Задунаўская слабада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Задунаўе)

Задунаўская слабада — археалагічны помнік Віцебска. Знаходзіцца левым беразе р. Віцьба, у месцы ўпадзення ў яе ручая Дуная, на ўсход ад Ніжняга і Узгорскага замкаў. Плошча каля 5 га. З’яўлялася пасадам феадальнага Віцебска XIV—XVII стагоддзяў. Паводле пісьмовых крыніц XVI—XVII стагоддзяў, падзялялася на паўночны (Кстоўская гара) і паўднёва-ўсходні (Задунаўе) участкі.

Навуковыя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Абследаваў у 1977 г. М. Л. Ткачоў, у 1980—81 гг. В. М. Ляўко правяла раскопкі на Кстоўскай гары і ў Задунаўі на агульнай плошчы 420 м². Культурны пласт на Кстоўскай гары 0,4—1,2 м, у Задунаўі — 1,5 м. Большасць знаходак (кераміка, вырабы з жалеза, шкла) адносіцца да XVI—XVII стагоддзяў. У раскопах выяўлены рэшткі жытлаў XIV—XV стагоддзяў з бытавымі рэчамі. Знаходкі па тэхналогіі апрацоўкі і вонкавым выглядзе адрозніваюцца ад матэрыялаў, выяўленых пры раскопках віцебскіх замкаў, і сведчаць аб самастойным развіцці гэтага паселішча. У пісьмовых крыніцах адзначана слабая заселенасць участка ў XVI—XVII стагоддзях, калі ён быў ужо гарадскім пасадам. Гэтыя ж крыніцы сведчаць аб наяўнасці на Кстоўскай гары курганнага некропаля — відаць, аднаго з месцаў пахавання гараджан. Цяпер культурны пласт у Задунаўскай слабадзе прасочваецца на абмежаваным участку, прыкладна ў 800 м². У шурфе № 1 (на рагу вуліц Даватара і праспекта Фрунзэ) на мацерыку выяўлены фрагмент драўлянай пабудовы XVII ст. са слядамі пажару.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ляўко, В. М. Задунаўская слабада / В. М. Ляўко // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 62-63.