Перайсці да зместу

Забарона беларускага друку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Забарона беларускага друку — забарона друку на беларускай мове лацінкай у 1859—1904 гадах у Расійскай імперыі. Агулам падобная аналагічнай забароне літоўскага друку і забароне ўкраінскага друку, але мела і пэўныя асаблівасці.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля эпохі татальнай мікалаеўскай цэнзуры, асабліва жорсткай у 1848—1855 гадах, надыйшоў вельмі кароткі адносна спрыяльны перыяд, калі ўзніклі спадзяванні на ажыўленне легальнага друку на беларускай мове, перадусім лацінкай, паколькі менавіта каталіцкая шляхта ў гэты час праяўляла найбольшую беларускамоўную актыўнасць, разлічваючы ўцягнуць шырокія масы беларускамоўнага сялянства ў культурную і цывілізацыйную арбіту Рэчы Паспалітай, пашырыўшы гэтым сваю сацыяльную базу. Гэты перыяд звязаны перадусім з імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За кароткі час ён апублікаваў у Мінску шэраг паэтычных кніг, пераважна польскамоўнага зместу: «Гапон» (1855), «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікавішся? Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Апрача польскамоўных твораў, у гэтыя зборнікі ўвайшлі таксама і буйныя беларускія творы: паэмы або вершаваныя аповесці і апавяданні «Гапон», «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчаўроўскія дажынкі», вершы «Павіншаванне войта Навума…», «Верш Навума Прыгаворкі…». У 1857 годзе Дунін-Марцінкевіч напісаў разгорнутую беларускую баладу «Травіца брат-сястрыца», цыкл вершаваных аповесцяў «Быліцы, расказы Навума», але галоўная аповесць цыкла — «Халімон на каранацыі» — не была прапушчана расійскай цэнзурай, і была надрукаваная толькі ў 1945—1946 гадах.

Вянцом спадзявання дэмакаратычна настроенай шляхты на развіццё беларускамоўнага і літоўскамоўнага друку было выданне Адамам Кіркорам кнігі «Въ память пребыванія государя императора Александра ІІ въ Вильнѣ, 6 и 7 сентября 1858 г.», якая мела характар «вернаподданага альбому», пакліканага ўсталяваць давер паміж новым імператарам і культурнымі актывістамі краю. У гэтай кнізе былі апублікаваныя і 2 прывітальныя вершы: на літоўскай мове, падпісаны «літоўскі селянін, ад імя сваіх братоў» (М. Акялайціс) і беларускамоўны верш Вінцэся Каратынскага «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела!»[1]. Аднак практычнага выніку гэтая спроба трывала легалізаваць культурную актыўнасць па-беларуску не мела.

Забарона беларускага перакладу «Пана Тадэвуша»

[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў 1859 годзе спроба Дуніна-Марцінкевіча апублікаваць 2 першыя «быліцы» яго перакладу на беларускую эпічнай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» сутыкнулася з жорсткім цэнзурным казусам. Кніга была папярэдне дазволеная цэнзурай і ўжо надрукавана віленскім выдаўцом Сыркіным, але ў выніку не дазволеная расійскімі ўладамі да выпуску ў продаж праз лацінскі шрыфт выдання, які быў як прэцэдэнт адразу забаронены Цэнзурным камітэтам для выданняў па-беларуску (афіцыйна — «беларускай гаворкай») ў Расійскай імперыі. Наклад «Пана Тадэвуша» быў знішчаны, захавалася толькі некалькі экзэмпляраў[2]. Таму Аляксандр Шлюбскі прапанаваў лічыць дату 1859 пачаткам афіцыйнай забароны друку на беларускай мове лацінкай[3], бо фактычна пасля гэтай даты на працягу амаль паўстагоддзя ніводнай кнігі па-беларуску так і не было надрукавана ў Расійскай імперыі. (Хаця іншыя даследчыкі прапаноўвалі іншыя даты пачатку забароны).

Хоць спецыяльнага імператарскага ўказу выключна па беларускай мове (падобнага да Валуеўскага цыркуляра[uk] 1863 года або Эмскага ўказа 1876 года для ўкраінскай мовы) не выдавалася, на практыцы Расійскія ўлады разглядалі выкарыстанне «лацінкі» як праяву «польскага ўплыву» і спробу адрыву беларускага насельніцтва ад агульнарасійскага культурнага поля. Уціск беларускага друкаванага слова праводзіўся на падставе разнастайных цыркуляраў, што былі выдадзены ў адносінах да іншых нацыянальных меншасцей у Імперыі. Беларускі даследчык А. Гапоненка прыводзіць цэлы шэраг урадавых пастаноў і цыркуляраў 1860-х гадоў, якія маглі на практыцы трактавацца як датычныя і беларускамоўных выданняў[4]. Ён лічыць найбольш пераканаўчым пункт погляду Н. Б. Мячкоўскай, якая сцвярджае, што ў строгім сэнсе «… у ХІХ стагоддзі не было ўрадавых забарон публікаваць увогуле што-небудзь на ўкраінскай і беларускай мове»[5]. Рэпрэсіі былі накіраваныя на змест публікацый, а ў яшчэ большай ступені — на шрыфт, а менавіта лацінку, якая лічылася польскім шрыфтfм. Тым не менш, паколькі сярод аўтараў «заходнерускага» ідэйнага кірунку, у адрозненне ад каталіцкіх пра-польскіх, у гэты перыяд не назіралася імкнення ствараць і публікаваць арыгінальныя тэксты (або пераклады) па-беларуску, фактычна гэта азначала поўную адсутнасць беларускамоўных публікацый.

Нелегальны друк

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўмовах жорсткай цэнзуры, нешматлікія беларускамоўныя выданні лацінкай друкаваліся або падпольна на тэрыторыі імперыі (як агітацыйная брашура «Гутарка старога дзеда» ў 1861 годзе або газета «Мужыцкая праўда» ў 1863 годзе) або за мяжой. Паражэнне паўстання 1863—1864 гадоў нанесла цяжкі ўдар як па магчымасці, так і па самой матывацыі рэвалюцыйных шляхецкіх колаў друкаваць нешта па-беларуску. Цікавасць да гэтай дзейнасці пачынае адраджацца толькі ў канцы 1880-х гадоў (брашура «Дзядзька Антон», 1887 год, Львоў). Асабліва важнымі для гісторыі беларускай літаратуры былі кнігі Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891, пад псеўданімам Мацей Бурачок) і «Смык беларускі» (Познань, 1894, пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава). Але маштаб выдавецкай дзейнасці па-беларуску не параўнальна малы з аналагічнай літоўска- і украінамоўнай. Гэтая справа заставалася ўдзелам надзвычай нешматлікага кола энтузіястаў і была для іх хутчэй дапаўненнем да іх польскіх патрыятычных праектаў, чым самадастатковай справай.

Скасаванне забароны (1904—1905 гады)

[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйна абмежаванні на нацыянальны друк у Расійскай імперыі былі знятыя пад ціскам паражэння ў Руска-японскай вайне і наступных рэвалюцыйных падзей:

  • 1904 год: Адмена забароны на лацінскі друк для літоўскай мовы (што пацягнула за сабой паслабленне цэнзуры і для беларускіх тэкстаў).
  • Маніфест 17 кастрычніка 1905 года: Прававое замацаванне свабоды друку і скасаванне папярэдняй цэнзуры ў Расійскай імперыі.
  • Адносная лібералізацыя грамадскага жыцця зрабіла магчымым выданне першых масавых беларускамоўных газет («Купала»), а затым і соцень кніг і брашур грамадска-палітычнага, мастацкага і даведачнага зместу. Аднак амаль татальная забарона на друкаванае беларускае слова на працягу 45 гадоў, у эпоху, калі ў большасці народаў Еўропы актыўна ішлі нацыятворчыя працэсы, нанесла фармаванню беларускай нацыянальнай свядомасці і беларускамоўнай творчасці, наступствы якой адчуваюцца дагэтуль. Малалікія энтузіясты беларускамоўнай культуры, большасць якіх разглядала яе як факультатыўны дадатак да польскай, не змаглі выпрацаваць адэкватных контр-захадаў — у адрозненне ад літоўцаў і, ў меншай ступені, украінцаў.
  1. ↑ Як імператар Аляксандр ІІ спрычыніўся да беларускага нацыянальнага праекта // Наша Ніва 28.04.2018
  2. ↑ Кісялёў Г., Махнач Т. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2.
  3. ↑ Шлюбскі А. Адносіны расійскага ўраду да беларускае мовы ў ХІХ cт. // Запіскі. Менск: Аддз. гуманітар. навук, 1928. Кн. 2, т. 1: Працы клясы філёлёгіі. С. 303—337.
  4. ↑ А. Гапоненка. Беларускае кнігадрукаванне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: характэрныя асаблівасці // Труды БГУ. Серия 4 (Издательское дело. Филология) № 1, 2018.
  5. ↑ Мечковская Н. Б. Белорусский язык: cоциолингвистические очерки. München: O. Sagner, 2003. с. 55-56.