Загадка пабудовы Мірскага замка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мірскі замак з паўднёвага боку

Загадка пабудовы Мірскага замка — шэраг адставін і акалічнасцей, якія падштурхнулі ўплывовага магната Юрыя Ільініча да пабудовы першага на тэрыторыі Беларусі прыватнаўласніцкага замка. Паколькі не захавалася пісьмовых крыніц пра час будаўніцтва замка, сярод навукоўцаў і даследчыкаў доўгі час заставалася спрэчным пытанне пра дату будаўніцтва Мірскага замка.

Абставіны пабудовы замка[правіць | правіць зыходнік]

" Татарскія спусташэнні, сваркі Забжазінскіх, Ільінічаў, Кішкаў, Глябовічаў і іншых літоўскіх магнатаў з гордым і магутным Міхаілам Глінскім, сваркі, якія прывялі да таго, што Забжазінскі быў пазбаўлены ваяводскай пасады, а Крыштоф Ільініч трапіў у турму, і яшчэ жахлівы лёс Яна Забжэзінскага, на якога Глінскі ўчыніў напад, замардаваў ва ўласным доме, — усё гэта, відаць, і натхніла Юрыя Ільініча пабудаваць у Міры крэпасць
"

Юрый Ільініч заклаў радавую рэзідэнцыю-замак, хутчэй за ўсё, у 20-х гг. XVI ст.

Зараз цяжка вызначыць, якімі матывамі кіраваўся магнат, прымаючы рашэнне аб стварэнні ўмацаванай рэзідэнцыі. Амаль усе даследчыкі гісторыі Мірскага замка пастаянна ставяць пытанне, што прымусіла далёка не самага багатага і не самага ўплывовага ўрадніка Вялікага Княства Літоўскага ўзяцца за маштабнае будаўніцтва. Інтрыгуе і той факт, што Ільініч распачаў грандыёзнае будаўніцтва на схіле свайго жыцця[1]. Акрамя таго, да XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім зусім не будавалася прыватных мураваных замкаў, і нават вельмі заможныя паны звычайна абыходзіліся драўлянымі ўмацаванымі дварамі, а ў выпадку сур'ёзнай небяспекі хаваліся за моцнымі мурамі вялікіх гарадоў. Усе тагачасныя мураваныя замкі былі велікакняжацкімі ці гарадскімі і мелі агульнадзяржаўнае значэнне[2].

Сярод навукоўцаў дагэтуль працягваюцца спрэчкі і пра прызначэнне Мірскага замка. Можна толькі здагадвацца, што непакоіла Ільініча больш: набегі крымчакоў, складаныя адносіны з суседзямі, уласная агрэсіўнасць ці імкненне праславіцца, атрымаць тытул графа Свяшчэннай Рымскай Імперыі[3]. Нагодай для будаўніцтва каменнага замка маглі паслужыць войны з Вялікім Княствам Маскоўскім, міжусобіцы, ці проста становішча маршалка надворнага літоўскага[4]. Пабудаваны замак быў насычаны разнастайнымі дэкаратыўнымі элементамі, час пабудовы прыпаў на адносна спакойны час, сам замак збудаваны практычна на раўніне, гэтыя факты прыводзяць даследчыкаў да высновы, што пабудова замка не была выклікана неабходнасцю абараняцца ад вонкавых ворагаў, а звязана выключна з меркаваннямі аўтарытэту, з жаданнем самасцвярджэння. Ініцыятар будаўніцтва — ўплывовы беларускі магнат Юрый Ільініч на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў вёў судовыя цяжбы за права ўладання Мірскімі маёнткамі, якія завяршылася ў карысць Ільінічаў толькі ў 1522 годзе, калі верагодна і пачалося ўзвядзенне Мірскага замка[5]. У гэтым годзе ў Літоўскай Метрыцы сам Ільініч называе Мір не замкам, а дваром[6]. К гэтаму часу Юрый Ільініч валодаў 40 маёнткамі, якія ўключалі каля 2000 двароў, таксама атрымліваў прыбыткі ад кіравання староствамі, асабліва прыбытковымі з якіх былі Берасцейскае і Ковенскае, а таксама замкамі[7]. Не выключаецца таксама, што з працяглых цяжбаў Юрый скарыстаўся вялізнай сумай грошай у 10 000 залатых дукатаў земскага падскарбія Абрама Езефавіча Рэбічковіча[8]. Аднак дальнабачнасць Юрыя Ільініча не дазволіла «зрабіць з замка проста цацку» — у выпадку патрэбы замак мог аказаць сур'ёзную абарону захопнікам[9].

Замак узводзіла насельніцтва Міршчыны і сяляне іншых з валадарстваў Юрыя Ільініча. Былі пабудаваны цагельні ў вёсках Пропашы і Бірбашы. Вапну дастаўлялі са Свержаня. У адно месца звозілася сотні кубаметраў палявога каменю, абчэсвалася, сартавалася па памеры і колеру[10].

Натурныя даследаванні пераканаўча сведчаць аб тым, што ў першапачатковым варыянце замак не быў дабудаваны. Відавочна, так і не ўбачылі свет абарончыя карпусы ўздоўж паўднёвай і ўсходняй сцен, незавершанай некаторы час заставалася паўночна-заходняя вежа. Яе верхнія паверхі былі дабудаваны пазней і з'явіліся ўжо часткаю пласта новай эпохі — Рэнесансу[11]. Тым не менш па меркаванні даследчыкаў, у той час на ўсёй тэрыторыі Беларусі як па памерах, дык і па велічыні не было нічога, што магло б параўнацца з Мірскім замкам[12].

Час будаўніцтва замка[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйна лічыцца, што замак быў пабудаваны на месцы драўлянай сядзібы. Замак ўпершыню згадваецца ў 1527 годзе ў Літоўскай метрыцы ў сувязі з граматай пра падзел валадарстваў паміж сынамі Юрыя Ільініча. Некаторыя асаблівасці архітэктуры Мірскага замка паказваюць на тое, што ён быў закладзены не раней 1510 года (згодна Ткачову замак быў пабудаваны ў 1506—1510 гадах[10], сустракаецца таксама дата будаўніцтва — канец 15—пачатак 16 ст.[13])

У літаратуры сустракаюцца і 15081510 гады як час будаўніцтва замка. Гэту дату прыводзіў у 30-я гады 20 стагоддзя і мясцовы гісторык-аматар А. Сняжко. Цяпер большасць гісторыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што ў самым канцы XV стагоддзя замка ў Міры яшчэ не было. Паводле велікакняжацкай граматы, атрыманай Ільінічам у 1495 годзе, сярод пералічанай маёмасці магната ў Міры замка яшчэ няма[14].

На абставіны пабудовы замка ў 20-ыя гады ўскосна ўказвае той факт, што ў 1524 годзе непадалёк ад Ваўкавыска быў заснаваны касцёл Святога Міхаіла, пластыка архітэктурных дэталей якога амаль аналагічная пластыцы замка. Прычына падабенства крыецца ў тым, што заснавальнік касцёла быў жанаты з пляменніцай Юрыя Ільініча, а сваякоў ядналі маёмасныя справы[15].

Важкім пацвярджэннем таго, што замак ў Міры быў закладзены не раней 1510-х гадоў, з'яўляюцца некаторыя з асаблівасцей яго архітэктуры. У дзвюх вежах — паўднёва-заходняй і паўночна-ўсходняй — пры вінтавых лесвіцах маюцца адмысловыя скляпенні, якія называюць «крышталёвымі». Такі тып скляпенняў з'явіўся ў Цэнтральнай Еўропе ў канцы XV стагоддзя, у краінах Балтыі — ў пачатку XVІ стагоддзя, а ў касцёле бернардзінцаў у Вільні — толькі каля 1513 года. Ад гэтага часу прыклады крышталёвых скляпенняў сустракаюцца па розных месцах Вялікага Княства Літоўскага[16].

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

Доўгі час лічылася, што замак быў пабудаваны ў канцы 15 ст., таму ў 1995 годзе нават было адсвяткавана 500-годдзе пабудовы замка. Гэтую дату вывеў у 30-я гады мінулага стагоддзя мясцовы гісторык-аматар А. Снежка. У Вільнюсе захавалася яго рукапісная манаграфія па Міры і ваколіцах. Аднак значная частка тэксту — адвольная перапрацоўка шматлікіх звестак як мясцовага паходжання, так і з друкаваных крыніц, і навуковая дакладнасць гэтых запісаў лічыцца даволі хісткай. Большасць сучасных даследчыкаў лічыць пачатак будаўніцтва замка пасля 1522 года[17].

Зноскі

  1. Інтрыга вакол 10 тысяч дукатаў. с.102
  2. Калнін В. В. Мірскі замак. с. 34
  3. Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 40
  4. МИР. Замок и местечко. Текст О. Новицкой
  5. Дмитрий Бубновский. История создания… с. 13
  6. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.71
  7. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 64
  8. Інтрыга вакол 10 тысяч дукатаў.
  9. Людмила Массакова. Сокровище мира. с.34
  10. а б Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 135
  11. Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 41
  12. Інтрыга вокол 10 тысяч дукатаў. с.116
  13. Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. с.7
  14. Калнин В. В. Мирский замок. с. 7
  15. Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова, с.49
  16. Калнін В. В. Мірскі замак. с. 38
  17. Калнін В. В. Мірскі замак. с.35

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Иодковский И. Замок в Мире // Древности. — М., 1915.
  • Трусов О. А., Чернявский И. М., Кравцевич А. К. Архетектурно-археологическое изучение Мирского замка и г. п. Мир // Советская археология. — 1984 — № 4.
  • Калнін В. В. Мірскі замак. — Мн., 2002.
  • Труды молодых специалистов полоцкого государственного университета. Основан в 2004 г. Выпуск 29. Гуманитарные науки: Литературоведение, Культурология, Лингвистика. Новополоцк. 2008. Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова (Представлено: канд. филол. наук С. М. Сороко)
  • Хілімонаў В. А. Мірскія былі: Гіст. нарыс. — Мн.: Полымя, 1990. — 53 с.: іл. ISBN 5—345—00128—6.
  • А. Я. Митятин. Замок в Мире. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата архитектуры. Белорусский политехнический институт им. И. В. Сталина
  • Калнин В. В. Мирский замок.— Мн.: Полымя, 1986.— 63 с., ил.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т.10).
  • Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р на. — Ми. Ураджай, 2000.—645 с.; іл. ISBN 985-04-0347-0.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой.— Мн.: Навука і тэхніка, 1991.— 171 с. ISBN 5-343-00615-9.
  • Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский = The castles of Mir and Nesvizh /К. Я. Шишигина-Потоцкая. — 2-е изд. — Барановичи: Баранов, укрупн. тип., 2003. — 48 с. ISBN 985-6676-35-5.
  • Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір.— Мн.: Навука і тэхніка, 1993. 85 с.: іл. ISBN 5-343-01107-1.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік/Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Л—Я / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — 464 с.: іл. ISBN 978-985-11 −0549-2.
  • Алег Трусаў. Археалагічнае вывучэнне Мірскага замка. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Інтрыга вакол 10 тысяч дукатаў. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Дмитрий Бубновский. «На скрыжаванні ўсіх шляхоў…» История создания мирского замка. Архитектура и строительство. № 2/2012. Март-Апрель 2012.
  • Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район / А. Т. Федорук. — Минск : Беларусь, 2013. — 174 с. : ил.— (Серия «Старинные усадьбы Беларуси»). ISBN 978-985-01-1006-0.
  • Калнін В. В. Мірскі замак = The Mir Castle/В. В. Калнін;пер. На англ. мову А. І. Казека. Мастак К. У. Хацяноўскі. — 2-ое выданне. Мн.:Беларусь, 2005. — 159 с.:іл. ISBN 985-01-0589-5
  • Бутэвіч А. І. Таямніцы Мірскага замка: Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам. Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. 128 с. ISBN 978-985-6994-61-9