Загародскія гаворкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Загаро́дскія гаво́ркі (укр.: Загородські говірки) — тэрмін, якім акрэсліваюць берасцейска-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнай раўніны. Уведзены ў навуковы зварот дыялектолагам Фёдарам Клімчуком у 70-х гадах ХХ стагоддзя.

Асаблівасці гаворак паўднёва-заходняй Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

«Этнографическая карта белорусского племени» (праф. Я. Ф. Карскі, 1903)

Гаворкі паўднёва-заходняй Беларусі па фанетычных і лексічных характарыстыках набліжаюцца да суседніх валынска-палескіх гаворак украінскай мовы. На беларускіх дыялектных картах іх у асноўным вылучаюць у асобную палескую групу гаворак беларускай мовы[1], у той час як ва ўкраінскіх крыніцах іх часта называюць берасцейска-пінскімі гаворкамі ўкраінскай мовы (а іх носьбітаў адпаведна залічваюць да «ўкраінцаў Берасцейшчыны»[2]). Пры правядзенні перапісаў насельніцтва ў XIX—XX стагоддзях у Расійскай імперыі, міжваеннай Польшчы і СССР кожным разам выкарыстоўваліся іншыя падыходы да ідэнтыфікацыі заходніх палешукоў: у матэрыялах розных перапісаў яны фігуруюць як «малорусы», «белорусы», «русские», «тутэйшыя» і іншыя. Пад час перапісаў, якія праводзіліся ў другой палавіне XX ст., заходнія палешукі Берасцейшчыны ідэнтыфікаваліся пераважна як беларусы[3].

У палескіх гаворках зберагліся пэўныя архаічныя элементы. Вядомы ўкраінскі славіст Юрый Шавялёў так акрэсліў характар фарміравання палескай дыялектнай зоны: «Уласна з прычыны паступовага пашырэння „літоўскіх“, па сутнасці протабеларускіх рысаў і іннавацый, з аднаго боку, і кіева-падольска-галіцкіх, з другога, тэрыторыя Кіева-Палескага рэгіёна звужалася, і з поўдня і з поўначы адбывалася размыванне палескага ядра. Калі факт уваходжання ў протабеларускую мову на поўначы і ў протаўкраінскую мову на поўдні стаў відавочным, у асяродку палескіх гаворак узнік тэрмін-самаазначэнне „тутэйшыя“, гэта значыць тыя, што „тут“ спрадвеку і супраціўляюцца абодвум экспансіям — з поўначы і з поўдня»[4].

Сучасная зона пашырэння заходнепалескіх гаворак у Беларусі займае паўднёвую частку сучаснай Брэсцкай вобласці ўздоўж граніцы з Украінаю, акрамя паўднёвага ўсходу вобласці, прыкладна да Лунінца на ўсход і да Пружан на поўнач. На «Этнаграфічнай карце беларускага племені», складзенай праф. Я. Ф. Карскім у 1903 р., гаворкі на гэтай тэрыторыі не аднесеныя да беларускіх.

Характэрнае адрозненне вымаўлення ў заходнепалескіх гаворках ад астатніх рэгіёнаў Беларусі — «д» і «т» на месцы «дзь» і «ць»: «дэнь», «будэ (будыть)», «зять (зеть)», «ходыты» замест «дзень», «будзе», «зяць», «хадзіць».

Тэрытарыяльны падзел характэрнага вымаўлення ў Брэсцкай вобласці[правіць | правіць зыходнік]

Дыялекты беларускай мовы. Жоўтым колерам пазначаныя заходнепалескія гаворкі, чырвонай рысай — мяжа беларускіх гаворак паводле Я. Карскага

Паводле звестак беларускага філолага Ф. Клімчука[3] характэрныя асаблівасці вымаўлення падзеленыя прыблізна такім чынам.

Берасцюкі (сінонімы: пінчукі, загародцы, заходнія палешукі) насяляюць паўднёвую частку Брэсцкай вобласці, акрамя паўднёвага ўсходу. Гарады і пасёлкі гарадскага тыпу на гэтай тэрыторыі: Брэст, Пінск, Кобрын, Белаазёрск, Высокае, Драгічын, Жабінка, Янаў, Камянец, Столін, Антопаль, Дамачава, Лагішын, Рэчыца. Па адметнасцях гаворак сярод берасцейцаў вылучаюць асноўныя і перыферыйныя падгрупы. Асноўныя падгрупы — сярэднезагародцы, паўднёвазагародцы, паўночназагародцы і тараканцы. Перыферыйныя падгрупы — малечцы (Малецкі і Сігневіцкі сельсаветы Бярозаўскага раёна), паўночналагішынцы (некалькі вёсак на поўдні Івацэвіцкага і на поўначы Пінскага раёнаў), аброўцы (в. Аброва Івацэвіцкага раёна), сярэднепагарынцы (Столін і вакольныя вёскі), паўднёвацеляханцы (некалькі вёсак на поўдні Івацэвіцкага і на поўначы Пінскага раёнаў).

Прыклады характерных асаблівасцей мясцовых гаворак. Сярэднезагародскія гаворкі: «він (вын) будэ (будэть) ходыты (худыты) в ліс, дэнь, нэбо, вэсна, высна, камынь, сын, зеть». Паўднёвазагародскія гаворкі: «він будыть (будэ) ходыты (худыты) в ліс; дэнь, небо, весна, высна, камынь, сын, зеть». Паўночназагародскія гаворкі: «вун будэ ходыты в ліс; дэнь, нэбо, высна, вэсна, камень, сын, зять». Тараканскія гаворкі: «він будыть (будэ) ходэтэ в ліс; дань, набо, высна, камынь, сэн, зеть». Малецкія гаворкі: «вуон будэ ходыты в ліес; дэнь, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Паўночналагішынскія гаворкі: «вон будэ ходыты в лес; дзень, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Аброўская гаворка: «вон будэ ходіты в лес; день, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Сярэднепагарынскія гаворкі: «вон (вун) будэ ходіті в лес (ліс); дэнь, нэбо, камень, вэсна, сын, зять». Паўднёвацеляханскія гаворкі: «вэн будэ ходіті в лес; дэнь, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять».

Носьбітамі пераходных гаворак між берасцейска-пінскімі, з аднаго боку, і паўночнаберасцейскімі і ўсходнепалескімі з іншага боку, з'яўляюцца верхнеясельдцы, лунінцы, беражноўцы, бобрыкаўцы. Верхнеясельдцы насяляюць вярхоўі Ясельды каля гарадоў Бяроза і Пружаны. Характэрная гаворка: «вуон будэ ходзіці у ліес; дэнь, нэбо, камэнь, вэсна, сын, зять». Лунінцы насяляюць некалькі вёсак Лунінецкага сельсавета Лунінецкага раёна. Характэрная гаворка: «вын буде ходіті в ліс; день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Беражноўцы жывуць у некалькіх вёсках Столінскага раёна (Беражное, Альпень і інш.). Характэрная гаворка: «вон буде ходіті в лес; день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Бобрыкаўцы жывуць у некалькіх вёсках Бобрыкаўскага сельсавета Пінскага раёна. Характэрная гаворка: «вон буде хадіті ў лес: день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Носьбіты паўночнаберасцейскіх і ўсходнепалескіх гаворак насяляюць тэрыторыі, размешчаныя на поўнач і на ўсход ад арэала берасцюкоў-пінчукоў. Месты і мястэчкі: Лунінец, Давыд-Гарадок, Мікашэвічы, Целяханы, Шарашова. Характэрныя гаворкі: «вон (вэн) будзе ходзіці (ходзіць, хадзіці) у лес; дзень, небо, вэсна (васна, весна), камэнь (камень), сын, зяць».

Даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя даследчыкі — Фёдар Клімчук, Рыгор Аркушын, Юрый Громік, Лена Леванцэвіч і іншыя. Асаблівасці, а таксама культура носьбітаў вывучаецца Заходнепалескім навукова-краязнаўчым таварыствам «Загароддзе».

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі. Аўтар А. А. Крывіцкі. (Карта)
  2. Тарас Марусик. Українці Берестейщини: минуле і сучасне. «Радіо Свобода», 15 кастрычніка 2003 р.
  3. 3,0 3,1 Фёдор Климчук. Этническая структура населения Брестской области
  4. Шевельов Ю. Чому общерусский язык, а не вібчоруська мова? З проблем східнослов'янської глотогонії // Другий Міжнародний конгрес україністів: Доповіді і повідомлення. Мовознавство. Львів, 1993. С. 60. (цит. за [Г. А. Цыхун])

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Дыялекты беларускай мовы