавая графиня // Вампиры и оборотни. Энциклопедия загадочного и неведомого — АСТ, 1997. — ISBN 5739001471.
  16. Легенды (руск.) . Саратовская область. Страна.ру. Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 8 жніўня 2010.
  17. Кудеяр: Правда и вымысел (руск.) . Сетевая газета «Без купюр» (19 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 8 жніўня 2010.
  18. Золото Кудеяра (руск.) . Журнал «Вокруг света». Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 8 жніўня 2010.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kurt W. Treptow, Ioan Bolovan A History of Romania — Center for Romanian Studies, 1997. — 740 p. — ISBN 9739809103.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]