Перайсці да зместу

Жыровіцкі манастыр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Жыровіцкі манастыр
53°00′51,69″ пн. ш. 25°00′39,97″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
вёска Жыровічы
Канфесія Праваслаўе
Епархія Навагрудская епархія
Першая згадка 1587
Дата заснавання 16 стагоддзе
Статус дзейнічае
Сайт zhirovichi-monastery.by
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жыро́віцкі Свята-Успенскі манасты́р — мужчынскі стаўрапігіяльны манастыр, цяпер належыць Беларускаму экзархату Рускай праваслаўнай царквы, у вёсцы Жыровічы (Слонімскі раён, Гродзенская вобласць).

Манастыр узнік на месцы, дзе, паводле падання, у 1470 годзе цудоўна з’явіўся абраз Маці Божай, названы Жыровіцкім. Манастыр заснаваны ў канцы XV ст. як праваслаўны. У 1613 годзе перайшоў да базыльян (манахі грэка-каталіцкай царквы), якія адрадзілі культ Маці Божай і зрабілі манастыр галоўным цэнтрам Уніі. Першым ігуменам манастыра ў часы Уніі быў Іасафат Кунцэвіч. Намаганнямі базыльян за часы Уніі ўзведзены вялікі манастырскі комплекс з мураваных храмаў барочнай архітэктуры. У 1730 годзе ў прысутнасці дзясяткаў тысяч католікаў візантыйскага і лацінскага абраду, а таксама іншых вернікаў цудатворная ікона Маці Божай з Жыровіцкага манастыра была ўрачыста каранавана залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая абвешчана апякункай і заступніцай беларускага народа.

Званіца

У 1810—1828 годзе манастыр быў рэзідэнцыяй Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—1839 — Літоўскай уніяцкай епархіі. У 1839 годзе Іосіф Сямашка, з падтрымкай царскай улады і заступніцтвам самога імператара Мікалая I, перавёў частку манахаў Жыровіцкага манастыра ў праваслаўе, а ўпартых адправіў на выпраўленне ў спецыяльна прызначаныя для гэтых мэт манастыры, у тым ліку за межамі Беларусі.

Манастырскі корпус

Дзякуючы таму, што да верасня 1939 года Жыровічы не ўваходзілі ў склад СССР, манастыр ніколі не закрываўся. У міжваенны час манастырскі храм-кальварыя (царква Узвышэння Святога Крыжа) быў у карыстанні рыма-каталікоў.

У 1945 годзе ў Жыровіцкім манастыры былі адкрыты пастырскія курсы, якія ў 1947 годзе былі ператвораныя ў семінарыю. Але ж семінарыя праіснавала толькі да 1963 года.

У другой палове 1980-х — пачатку 1990-х гадоў пачалося адраджэнне манастыра.

У 1989 годзе, пасля 26-гадовага перапынку, аднавіла працу Мінская духоўная семінарыя.

У 1991 і 2002 годзе манастыр наведваў маскоўскі патрыярх Алексій II.

Цяпер манастыр прыцягвае да сябе шмат экскурсій.

Пострыг прыняў беларускі паэт Алег Бембель.