Загароддзе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Загароддзе (2001)
Загароддзе (1977)

Загароддзе — прыўзнятая раўніна на паўднёвым захадзе Беларусі, фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся.

Размяшчаецца ў цэнтральнай і паўднёвай частках Брэсцкай вобласці. Мяжуе з Прыбужскай раўнінай, Прыпяцкім Палессем, Брэсцкім Палессем. Працягласць з захаду на ўсход 85 км, з поўначы на поўдзень 15—35 км. Плошча каля 2,2 тыс. км².

Найвышэйшы пункт 179 м (каля в. Кротава). Адносныя перавышэнні над прылеглай азёрна-алювіяльнай раўнінай на поўначы да 20—30 м.

У тэктанічных адносінах 3агароддзе знаходзіцца на Палескай седлавіне і ўтворана ледавіковымі і водна-ледавіковымі адкладамі беларускага, бярэзінскага і дняпроўскага ледавікоў. У паўночнай частцы вылучаюць краявы ледавіковы комплекс, у паўднёвай — паніжаную, пераважна водна-ледавіковую раўніну. Паверхня паўночнай часткі ўзгорыста-градавая, перасечаная, з абсалютнымі адзнакамі 140—170 м. Уздоўж правабярэжжа р. Ясельда працягнулася асіметрычная канцова-марэнная града (даўжыня 70 км, найбольшая шырыня да 20 км) напорнага паходжання, з адорвенямі даантрапагенавых парод у ледавіковых адкладах і гляцыядыслакацыямі на паўночных схілах. На поўдзень ад яе спадзістахвалістая і плоская водна-ледавіковая раўніна (найбольшая вышыня 140—155 м), уздоўж паўднёвай ускраіны якой пясчаныя дзюны, грады і ўзгоркі. Пашыраны пласкадонныя забалочаныя лагчыны.

Карысныя выкапні: керамічная сыравіна, мел, торф, сілікатныя і будаўнічыя пяскі.

Сярэдняя тэмпература студзеня -5,2, ліпеня 18,6 °С; ападкаў 573 мм; вегетацыйны перыяд 201 сут.

Раўніна з'яўляецца часткай Балтыйска-Чарнаморскага водападзелу. Уздоўж паўночнай і паўднёвай мяжы цякуць рэкі басейна Дняпра — Ясельда і Піна, на захадзе — прытокі Заходняга Буга. Па раўніне працякаюць невялікія, пераважна каналізаваныя, рэкі Стрымня, Самароўка, Піліпаўка, Мерачанка і інш.

Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-аглееныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 25% тэрыторыі. Лясы ў асноўным шыракаліста-хваёвыя і хваёвыя, засталіся невялікімі ўчасткамі. У заходняй частцы 3агароддзя захаваліся балоты і лугі. 30% тэрыторыі пад ворывам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Загароддзе // БЭ ў 18 т. Т. 6. Мн., 1998.