Жыткавіцкая нізіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Жыткавіцкая нізіна — геамарфалагічны раён у Беларусі размешчаны ў цэнтральнай частцы Палесся, ад вусця ракі Бобрык да зліцця рэк Морачы і Случы. З поўдня абмежавана далінай Прыпяці, а з поўначы Слуцка-Арэскай нізінай.

У морфаструктурным плане раён адпавядае Мікашэвіцка-Жыткавіцкаму выступу фундамента, прыўзнятаму да 104—117 м. Магутнасць антрапагенавых адкладаў 10-60 м. Увесь геамарфалагічны комплекс знаходзіцца ў адпаведнасці са структурна-тэктанічнымі асаблівасцямі тэрыторыі. Даліны выражаны ў рэльефе, з дыферэнцыяцыяй нізкага і высокага поймавых узроўняў. З памяншэннем шырыні далін павялічваецца глыбіня ўрэзу. Будова рэльефу сведчыць аб сучасных дадатных рухах і прымеркаванасці далін да адносна апушчаных участкаў. Максімальная вышыня тэрыторыі ў паўночнай частцы — 184 м. Сярэднія вышыні вагаюцца ў межах 140—150 м, паніжаючыся ў рачных далінах да 135 м. Глыбіня расчлянення 3-5,2 м/км², гушчыня не перавышае 0,2-0,3 км/км².

Аснову геамарфалагічнага раёна стварае слабаўзгорыстая водна-ледавіковая нізіна. Адносныя перавышэнні складаюць ад 1,5 да 3-5 м. Узгорыстасць абумоўлена нераўнамернай першаснай водна-ледавіковай акумуляцыяй і эолавай дзейнасцю. Разнастайныя эолавыя ўтварэнні нярэдка прымеркаваны да флексур асадкавай тоўшчы і разрыўных парушэнняў фундамента. На асобных участках развіты градава-бугрыстыя масівы з развяванымі пяскамі. Краявыя ледавіковыя формы рэльефу моцна размытыя, мала выражаны і прасочваюцца ізаляванымі ўчасткамі. У межах вадазбору возера Чырвонага выдзяляецца купалападобнае падняцце (45 м) з сістэмай субканцэнтрычных пясчаных град, абумоўленае наяўнасцю кольцавай структуры. Тэрыторыя, што акружае гэты масіў, уяўляе сабой забалочанае паніжэнне шырынёй 100—600 м.

Сучасныя тэхнагенныя працэсы звязаны са здабычай карысных выкапняў. Распрацоўка граніту адбываецца на Мікашэвіцкім кар’еры, глыбіня якога перавышае 100 м, памер у папярэчніку 1200 м.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)